Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com
Камэнтуе пошту апошніх двух тыдняў вядучы Валер Дранчук.
Удзельнікі:
Воля Дольная-Валошка
Вольга Вярба
Анэля Камбалава
Максім Багдановіч
Юры Малярэўскі
Тацяна Трухановіч
Рэтрапогляд на фатаконкурс «Мая Беларусь»
Пяць здымкаў ад вядучага
Вітаю сяброў і новых наведнікаў.
Закранаем выдавецкі складнік тэмы «Незалежнасьць — гэта...». Ёсьць тут рацыя і нагода — у вялікі пярэдадзень 500-годpmдзя беларускага кнігадрукаваньня й беларускай Бібліі (2017) заўдзячыцца сьвятлом фотакамэр нацыянальнаму кнігавыдавецтву. І пакуль у «дзень Незалежнасьці» ў цэнтры Менску грукочуцьць танкі, прыгадаем, што галоўны праспэкт беларускай сталіцы называўся імем нашага слыннага першадрукара Францішка Скарыны.
Кнігаўражаньні Волі Валошкі і ціхі стрэл Вольгі Вярбы «ў самае сэрца» сыстэмы адукацыі
Першай кнігавыдавецкі кампанэнт замаўляе Воля Валошка (Воля Дольная-Валошка), вядомая сюжэтамі ў Вянку памяці Нілу Гілевічу. «Ня раз цешылася, калі брала ў рукі добрую кнігу. І кніга была беларускай, — піша яна. — Сярод лепшых такіх кніг адкрывала для сябе энцыкляпэдыі і слоўнікі, зь якімі даводзілася працаваць, паглыбляцца ў сьвет беларушчыны. Такімі назаву найперш Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, энцыкляпэдыю „Этнаграфія Беларусі“, выданьні Божага слова ды шмат-шмат іншых, у якіх ёсьць праўда і веды, наш беларускі дух і родная мова. Мяркую, гэты сьвет і гэтае сьвятло вартыя фотакамэр! Дзялюся першымі „кнігаўражаньнямі“ ад „Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі“, том 2, 1994».
«Незалежнасьць — гэта... ляжаць на поплаве роднага ўлоньня і гартаць-чытаць-перачытваць старонкі Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі з «Пагоняй» на вокладцы... Можна сесьці ў фатэль каля язьміну і спаміж літараў, датаў і слоў асалодна ўдыхаць гаючы водар гісторыі і культуры радзімага краю... Апошні прамень маляўніча агорне старонку зь нечаканым сканам-малюнкам і словамі "НЯХАЙ ЖЫВЕ НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ!"— год 1922..."
Вакол выданьня, як сьведчыць аўтарка здымка, гуртаваліся прадстаўнікі БСДП. Яны ініцыявалі стварэньне блёку нацыянальных меншасьцяў, дзякуючы якому беларусам удалося правесьці ў польскі сэйм і сэнат 11 паслоў і трох сэнатараў.
З працягам тэмы праўдзівай і незалежнай гісторыі — наша аўтарка Вольга Вярба (гэты раз сваё прозьвішча яна небеспадстаўна зьмяніла на ваколічна-лірычнае). На яе фотаздымку свая «гісторыя» — знутры школы, дзе працуе сама і дзе асаблівы кшталт разгорнутых старонак, атмасфэрнасьць і першадакрананьне... Уважым гэты досьвед і права аўтара на «жорсткую» матывацыю:
«Незалежнасьць — гэта... вывучэньне гiсторыi Беларусi на роднай мове!»
Дзякуй, Вольга, у Вас атрымаўся добры ўрок і трапны матыватар: гэткі школьна-адукацыйны білінгвізм у поўнай сваёй праяве. Вашым здымкам я хачу праілюстраваць тую думку, якую ўжо выказваў, — калі я ня маю магчымасьці нешта зьмяніць, я магу зафіксаваць гэта на сваю камэру. І яшчэ — гэты ціхі стрэл «у самае сэрца» сыстэмы сёньняшняй адукацыі, няйнакш, каштаваў бы аўтару перасьледу па месцы яе пэдагагічнай працы, калі б Вольга назвалася сваім прозьвішчам, якое ўжо ведае наш чытач. Перасьцярога вельмі красамоўная, што да сёньняшняй сыстэмы выхаваньня.
На плошчы Свабоды ў Менску граў аркестар паветраных сілаў Амэрыкі
Новы ўдзельнік фатаконкурсу Анэля Камбалава:
«Незалежнасьць — гэта... джаз на плошчы Свабоды ў Менску... і Божая Маці з герба горада дабраслаўляе нас... а навокал прыгожыя твары з усьмешкамі і ніводнага знаёмага... і аркестар паветраных сілаў Амэрыкі вітае нас па-беларуску: «Добры вечар, менчукі!»
Выдатна, Анэля!.. Што скажаце пра сябе?
«Родам з Баранавічаў, я інжынэр-канструктар, — адказала на мой электронны запыт Анэля Камбалава. — Маю дыплём з „Пагоняй“! Працавала мэнэджарам у розных установах, пакуль мяне, мякка кажучы, не папрасілі ў 2011 за ўдзел у „акцыі“. З таго часу ў ТБМ, займаюся культурніцкімі праектамі. Радыё Свабода люблю даўно, чытаю штодня, лічу сваёй хатняй старонкай і ўдзельнічаю ва ўсіх вашых праектах... Гэта проста каб вы ведалі, што вашая праца патрэбная, дзякуй».
Фотамэтафары з пытаньнямі ад... Максіма Багдановіча
«Фатаграфія не зьяўляецца маёй прафэсійнай дзейнасьцю, але гэта адназначна маё сур’ёзнае захапленьне, — піша наш новы ўдзельнік, аўтар цікавых фотаздымкаў Максім Багдановіч. — Праз свае фатаграфіі я маю любоў да жыцьця і дасьледую рэчаіснасьць, знаходжу вечнае і задаю сабе новыя пытаньні». Максім напісаў таксама, што нарадзіўся ў Эстоніі, працаваў у Берасьці, а нядаўна пераехаў жыць у Менск. Выхоўвае сына.
Незалежнае «насупрацьстаяньне»
Чарговая пошта ад Тацяны Трухановіч зь Менску. Яна піша: «Беларусь называюць надзвычай талерантнай краінай ў пляне рэлігіі. Гэта так, шмат дзе можна бачыць недалёка, часам на адной вуліцы, каталіцкі касьцёл і праваслаўную царкву. Бывае, шукаеш кропку для кампазыцыі, каб два аб’екты прыгожа зьмясьціліся на адну фатаграфію, але аднойчы мне ўдалося гэта зрабіць у вёсцы Крэва, што ў Смаргонскім раёне. Месцамі ж сустракаеш і такое — помнік Леніну насупраць царквы ці касьцёла...»
«Незалежнасць — гэта... калі нешта несумяшчальнае, часам супрацьлеглае, можа мірна, не перашкаджаючы адно другому, існаваць побач».
Прысутнасьць у кадры лідэра БНФ робіць фатаграфію гістарычнай. Але захапляе і першы плян
Зь цікавым архіўным здымкам павіншуем новага ўдзельніка фотаконкурсу Юр’я Малярэўскага. І ня толькі таму, што ў ахоўным кальцы чарнобыльскай акцыі бачым лідэра БНФ Зянона Пазьняка (хоць як тут не аддаць належнае аўтару — дасканала выкананы акцэнт на гэтую шматзначную прысутнасьць робіць фатаграфію гістарычнай); прыцягвае ўвагу і першы плян здымка.
Я зьвязаўся з аўтарам, каб удакладніць прозьвішчы маладзёнаў, якія трымаюць абарону. «На жаль, на жаль... — напісаў Юры. — Даўно было, не прыпомню. А месца дзеі скажу дакладна — каля опэрнага тэатра». На тварах удзельнікаў — вымоўны, рашучы адказ рэжымнай хлусьні, воля да праўды, адчуваньне свайго Беларускага шляху. Мы бачым настрой менчукоў, дух так званай «вуліцы», якога асьцерагаецца наёмны сілавік і баіцца чужынец-захопнік. Не, гэта не натоўп, яскрава сьведчыць рэпартажны кадар... Тым часам фотаздымку роўна 20 гадоў.
Зьмяшчаем яшчэ адзін «вулічны момант» з фоталетапісу Юр’я Малярэўскага.
Вяртаньне ў 2007-ы: фотаконкурс Свабоды «Мая Беларусь» як кампанэнт незалежнасьці
Нарэшце, абяцаны мной рэтрапогляд на фотаконкурс Радыё Свабода «Мая Беларусь».
Ён прашумеў, быццам сьвежы цёплы дождж, як залева, і за 15 тыдняў вясны-лета 2007 выявіў небывалы водгук чытацка-радыйнай аўдыторыі — блізка паўтысячы фотаздымкаў. Дасылалі свае зачараваньні з мабільных тэлефонаў, мыльніц, старых і новенькіх Digital -камэраў...
Здымак атрымаў «прыз тыдня» і ўвайшоў у «дзясятку» лепшых.
Шчыра кажучы, я крышачку настальгую па сёньня, кожны здымак ды нечым мне дарагі. Як і сам аўтар. Гэта было вялікае сьвятло Беларусі, адкрыцьцё далячыняў, дарог, цікавостак-куткоў, абрысаў, зьяў, культавых збудаваньняў. А хіба толькі здымак! Аўтары прынялі хвалю Свабоды і дзяліліся пачуцьцямі да Айчыны, Бацькаўшчыны, дапаўняючы сучасныя адлюстраваньні сямейна-альбомнымі сканамі, дамашнімі рэліквіямі, гісторыямі і прызнаньнямі...
Сёньня ровар з нумарам на блотніку, як гэта бачым на здымку, — поўны рарытэт.
Падаецца, фотаконкурс «Мая Беларусь», калі параўноўваць зь сёньняшнім, быў добрым пачаткам фотавыяўленьня беларускай візуальнай прасторы сродкамі вольнадаступнай спаборнасьці, ганараваньня і заахвочаньня. Прыемна, што гэты пачатак мае працяг.
Гэтую гаражную сьцяну ў Нясьвіжы побач гарадзкога стадыёна можна бачыць і сёньня, калі кіруеш у Радзівілаўскі палацавы комплекс. Яна зьлева набярэжнае дамбы і ўезнае брамы. Хто ведае, магчыма, у блізкай будучыні той сьцёрты надпіс, паводле фатаграфіі, будзе адноўлены...
Пяць здымкаў ад вядучага, або Сындром прыкарытнай мэліярацыі
У 90-я гады кліматоляг прафэсар Уладзімер Логінаў сказаў мне прыкладна так: «Калі чалавек ня будзе ўмешвацца, а перачакае спакойна ўбаку, празь дзясяткі гадоў на месцы мэліяраваных і каналізаваных „аб’ектаў“ зноў пацякуць зьвілістыя маляўнічыя рэчкі».
Днямі я наведаўся ў стаўпецка-нясьвіскае Панямоньне, каб засьведчыць так званую «паўторную мэліярацыю» рэчкі Гавязьнянкі, што зазнала гвалт у 60-я і была цалкам каналізаваная, бадай, зьнішчаная. Аднак за паўстагодзьдзя ў асобных месцах яна паўстала, на берагі вярнулася біялягічная разнастайнасьць, прырода пачала ачуньваць, набіраць СВАЮ СІЛУ — дзякуючы бабрам, асталявалася вільгаць, паболела мокрых асаковых мясьцінак, у лузе заярчэў разназёл, аднавіўся белакапытнік, сям там рачулка нават запятляла. Усе гэтыя гады я назіраў і параўноўваў: неверагодна! — прагноз прафэсара пачаў збывацца...
Мая першая маленькая справаздача з месца гвалту і экалягічнага зьдзерства.
«Незалежнасьць — гэта... калі на тваім балоце ня сноўдаецца бульдозэр, і экскаватар ня пляжыць тваё асаковае ўрочышча, і вада з тваіх нетраў-нізінаў не спускаецца ў далёкае мора».
Спадарыня Яніна: «Яшчэ два гады таму тут стаяў драўляны вадзяны млын. Гэта быў помнік нашым дзядам і прадзедам. У два паверхі, такі прыгажун! Мы на яго маліліся, а калі пачалі разьбіраць, спрабавалі ратаваць, каб ня рушылі. Надта ж некаму спатрэбілася яго разабраць... А цяпер, во, другая ці трэцяя мэліярацыя, усё не ўтаймуюцца, муцяць нашу ваду».
Выбіраецца дно з рачным пяском, жвірам, водарасьцямі, бабровымі плацінамі і хаткамі, рыбай ды інш. Ачунялая рачулка зноў ператвараецца ў карыта і «аб’ект».
«Спрадвеку тут былі багатыя сенакосы. І гэтае месца звалі „урочышча Палясьня“, безь ніякай мэліярацыі людзі набіралі тут сотнямі вазы сена. Ехалі з-пад Стоўпцаў і з-пад Нясьвіжа, касілі і бралі» — пасьведчылі мясцовыя жыхары.
Я стаю сьпінай да Нёмана, нас разьдзяляюць лічаныя кілямэтры. Перада мной — наўзвоч — прадукт псэўдатэорый, д’ябальскай дэмагогіі і бюджэтных маніпуляцый. На двары «глябальнае пацяпленьне», зьбядненьне прыроднай разнастайнасьці, экалягічны ды эканамічны крызыс, наступствы Чарнобыля і хімічнай вайны... — і гэтае жудаснае карыта: бяжы, вада, у самае мора!
Сюды пакуль не дайшлі каналаачышчальнікі. Лёгка ўявіць, які фронт работы знайшлі тут сабе заўзятары прыкарытнай мэліярацыі.
Увагі
Наступны выпуск-агляд плянуем 16 ліпеня; каб патрапіць у наступную галерэю, дасылайце працы да серады 13 ліпеня ўлучна.
22 жніўня мы вымем з фотаскрыні нашага конкурсу апошнюю пошту, каб 25 жніўня падвесьці вынікі ІІ туру.
Згодна з рашэньнем журы, усе ўдзельнікі першага і другога тураў (статус удзельніка замацоўваецца за аўтарамі здымкаў, якія паказаны ў галерэі) атрымаюць заахвочвальныя прызы — кнігі з бібліятэкі Радыё Свабода. Хто не даслаў, дашліце свой паштовы адрас; хто дасылае, паклапаціцеся наперад. Загадзя ўдзячны.
Жадаю купальскага сьвятла і плённага лета!