Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў: пакуль антыкарупцыйная праца, якая ажыцьцяўляецца ва Ўкраіне, нівэлюецца тым, што карумпаваныя судзьдзі выпускаюць карупцыянэраў і сэпаратыстаў на волю. Таму неабходна рэфармаваць суды.
Цяпер, згодна з законам, судзьдзяў прызначае на пасаду прэзыдэнт Украіны па прадстаўленьні Вышэйшай рады юстыцыі. Старшыню Вярхоўнага Суду абірае на пасаду і вызваляе ад пасады праз тайнае галасаваньне Пленум Вярхоўнага Суду.
Сярод іншых зьменаў — тое, што суд утвараецца, праходзіць атэстацыю і рэарганізуецца законам, праект якога ўносіць у Вярхоўную Раду прэзыдэнт Украіны пасьля кансультацыяў з Вышэйшай радай правасудзьдзя. Адзін і той жа чалавек ня можа займаць пасаду сябра Вышэйшай рады правасудзьдзя два тэрміны запар.
Згодна з законам, судзьдзя ня можа быць сябрам палітычных партыяў, прафсаюзаў, мець прадстаўніцкі мандат, займаць любыя іншыя аплатныя пасады, але можа займацца навуковай, выкладчыцкай або творчай дзейнасьцю.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў дэпутатаў галасаваць за зьмены ў Канстытуцыю.
«Дзякуй, што вы знайшлі сілы аб’яднацца, абвяргаючы хлусьню расейскага агрэсара, што, маўляў, ва Ўкраіне пануе хаос і яна ня здольная прыняць зьмяненьні ў Канстытуцыю. Я таксама бываю на фронце і сустракаюся з украінскімі героямі. Ключавое паведамленьне ад байцоў: „Мы можам перамагчы, калі вы, прэзыдэнт, і вы, Вярхоўная Рада, зьменіце краіну, каб гэта ўсё было не дарма“. І сёньня — этапны дзень гэтых зьмен. Мы вяртаем украінцам права на права і на справядлівасьць. Змагаемся за тое, каб ва Ўкраіне быў справядлівы суд. Так, мы робім гэта і для інвэстараў, якія маюць прыйсьці, даць працоўныя месцы і плаціць падаткі. Так, мы робім гэта ў мэтах выкананьня абавязаньняў перад міжнароднымі арганізацыямі. Але найперш мы робім гэта для ўкраінцаў», — заявіў Парашэнка.
Парашэнка абяцае, што пасьля ўступленьня ў сілу канстытуцыйных зьмяненьняў Украіна атрымае Вярхоўны суд з новым складам і функцыямі.
Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксей Філатаў назваў асноўныя канстытуцыйныя зьмены, пра якія ідзе гаворка:
«Гэта дэпалітызацыя судовай улады, стварэньне адказнай судовай улады і ачыстка сыстэмы правасудзьдзя. Узяцьцё пад варту або прызначэньне судзьдзі бестэрмінова — падобныя пытаньні вырашае непалітычная Вышэйшая рада правасудзьдзя. Падставай для вызваленьня судзьдзі ад пасады становіцца неадпаведнасьць ладу жыцьця і ўзроўню даходаў».
Кіеўскі палітоляг Уладзімер Фясенка кажа, што ў выніку рэформы судовая сыстэма Ўкраіны павінна ачысьціцца ад карумпаваных элемэнтаў:
«Чакаецца, што дзякуючы гэтым зьменам адбудзецца маштабная пераатэстацыя судзьдзяў і на аснове конкурсу будзе створаны новы Вярхоўны суд. Важна, каб усе гэтыя працэдуры былі дастаткова празрыстыя. Таксама важна, што ліквідуюцца спэцыялізаваныя суды (гаспадарчы, адміністратыўны і іншыя суды), якія, на жаль, выявілі вельмі моцную карумпаванасьць, рашэньні якіх часта выклікалі масу крытыкі і падозраньняў.
Цяпер і ўнутраныя і міжнародныя назіральнікі чакаюць, што гэтая рэформа створыць перадумовы для ачышчэньня корпусу судзьдзяў ад карумпаваных элемэнтаў, а таксама для структурных зьменаў судовай сыстэмы, каб зрабіць яе больш празрыстай».
Ня ўсе ўкраінскія палітыкі аднолькава станоўча ставяцца да зьменаў у канстытуцыю. Як адзначае Ўладзімер Фясенка, асноўная крытыка палягае ў тым, што на пэўны час вялікую долю кантролю над судовай сыстэмай атрымлівае прэзыдэнт Украіны:
«Ёсьць падозраньне, што на пераходны пэрыяд да 2017 году прэзыдэнт захавае ўплыў на судовую сыстэму. Але практыка судовых рашэньняў за апошні год паказала, што ніякага асаблівага кантролю няма — больш за тое, цэлы шэраг судовых рашэньняў, мякка кажучы, ня вельмі адпавядалі інтарэсам прэзыдэнта. Але ўплыў прэзыдэнта ёсьць — я, на прыклад, лічу, што гэта неабходна, было б рызыкоўна вывесьці судовую сыстэму, якая ёсьць карумпаванай, цалкам з-пад палітычнага кантролю падчас пераходнага пэрыяду. Іначай, калі карумпаваныя суды стануць цалкам незалежнымі, то барацьба з карупцыяй стане немагчымай».