Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя лідэры ідуць на выбары: Дзе, як і, галоўнае, — навошта?


Ілюстрацыйнае фота. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году

Самую вялікую колькасьць прэтэндэнтаў на кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мае ЛДПБ — яна «закрые» ўсе 110 акругаў. Правацэнтрысцкія палітычныя сілы аб’ядналіся ў кааліцыю — у іхнім сьпісе 93 чалавекі. Партыя БНФ — на трэцім месцы, у яе 72 вылучэнцы.

Рух «За свабоду» — актыўны ўдзел безь Мілінкевіча

Зьвестак пра ўдзел у выбарах лідэра руху Аляксандра Мілінкевіча няма. Але вылучаецца яго намесьнік — Юрась Губарэвіч. Працаваць з выбарнікамі ён будзе ў Менску, у 108-й Каліноўскай акрузе, паводле нарэзкі, якая была зробленая ў 2014 годзе.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Мы плянуем браць актыўны ўдзел у выбарах. Мы ўвайшлі ў Правацэнтрысцкую кааліцыю, у якой апроч нас — АГП і Аргкамітэт па стварэньні БХД. На сёньня кааліцыя выстаўляе 93 кандыдаты», — кажа Губарэвіч.

БХД — лідэры ўвойдуць у ініцыятыўныя групы, каб дапамагчы маладым палітыкам

Лідэры арганізацыі Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі асабіста ў якасьці кандыдатаў удзельнічаць у выбарах ня будуць. Яны лічаць, што прынясуць больш карысьці, калі цягам кампаніі падтрымаюць вылучэнцаў ад БХД.

Усяго ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ідзе каля 30 чалавек.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Гэтая кампанія для нас — спосаб змаганьня за свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі. Відавочна, што Лукашэнка і Ярмошына будуць іх фальсыфікаваць. І моцныя кандыдаты ад БХД — а я перакананы, што хрысьціянскія дэмакраты не ўваходзяць ва ўзгоднены з КДБ сьпіс апазыцыянэраў, якіх, магчыма, возьмуць у парлямэнт, — могуць перашкодзіць рэжыму легалізаваць гэтыя выбары», — кажа Рымашэўскі.

Свой няўдзел палітык тлумачыць так:

«Я ня буду вылучацца, таму што хачу скарыстаць магчымасьць дапамагчы ўсім нашым кандыдатам ад БХД. Буду ўваходзіць у іх ініцыятыўныя групы, сустракацца зь людзьмі ў рэгіёнах. Сярод нашых вылучэнцаў шмат маладых людзей, для якіх гэта першыя выбары і якіх трэба падтрымаць».

АГП яшчэ вырашае, удзельнічаць ці ляжаць

АГП 8 чэрвеня на паседжаньні Палітрады павінна вызначыцца з фарматам удзелу ў парлямэнцкіх выбарах.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Сёньняшняя Палiтрада АГП павінна расставіць усе знакі прыпынку ў сказе «ўдзельнічаць нельга ляжаць», — піша ў Фэйсбук Анатоль Лябедзька.

Усяго ў парадку дня Палітрады 10 пытаньняў, сярод якіх распрацоўка рэкамэндацыяў для выбарнікаў наконт таго, што рабіць у дзень выбараў, і вызначэньне парадку вылучэньня ў акруговыя камісіі.

БНФ — актыўны ўдзел кіраўніцтва і актывістаў

У сьпісе прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты ад БНФ 72 чалавекі, якія будуць вылучацца як мэтадам «ад партыі», так і праз збор подпісаў. У канцы траўня партыя апублікавала выбарчую плятформу «Для Беларусаў», якая складаецца з 19 пунктаў.

Лідэр партыі БНФ Аляксей Януквіч
Лідэр партыі БНФ Аляксей Януквіч

Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч традыцыйна вылучаецца ў Чыжоўцы — гэта будзе яго чацьвёртая парлямэнцкая кампанія. Палітык мае намер правесьці збор подпісаў (для вылучэньня неабходна сабраць 1000), каб скарыстаць магчымасьць паразмаўляць з жыхарамі раёну.

Таксама вылучаюцца яшчэ два прадстаўнікі кіраўніцтва Партыі БНФ — гэта намесьнікі старшыні Рыгор Кастусёў і Вольга Лагвіновіч.

«Гавары праўду» — ідзе зьбіраць подпісы, а пасьля — у парлямэнт

Лідэры грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч ужо афіцыйна абвясьцілі, што будуць вылучаць свае кандыдатуры на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Я прыняў рашэньне ўдзельнічаць у гэтых выбарах і прайсьці ў парлямэнт. Для таго, каб у парлямэнце была альтэрнатыва і гучаў голас грамадзян. Парлямэнту трэба вярнуць яго сапраўдную ролю — прадстаўляць грамадзян, а не чыноўнікаў», — так абвясьціў пра свой намер Андрэй Дзьмітрыеў, які будзе вылучацца ў Дзяржынску.

Дзе будзе вылучацца Тацяна Караткевіч, пакуль невядома. Хутчэй за ўсё, яна будзе зьбіраць подпісы ў некалькіх акругах, а пасьля вырашыць, у якой зь іх падаваць подпісы на праверку.

«Мы ўсе вылучаемся шляхам збору подпісаў. Магчымасьці партыйнага вылучэньня ў нас няма. Цяпер гатовыя да ўдзелу 35 чалавек — яны маюць прайсьці няпросты этап збору подпісаў. Зь іншага боку, калі чалавек сабраў подпісы, то гэта зусім іншы ўзровень легітымацыі кандыдата, чым калі ён вылучыўся праз рашэньне партыйнага органа», — кажа Дзьмітрыеў.

БСДП (Грамада) — удзельнічае, але «без апэтыту»

Партыя выстаўляе больш за 30 прэтэндэнтаў на кандыдацтва.

«Я ня веру ў празрыстасьць, адэкватнасьць і адкрытасьць выбараў, таму вялікага апэтыту і цікавасьці ў мяне няма. Апэтыт гэты бывае тады, калі ты ўпэўнены, што падлік будзе празрысты. Але ў нас усё вельмі закрыта», — кажа кіраўніца БСДП(Г) Ірына Вештард.

Ірына Вештард
Ірына Вештард

Яна дадае, што, нягледзячы на закрытасьць выбараў, яна ў іх удзельнічаць зьбіраецца:

«Трэба, каб беларусы ведалі, што адбываецца ў краіне, каб ведалі палітычныя структуры, у тым ліку і нашу партыю, каб гарнуліся да нас. А для гэтага неабходна ўдзельнічаць у палітычных падзеях. Я не выключаю і сябе зь ліку нашых вылучэнцаў, але фармат удзелу мы яшчэ мусім абмеркаваць».

ЛДПБ — «25% вылучэнцаў — жанчыны, сярод якіх такія, што хоць на фатасэсію»

Гэтая палітычная структура будзе вылучаць сваіх прадстаўнікоў на ўсіх 110 акругах. Як адзначыў яе лідэр Сяргей Гайдукевіч, сёлета ў межах ЛДПБ вялікая канкурэнцыя — на некаторыя акругі прэтэндуюць па тры асобы.

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч

«Мы вельмі дасьведчаная партыя, да выбараў рыхтуемся ўжо цэлы год, закрываем усе акругі. У нас высокія патрабаваньні да вылучэнцаў — вышэйшая адукацыя, месца працы. Гэтым разам шмат моладзі хоча вылучацца, сярод якой даволі многа жанчын. Не магу не пахваліцца нашымі дзяўчатамі — прыгажуні. А тры ёсьць такія, што хоць заўтра на фатасэсію».

Сяргей Гайдукевіч пакуль ня можа назваць акругу, дзе будзе вылучацца ён сам — гэтае пытаньне мае разгледзець ЦК партыі.

«Справядлівы сьвет» — удзельнічае, бо не прымае ідэі байкоту

Сяргей Калякін пакуль вагаецца паміж дзьвюма акругамі — адна ў Менску, другая ў рэгіёне. Але ў сваім актыўным удзеле не сумняецца:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

«Безумоўна, я буду ўдзельнічаць. І таксама будзе ўдзельнічаць партыя — мяркуем вылучыць кандыдатаў на 63 акругах. Удзельнічаем таму, што выбары — гэта нават ва ўмовах Беларусі добрая магчымасьць працаваць зь людзьмі, распаўсюджваць сваю пазыцыю пра тое, што адбываецца ў краіне, агучваць нашы прапановы, шукаць новых прыхільнікаў. Увогуле нашая партыя ніколі не падтрымлівала ідэю байкоту», — кажа Сяргей Калякін.

Разам з тым палітык кажа, што разьлічваць на дэпутацкі мандат не выпадае — на яго думку, у Беларусі ня лічаць галасы на выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG