Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.
Дракахруст: Падчас сваёй прамовы на Ўсебеларускім сходзе Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да ўрадоўцаў, загадаў: «Распранайцеся і працуйце да сёмага поту». На гэтую фразу амаль адразу ж адрэагаваў Байнэт, зладзіўшы іранічны флэш-моб — у сацыяльных сетках зьявіліся дзесяткі фатаздымкаў аголеных хлопцаў і дзяўчат у офісных інтэр’ерах.
Не сказаць, каб флэш-моб ахапіў шырокія народныя масы, у ім узялі ўдзел некалькі соцень чалавек. Але перапостаў і шэраў былі тысячы, у гульні ўзялі ўдзел некаторыя вядомыя грамадзкія дзеячы, пра тое напісалі ўсе айчынныя незалежныя СМІ, ды і СМІ суседніх краінаў таксама.
На мой погляд, падобныя кампаніі — індыкатар грамадзкіх настрояў у куды большай ступені, чым рэакцыя на сур’ёзныя прапановы і дзеяньні ўлады і апазыцыі.
Падобныя кампаніі — індыкатар грамадзкіх настрояў у куды большай ступені, чым рэакцыя на сур’ёзныя прапановы і дзеяньні ўлады і апазыцыі.
Але які індыкатар? Гэта, зразумела, сьцёб. Героі ролікаў не працуюць, а дэманструюць спакусьлівыя аголеныя целы. Абсалютна відавочны выразны сэксуальны падтэкст.
Зь іншага боку, флэш-моб падаваўся пад соўсам вонкавай ляяльнасьці, «бацька» загадаў — дык мы выконваем. Вельмі беларуская адвечная рэакцыя — не пярэчыць начальству, а пераінтэрпрэтаваць яго загады, зводзіць іх да абсурду, кшталту, а што — нешта іншае мелася на ўвазе?
Адзначыў бы два цікавыя моманты флэш-мобу. Адзін — ён стаўся паказьнікам цнатлівасьці беларусаў. Дзяўчаты ўдзельнічалі ў ім з задавальненьнем, але акрамя літаральна парачкі фотаў, ва ўсіх астатніх без нясьціплай дэманстрацыі. Пасьцябацца — так. Але досьвед украінскіх «фэмэнак», якія ператварылі дэманстрацыю сваіх бюстаў у палітычную філязофію — не для нашых краёў. Здавалася б, сьцябацца дык сьцябацца, што ў іх там такое, чаго нехта ня бачыў? Ну вось нешта. Не прынята, ня тая нацыя.
Флэш-моб прадэманстраваў цнатлівасьць беларусаў.
Ну, і другі момант — тое, што хлопцы пазіравалі распранутымі зь ня меншай ахвотай, чым дзяўчаты. Фэміністкі вакол публічнай дэманстрацыі аголенага жаночага цела стварылі цэлую глыбокую філязофію — гэта, маўляў, аб’ектывацыя, ператварэньне жанчыны ў аб’ект сэксуальнага спажываньня. Прыгожы, словам, канцэпт. Шкада, што ня мае дачыненьня да рэальнасьці, прынамсі беларускай, прынамсі ў гэтай канкрэтнай сытуацыі. Хлопцы гулялі ў гэтую гульню ня менш, калі ня больш актыўна, чым дзяўчаты. Функцыі памяняліся ці і заўжды былі іншымі, чым гэта ўяўляецца шаноўным змагаркам за жаночыя правы.
Але вяртаючыся да палітычнага зьместу флэш-мобу — што гэта было? Схаваны пратэст ці наадварот, прыняцьце айчынных палітычных рэаліяў? Ці іронія гараджанаў над сялянскім сацыяльным досьведам кіраўніка дзяржавы? Пры фізычнай, скажам, вясковай працы дык і сапраўды часам распрануцца варта і сёмы пот — гэта не алегорыя, для офіснага плянктону, так бы мовіць, які і зладзіў гэты флэш-моб — гэта далёкі сацыяльны досьвед.
Лукашэнка даў сьвядомы пас? Можа, ён разумеў, што будуць сьмяяцца, але сьмехам, які ёсьць прызнаньнем нязьменнасьці сыстэмы: «бацька» загадаў — мы выконваем.
Але так уяўляецца, што калі б даміноўным настроем у грамадзтве, ці нават у адпаведным коле, была нянавісьць да ўлады, палкае жаданьне яе зьмены, то наўрад ці атрымаў бы вялікую папулярнасьць такі ня зьдзеклівы, не саркастычны, а па-добраму іранічны флэш-моб.
Але зь іншага боку, калі б гэтая офісная моладзь шчыра верыла ў тое, што Лукашэнка выратуе, што Лукашэнка ведае шлях, то наўрад ці сьцябалася б над гэтай сапраўды сьмешнай і двухсэнсоўна фразай. У Расеі над Пуціным не іранізуюць, у яго альбо вераць, як у Бога, альбо ненавідзяць ад усёй душы. Ад таго і сьмех над ім, калі і мае месца — зьнішчальны.
Ну і, дарэчы, сам Лукашэнка. Ці гэта была такая моўная нехлямяжасьць, кшталту знакамітай «беларускі народ будзе жыць кепска, але нядоўга». А можа сьвядомы пас публіцы? Можа, ён разумеў, што будуць сьмяяцца, але сьмехам, які ёсьць прызнаньнем нязьменнасьці сыстэмы: «бацька» загадаў — мы выконваем.
Цыганкоў: Калі некаторыя пачалі тлумачыць гэты нявінны флэш-моб нейкімі ідэйнымі прычынамі — «сьмехам з дыктатуры», «першаснай формай пратэсту», «дыктатуры паміраюць, калі зь іх пачынаюць сьмяяцца» — то ў мяне гэта натуральна пачало выклікаць усё большае раздражненьне.
Прыкольна, весела. Мне ўвогуле здаецца, што ў нас і без усялякіх прычынаў многія людзі мараць публічна распрануцца, а тут акурат для гэтага зьявілася нібыта ідэйная нагода — масавы флэш-моб. Пасьцябаліся дый годзе. Узбагацілі сваё сумнае офіснае існаваньне яркім эпізодам.
На Захадзе вось ужо колькі гадоў існуе флэш-моб «у мэтро без штаноў». Гэта што — пратэст супраць «зьвярынага капіталізму», барацьба за вызваленьне чалавека ад прыгнёту спажывецкага грамадзтва? Не, гэта проста флэш-моб, безыдэйны і фактычна бессэнсоўны.
Як і наш, з распрананьнем.
Знайшлі дасягненьне: «зь яго ўжо сьмяюцца»! З Лукашэнкі даўно сьмяюцца, 22 гады. Хто-небудзь бачыць, што ўлада ад гэтага пахіснулася і гатовая паваліцца — засталося распавесьці толькі яшчэ адзін анэкдот? І дарэчы, тады, у 90-я, гэта была сапраўды яркая, жорсткая сатыра альбо рэзкі, трапны гумар — ці то ананімная паэма «Лука Мудзішчаў», ці фільм Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт», альбо вострыя карыкатуры ў газэце «Імя».
Ад такога сьмеху «дыктатуры» не слабеюць, яны ачалавечваюцца.
А цяперашнія фоткі з распрананьнем — вяршыня адвагі і вынаходніцтва, прабачце, офіснага плянктону. Паглядзеў бы я на гэтых сьмельчакоў, калі б да іх у офіс уварвалася міліцыя і затрымала, ну, напрыклад, «за антыграмадзкія паводзіны». Ці працягнулі б яны свой «прыкольны сьцёб»?
Ад такога сьмеху «дыктатуры» не слабеюць, яны ачалавечваюцца.
Калі так хочацца праявіць сваю творчую энэргію, зрабіце флэш-моб, напрыклад, у абарону Джона Сільвэра — Эдуарда Пальчыса. Можаце прыйсьці хоць голымі, хоць апранутымі — я ў любым выпадку прасякнуся да вас павагай.
Карбалевіч: Найперш, пра самую фразу Лукашэнкі. Яна вельмі паказальная ў тым сэнсе, што паказвае не да канца ўсьвядомленыя, можа падсьвядомыя ўяўленьні кіраўніка Беларусі пра сьвет. Ён зьвяртаецца да свайго электарату, які яго добра разумее. Гэта людзі індустрыяльнай ці нават яшчэ даіндустрыяльнай эпохі, для іх праца — гэта фізычная праца. А для такой працы патрэбна менавіта распранацца, каб не было душна.
Лукашэнка па ладу жыцьця застаўся селянінам. Гэта яго натуральны вобраз, стыль, сьветапогляд.
Па ТБ пэрыядычна паказваюць, як Лукашэнка косіць траву на сваім участку ў Драздах ці выбірае бульбу альбо кавуны. То бок па ладу жыцьця ён застаўся селянінам. Гэта яго натуральны вобраз, стыль, сьветапогляд. Для такой працы сапраўды трэба распранацца. І таму вельмі зразумелы такі сюжэт. Лукашэнка ў дакладзе на Ўсебеларускім народным сходзе шмат увагі надаў аднаму з прыярытэтаў — інфарматызацыі. Але, гаворачы аб задачах у адукацыі, адарваўшыся ад паперы, ён патрабаваў, каб у школе дзяцей вучылі як касіць, калоць дровы, закручваць лямпачку, а дзяўчынак — прышываць гузікі. Вось і ўся інфарматызацыі. Таму ня дзіўна, што інтэрнэт ён называе не інакш, як «памыйка».
І вось якраз новаму пакаленьню, якое працуе на кампутары, гэтыя вобразы незразумелыя. Адсюль і такая рэакцыя, такі сьцёб. Мы проста ў чыстым выглядзе назіраем тут мэнтальны разрыў пакаленьняў, якія на ўзроўні рыторыкі не разумеюць адно аднаго.
А тое, што менавіта такая рэакцыя, дык новае пакаленьне даўно перайшло да палітычнай актыўнасьць ў сацыяльных сетках. Вырасла цэлая генэрацыя беларусаў, якая іншых формаў актыўнасьці проста ня ведае.