Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правацэнтрысты пачалі збор подпісаў і ня будуць здымацца з выбараў


АГП, БХД і рух «За свабоду», якія вылучаюць на выбары ў Палату прадстаўнікоў 90 кандыдатаў, абвясьцілі пра пачатак збору подпісаў у Менску.

Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч зладзілі каля цэнтральнага ўваходу ў Батанічны сад супольны пікет, падчас якога расказалі журналістам і мінакам пра мэты свайго ўдзелу ў выбарах.

Акруговыя камісіі без апазыцыі

Палітыкі заявілі, што вынікі фармаваньня тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій сьведчыць пра тое, што чарговая выбарчая кампанія пройдзе ў Беларусі з парушэньнямі:

«Мы падалі дзясяткі заяваў ад імя нашых арганізацый — АГП, БХД і руху „За Свабоду“, апроч гэтага некаторыя нашыя прадстаўнікі вылучаліся зборам подпісаў, аднак вынікі вельмі несуцяшальныя. У руху „За Свабоду“ з 48 пададзеных прашэньняў здаволеныя толькі два — маем двух сяброў акруговых камісій па Віцебскай вобласьці, у АГП — толькі 1 прадстаўнік у Менску. Гэта значыць, што выкарыстоўваецца старая практыка, сэнс якой у тым, каб не ўключаць прадстаўнікоў незалежных арганізацый у склад выбарчых камісій», — сказаў намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі і Анатоль Лябедзька
Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі і Анатоль Лябедзька

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька спадзяецца, што хаця б на пэрыяд збору подпісаў і агітацыі спыніцца судовы канвэер, ахвярамі якога сталі апошнім часам дзясяткі актывістаў:

«Мы спадзяемся, што гэты паход у народ ня будзе суправаджацца пратаколамі і на нейкі час спыніцца судовы канвэер. Дагэтуль нават любая раздача друкаваных матэрыялаў суправаджалася складаньнем пратаколаў і судовымі працэсамі. Цяпер для нас ёсьць шанец, які і ёсьць адказам на пытаньне, чаму мы ідзем у гэтую кампанію. Менавіта для таго, каб выходзіць у цэнтар Менску і іншых гарадоў, размаўляць зь людзьмі і даносіць нашую пазытыўную альтэрнатыву. Мы бачым абсалютнае банкруцтва ўладаў, поўны эканамічны тупік. А тое, што прапаноўваюць сёньня правацэнтрысты ў выглядзе нашай эканамічнае альтэрнатывы, — гэта ёсьць шанец для Беларусі. Таксама мы плянуем падчас гэтай кампаніі сабраць доказы нелегітымнасьці гэтай кампаніі — тое, што яна праводзіцца не ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ».

Ужо можна казаць пра тое, што ЦВК ня здала экзамену на дэмакратычнасьць выбараў — выбарчыя камісіі сфармаваныя з парушэньнямі, лічыць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Ён сказаў, што правацэнтрысты будуць заклікаць міжнародныя арганізацыі, якія супрацоўнічаюць з афіцыйным Менскам, устрымацца ад фінансавай падтрымкі Беларусі да таго моманту, калі стануць вядомыя вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў:

«Мы ўжо сёньня заклікаем міжнародныя арганізацыі не рабіць далейшых крокаў насустрач афіцыйнаму Менску да правядзеньня выбараў 11 верасьня. І толькі з улікам іх вынікаў меркаваць, ці падтрымліваць далей беларускі рэжым. Асабліва гэта тычыцца фінансавай падтрымкі».

«Здымацца ня будзем»

Палітыкі патлумачылі, што кандыдаты правацэнтрысцкай кааліцыі ня будуць здымацца з выбараў, «каб не спрасьціць працу фальсыфікатарам выбараў»:

Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі і Анатоль Лябедзька
Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі і Анатоль Лябедзька

«Адсутнасьць моцных кандыдатаў у бюлетэні — гэта падарунак Ярмошынай і яе памагатым, якія фальсыфікуюць выбары. Гульня беларускіх уладаў застаецца нязьменнай — гэта прызначэньне так званай апазыцыі ў парлямэнт і выдача гэтага за дэмакратызацыю. Нам няважная прозьвішчы гэтых людзей, якія будуць выдавацца як апазыцыя. У нас шмат падстаўных партый — той жа Гайдукевіч з ЛДПБ. Толькі моцныя кандыдаты з прыцягненьнем назіральнікаў ад АБСЭ зможа зламаць сцэнар беларускіх уладаў і даказаць, што выбары сфальсыфікаваныя. Зьняцьце наадварот зробіць падарунак уладам — ня трэба будзе нічога фальсіфікаваць», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Сытуацыя, калі ў бюлетэні застаюцца толькі праўладныя кандыдаты, вельмі выгадная для ўладаў, кажа Юрась Губарэвіч:

«Мы не здымаемся, актыўна ўдзельнічаем ва ўсіх этапах, вылучаем людзей у акруговыя і ўчастковыя камісіі. У выпадку, калі людзі прыйдуць на ўчасткі і прагаласуюць за дэмакратычных кандыдатаў, улады будуць вымушаныя альбо прызнаць гэты факт, альбо пайсьці на фальсыфікацыі. Здымацца — гэта значыць спрашчаць працу фальсыфікатара».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG