Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзень да суду прадпрымальніца скочыла з акна восьмага паверху


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

55-гадовая Тацяна Дубанава загінула, выскачыўшы з акна шматпавярховага будынка за дзень да суду. Старшыня «Пэрспэктывы» выказвае меркаваньне, што яе маглі давесьці да самазабойства.

А 4 раніцы 21 чэрвеня 55-гадовая гомельская прадпрымальніца Тацяна Дубанава выскачыла з акна 8 паверха і разьбілася насьмерць. На наступны прадпрымальніцу павінны былі судзіць.

«Два тыдні таму яна ехала гандляваць у Чачэрск. Па дарозе яе спыніла ДАІ, — пераказвае Анатоль Шумчанка. — Выявілася, што ў яе ў накладной не была пазначаная дата разгрузкі. Калі яна адразу ж упісала дату, ДАІ сказала, што іх гэта не хвалюе, і выклікала АБЭЗ. Тыя завезьлі яе ў аддзяленьне, прыехала падатковая, яе больш за тры гадзіны мучылі, складалі пратаколы. Натуральна, тавар увесь забралі, выклікалі ў падатковую. Потым яна паехала на гандаль у Буда-Кашалёў, каб „адбіваць“ штрафы, дваццаць сукенак везла. І як знарок прыйшлі дзьве жанчыны, сфатаграфавалі яе пункт, і яе выклікалі ў падатковую — маўляў, якое права вы маеце гандляваць.

Пасьля гэтага яна пачала ўсяго баяцца, стала казаць, што там купляла валюту, там збудавала кватэру, цяпер пра гэта пачнуць пытаць... Потым пачала падскокваць, калі праяжджалі машыны. Апошнія дні зь яе размоваў зь сяброўкамі я так зразумеў, што яна ўсё для сябе вырашыла, разьвітвалася ўжо зь імі.

Заўтра меў быць суд. У яе ўсе думкі былі толькі пра гэта. Казала, што вельмі баіцца таго, што зь ёй зробяць, вельмі накруціла сябе. Казала, што зь ёй вельмі нахабна размаўлялі ў падатковай: казалі, што дадуць ёй тое і тое... Усе ведалі, што была нармальным чалавекам, сумленным, заўсёды старалася нічога не парушаць. Яе давялі ўсімі гэтымі праверкамі, аблавамі. Гэта сто адсоткаў».

У час, на які было прызначанае паседжаньне па справе Дубанавай, сяброўкі прадпрымальніцы зьбіраюцца прынесьці вянкі да будынка суду. Час і месца пахаваньня пакуль невядомае. Сьледчы камітэт прызначыў шэраг экспертызаў, праводзяцца сьледчыя дзеяньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG