Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што не дамовіліся прэзыдэнты Беларусі і Расеі?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Дракахруст: Вынікі сустрэчы выглядаюць даволі сьціплымі і хутчэй нэгатыўнымі. І неадпаведнымі, так бы мовіць, «замаху». Кіраўнікі Беларусі і Расеі апошні раз сустракаліся зусім нядаўна, на саміце Эўразійскага саюзу ў Астане. Новая сустрэча праз такі кароткі прамежак часу — відаць, для нечага важнага, тэрміновага.

Другі момант — антураж. Сустрэчу прымеркавалі да форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Рабочай сустрэчы, так выглядае, больш адпавядаў бы і рабочы фармат, нейкае чарговае пасяджэньне вышэйшай рады саюзнай дзяржавы. А тут склікалі ўрачыстую масоўку — дык, відаць, ізноў жа для прамаўленьня нейкіх важных рэчаў.

Ну і нарэшце трэцяе — публічныя, крыху камічныя, прызнаньні Лукашэнкі і Пуціна, што кепска спалі напярэдадні ўчорашняй сустрэчы. Дзеля нечага гэта ж гаварылася.

Ну і які вынік? Напярэдадні сустрэчы анансавалася, што размова на ёй пойдзе аб газавым канфлікце, які цягнецца ўжо некалькі месяцаў, цана якога, па разьліках Газпрому — ўжо пара соцень мільёнаў даляраў. Грошы не фантастычныя, але і не маленькія, апошняя газавая вайна ў 2010 годзе, з адключэньнем паставак газу, была за меншыя грошы.

Сэнс заявы палягае ў тым, што кіраўнікі Беларусі і Расеі ў Менску да згоды не прыйшлі.

У выніку прэзыдэнты пагадзіліся, што пытаньне павінныя вырашаць іх падначаленыя. Дык яны ўжо пару месяцаў вырашалі і ніяк не вырашылі. Але сэнс заявы палягае ў тым, што кіраўнікі Беларусі і Расеі ў Менску да згоды не прыйшлі, вырашэньня праблемы не знайшлі.

У сваіх выступах на форуме кіраўнікі гаварылі добрыя словы наконт дружбы двух народаў і посьпехаў інтэграцыі. Але калі казаць пра практычны бок, то ў абодвух выступах гучала незавуаляваная крытыка партнэра па саюзе.

Пуцін папракаў Беларусь тым, што яна замест таго, каб прадаваць у Расею ўласную сельскагаспадарчую прадукцыю, злоўжывае транзытам падсанкцыйных тавараў з ЭЗ і Турэччыны, з пункту гледжаньня літары расейскага заканадаўства займаецца кантрабандай. Прэзыдэнт Расеі нават крышачку прыгразіў, што калі гэтая практыка будзе працягвацца, ў беларускіх аграрыяў могуць узьнікнуць праблемы з пастаўкай уласнай прадукцыі ў Расею.

Каму адрасаваныя гэтыя папрокі — няцяжка здагадацца. Вэрсія пра тое, што Лукашэнка той транзыт харчоў з Эўропы рашуча забараняе, а нейкія цёмныя дзялкі ім усё ж займаюцца — казка, ў якую Пуцін наўрад ці верыць.

Пераважна гучалі папрокі.

Але і Аляксандар Лукашэнка не застаўся ў даўгу. Яго прамова была больш красамоўнай, гаварылася нават пра беларусаў, як пра «меншых братоў» расейцаў. Але ізноў жа, калі па сутнасьці — то пераважна гучалі папрокі. Эканамічны саюз стварылі, а абмежаваньняў, бар’ераў, выняткаў з правілаў застаецца шмат. У Астане на саміце Эўразійскага саюзу Лукашэнка казаў пра гэта больш рэзка, ў Менску, ў статусе гаспадара сустрэчы — больш лагодна, але недвухсэнсоўна.

Зразумела, мы ня ведаем, пра што гаварылася за зачыненымі дзьвярыма падчас асабістай сустрэчы, ці гаварылася наконт праблемаў бясьпекі, напрыклад, пра канцэнтрацыю расейскіх войскаў на мяжы з Беларусьсю, наконт далікатнай тэмы нармалізацыі стасункаў Беларусі і ЭЗ, якая ўспрымаецца ў Маскве даволі хваравіта.

Але мяркую, што калі па гэтых пытаньнях была дасягнутая нейкая гучная згода, то Пуцін не адмовіў бы сябе ў задавальненьні пра гэта публічна паведаміць.
А так, так выглядае, кожны застаўся пры сваіх.

Глод: Я, Юры, паслухаў вас, пачытаў рэпартаж з Менску Андрэя Калесьнікава і заўважыў: ад вялікага замаху — мала толку. А вось жартаў было шмат. Таму, калі адказваць на пытаньне пра вынікі ўчорашняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў той жа танальнасьці, то скажу так: яе вынік — папаўненьне гардэробу расейскага прэзыдэнта. Я маю на ўвазе вышыванку, якую падараваў Лукашэнка Пуціну.

Слова «жартаўліва», мне падаецца, тут да места. Бо яго скарыстаў і прэсавы сакратар кіраўніка Расеі Дзьмітры Пяскоў, які ў размове з РБК назваў рэзанансную заяву Лукашэнкі пра бананы жартам. Пяскоў сказаў, што Пуцін не ўхваліў ідэю Лукашэнкі падтрымліваць беларускіх аграрыяў з тым, каб яны экспартавалі ў Расею бананы. Тое, што Пуцін нібыта падтрымаў гэтую ідэю, Пяскоў патлумачыў так: «Гэта быў жарт на жарт».

Для тых, хто ня ведае, ў якім кантэксьце зьявілася размова пра бананы, нагадаю, што прэзыдэнт Расеі ў сваім выступе адзначыў: палова экспартнай прадукцыі Беларусі ідзе на расейскі рынак, «але, можа быць, яшчэ больш». І дадаў: «Мы хочам мець беларускую прадукцыю, а не тую, што транзытам праходзіць». Гэты намёк празрысты — паводле дадзеных маскоўскага Цэнтру міжнароднага гандлю, сёлета Беларусь завезла ў Расею амаль удвая болей санкцыйных прадуктаў параўнальна з тым жа пэрыядам мінулага году.

Пасьля нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў харчы становяцца трэцім па значнасьці экспартным кірункам Беларусі.

Прадуктовая тэма, мне падаецца, была ня толькі жартаўлівай, але і вельмі важнай для беларускіх уладаў. Абрушэньне коштаў на нафту, падзеньне коштаў на калійныя ўгнаеньні падкошвае валютны прыбытак краіны. І менавіта экспарт харчоў, найперш, у Расею можа становішча неяк выправіць. Пасьля нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў харчы становяцца трэцім па значнасьці экспартным кірункам Беларусі.
Але вядома, што Лукашэнка з Пуціным не дамовіліся пра зьніжкі для Беларусі на газ.

Ну, а калі ацэньваць вынікі сустрэчы двух кіраўнікоў у цэлым, то, на мой погляд, яна нічога новага не дадала. Ніяк не назавеш навацыяй заклікі Лукашэнкі, якія гучаць на кожнай такой сустрэчы. Вось і ўчора ён заявіў:
«Замест таго, каб аб’яднаць намаганьні ва ўмовах крызісу, мы выжываем па адзіночцы. Навошта? Прэзыдэнт Расеі ў аснову таксама паставіў менавіта гэтае пытаньне. Давайце ў гэтых умовах будзем разам».

Колькі ж ужо разоў чулі мы гэтыя заклікі — жыць разам, жыць дружна! Але калі іх увесь час паўтараюць, значыць так не атрымліваецца. І я думаю, пры гэтых кіраўніках не атрымаецца ніколі.

Каліноўскі: Нейкіх асаблівых прарываў не было, пра цану на газ не дамовіліся, пра авіябазу не дамовіліся, пра другі транш крэдыту не дамовіліся. Усё выглядала на рытуал, запэўніваньні ў сяброўстве і ўсякае такое на фоне яўнай незадаволенасьці бакоў адзін адным. Але ніхто першы на абвастрэньне ісьці ня хоча.

Тым не менш можна адзначыць цікавасьць расейцаў да беларускай прадукцыі.
Спад у беларускай апрацоўчай прамысловасьці за 4 месяцы прыпыніўся, як паведамляюць прамыслоўцы, пачалася ажыўленьне расейскага рынку. Гэта адбываецца таму, што імпартныя машыны і абсталяваньне, у якіх маюць патрэбу расейцы, цяпер ім недаступныя з-за санкцыяў, і яны пераключаюцца на прадукцыю беларускай прамысловасьці.

Нездарма мэр Масквы Сяргей Сабянін зьвярнуў увагу на беларускую камунальную тэхніку, на якую яшчэ два гады таму нават не паглядзеў бы — цяпер яму няма з чаго выбіраць.

Беларускія тавары па сваёй якасьці пакуль яшчэ пераўзыходзяць кітайскія аналягі, а па цане зраўняліся з імі.

Тое ж самае тычыцца расейскіх лесанарыхтоўшчыкаў, нафтавікоў, будаўнікоў. Ім няма чаго купляць, і тут Лукашэнка са сваёй прапановай можа забясьпечыць прарыў на расейскі рынак, прычым з боку расейскіх пакупнікоў маецца ўзаемная зацікаўленасьць. Беларускія тавары па сваёй якасьці пакуль яшчэ пераўзыходзяць кітайскія аналягі, а па цане зраўняліся з імі. Да таго ж беларускія прадпрыемствы маюць у Расеі сэрвісныя цэнтры. Хоць рэалізацыя беларускай тэхнікі ў Расеі падае, доля беларускай тэхнікі на гэтым рынку расьце.

Адсюль і размовы Лукашэнкі пра тое, што беларускія тавары не могуць свабодна трапіць на мытную тэрыторыю Расеі — маецца на ўвазе і утылізацыйны збор, і тое, што сэртыфікаты якасьці, выдадзеныя ў Беларусі, не прызнаюцца ў Расеі. Мэта Лукашэнкі — нават ня столькі дамагчыся зьніжкі на газ, колькі забясьпечыць стабільную працу прамысловасьці, спад у якой пацягнуў уніз ўсю эканоміку Беларусі. І тут Лукашэнка, хутчэй за ўсё, даможацца зруху, паколькі к зацікаўленасьць Расеі ў беларускіх машынах і абсталяваньні відавочная, а вось зьніжаць і так нізкую цану за газ кіраўніцтва Расеі відавочна не жадае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG