На абочыне 32 кілямэтры трасы Адэса-Рэні ва Ўкраіне ўсталяваны вайсковы намёт, у якім кіраўнік дзяржаўнай адміністрацыі Адэскай вобласьці Міхаіл Саакашвілі часова разьмясьціў свой працоўны кабінэт. Пра гэта паведамляе DW.
Саакашвілі плянуе знаходзіцца тут да таго часу, пакуль у поўным абʼёме ня будуць выдзеленыя сродкі на рамонт гэтай дарогі.
«Мой пераезд у намёт — гэта не эпатаж, а неабходнасьць», — заявіў Саакашвілі. Ён лічыць, што «кіраўнічы мэханізм (ва Ўкраіне. — РС.) дашчэнту зламаны», «вэртыкаль працуе толькі там, дзе ёсьць карупцыя». Затрымку выдзяленьня сродкаў на рамонт дарогі губэрнатар назваў «сабатажам распараджэньняў» прэмʼер-міністра Ўладзімера Гройсмана і прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.
У цяперашні час 300 км трасы знаходзяцца ў дрэнным стане, аднак зь неабходных за 1,2 млрд грыўняў на рамонт было выдзелена толькі 600 млн. У выніку пакуль адрамантавана ўсяго 8 км дарогі.
Рамонт трасы Адэса-Рэні неабходны, перш за ўсё, для разьвіцьця турызму ў рэгіёне. Горад Рэні — каштоўны гістарычны і археалягічны помнік, найстаражытнейшае селішча на ўзьбярэжжы Дуная.