Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі горад Дніпро і беларускі горад Шміт. Яшчэ пра дэкамунізацыю назваў


Украінскі горад Дніпро і беларускі горад Шміт. Яшчэ пра дэкамунізацыю назваў

Украінскія законы аб дэкамунізацыі публічнай прасторы прывялі да пераназваньня 988 абʼектаў, або 3% ўсіх назваў, у тым ліку назваў 76-ці гарадоў і паселішчаў гарадзкога тыпу.

Гэта незьлічоныя вёскі, мястэчкі й гарады з запамінальнымі назвамі — усялякія Ленінскія, Ульянаўкі, Камінтэрны, Ударныя, Калініны, Шчорсы, Дзяржынкі-Мянжынкі, Выдвіжэнцы, Чырвоны Плугатар ды нават Чырвоная Грэбля. Найбольшая канцэнтрацыя такога — у Данецкай вобласьці. Вырашалі мясцовыя самакіраваньні, беручы пад увагу прапановы экспэртаў-тапанімістаў. Недзе аднаўлялі гісторыю, недзе стваралі новае.

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Рубрыка на Радыё Свабода прысьвечаная беларускай мове і культуры. Думайце па-беларуску! Слухаць на Soundcloud

Назвы многіх прыкметных гарадоў пайшлі лёгка. Радзіма Леаніда Брэжнева і Дзьмітра Яраша Днепрадзяржынск ізноў стаў Каменскім, АрцёмаўскБахмутам, Ільічоўск каля Адэсы — Чарнаморскам.

Але найважнейшай праблемай аказаліся імёны буйных гарадоў — абласных цэнтраў: гэта мільённы былы Днепрапятроўск і немалы горад — пакуль што яшчэ Кіраваград.

У рэгіёне, калісьці званым Дзікім Полем, тапонімы часта стваралі або расейскія імпэрскія ўлады, або ўжо ўлады бальшавіцкія. Часам украінскім спэцыялістам не было як спасылацца на імя даакупацыйнай эпохі.

У былога ўжо Днепрапятроўску складаная ўрбаністычная гісторыя. На яго месцы было некалькі паселішчаў: летапісны Перасічань, фартэцыя Рэчы Паспалітай Кадак. Калі ў часы Расейскай імпэрыі было заснаванае новае места, яго назвалі Екацярынаслаў у гонар вядома каго. Пабыло яно нават Новарасійскам (ня тым). Украінская Народная Рэспубліка прапанавала новы, але ўтвораны традыцыйна, тапонім — Січаслаў, у гонар Запароскай Сечы на Дняпры. А бальшавікі адкідвалі і царскія, і ўкраінскія імёны гарадоў. Так атрымаўся Краснадняпроўск, а з 1926 г. Днепрапятроўск. У гонар аднаго з арганізатараў Галадамору ўкраінскага народу Грыгорыя Пятроўскага.

Пракамуністычныя сілы адчайна баранілі (і бароняць!) сваю назву. Яна, маўляў, цяпер зьвязаная ўжо са сьвятым Пятром. Гарадзкая грамада так і не прыняла канчатковага рашэньня. На людзкой інэрцыі ды няведаньні лёгка спэкуляваць. Таму ўрэшце вырашыла сама Вярхоўная Рада Ўкраіны: горад з 21 траўня мае называцца Дніпро. Пагатоў у жывым маўленьні яго менавіта так і называюць па-ўкраінску.

Па-расейску кажуць "Днепр". Але дырэктар адказнага за дэкамунізацыю ўкраінскага Інстытуту нацыянальнае памяці ўжо заявіў, што і па-расейску горад мае звацца Днипро. Правільна. Ва Ўкраіне адна дзяржаўная мова, зь яе назвы і павінны трансьлітаравацца на іншыя мовы. У беларускай мове таксама не павінна быць праблемы. Рака — Дняпро, бо яна і наша, і маем ёй уласную назву. А горад завем інакш: Дніпро. Хаця даўнейшыя ўкраінскія тапонімы мы з старажытных часоў ужываем па-беларуску. Кіеў, Львоў, Чарнігаў ці нават Чарнегаў.

У справе дэкамунізацыі тапаніміі нам будзе трохі лягчэй за ўкраінцаў: у нас назвы ўсіх вялікіх гарадоў вельмі старажытныя і яны зьберагліся (іншая рэч, што імёны Менску, Горадні і Берасьця скажоныя іншамоўнымі матрыцамі).

Цікава, што ў савецкай гісторыі павісеў-такі меч перайменаваньня над нашым горадам на Дняпры. Хаця яго імя нават апетае у хрэстаматыйнай клясычнай паэме "Магіла льва" — пра трагедыю разбойніка Машэкі.

Яго высокую магілу -

Дзе лес ды вецер панаваў, -

Знаць, што вялікую меў сілу,

"Магілай Льва" народ назваў.

Над ёю з часам дрэвы палі,

І горад вырас, як з зямлі,

Яго Магілевам назвалі,

Бо йнакш прыдумаць не маглі.

…Гэта Купала так наіўна думаў, што не маглі. Мясцовыя савецкія карʼерысты спрабавалі выслужыцца і перайменаваць горад у 1924 годзе, адразу пасьля сьмерці Леніна. Як кажуць гісторыкі Ільля Куркоў і Ігар Пушкін, правабярэжную частку прапаноўвалі назваць Уладзімір-Ільінскі, а левы бераг, прадмесьце Лупалава, перайменаваць у Леніна. Але акурат тады Магілёў далучалі да БССР, і за трывожнымі для сябе клопатамі тутэйшая кампартыйная тусоўка забылася на ідэю.

А ў 1930-я гады над Магілёвам навісла больш сурʼёзная небясьпека тапанімічнага зьнішчэньня. З Магілёва родам Ота Шміт, савецкі астраном і геафізык, кіраўнік так званай Чалюскінскай паўночнай экспэдыцыі (пад прыкрыцьцём якой, магчыма, перавозілі вязьняў ГУЛАГу, і ў кожным разе свае задачы вырашаў НКВД). Калі Шміта ўрачыста сустракалі на вакзале ў Менску, праславуты Андрэй Александровіч, афіцыёзны камуністычны паэт і ўкладальнік русыфікатарскага слоўніка беларускае мовы, прачытаў верш са словамі "Хай будзе слаўны горад Шміт!" Верш апублікавала "Звязда", працоўныя слалі лісты падтрымкі. Але ці то не хапіла Шміту заслуг перад Сталінам, ці то прозьвішча было надта нямецкае. Да перайменаваньня нейкім дзівам не дайшло. А то жылі б у нас цяпер над Дняпром шміцяне.

А вось менскаму парку Чалюскінцаў трэба вярнуць адно з гістарычных імёнаў. Або архаічнае — лес Воўчы Хвост, або з эпохі клясыцызму — Ваньковічаў лес, бо ў ім была сядзіба нашага выдатнага мастака Валента Ваньковіча.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG