Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Георгі Дзьмітрук 2 чэрвеня ва Ўкраіне ўзяў удзел у Нацыянальным малітоўным сьняданку.
Там ён сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прэм’ерам Уладзімерам Гройсманам.
Як паведамляе сайт БХД, у 5-м малітоўным сьняданку ўдзельнічалі лідэры ўсіх канфэсій Украіны, палітычнае кіраўніцтва краіны, уключаючы прэзыдэнта, прэм’ер-міністра, а таксама дыпляматы і эўрадэпутаты.
«Традыцыя малітоўных сьняданкаў глыбока ўкаранёная ў палітычнай культуры ЗША і Эўропы. Першы раз іх правёў яшчэ Эйзэнхаўэр. Мэта іх у тым, каб прадстаўнікі розных канфэсій і палітычных партый маглі сабрацца разам, памаліцца за сваю краіну, з дапамогай Бога прыняць правільныя для разьвіцьця краіны рашэньні. Таму тут не было палітычных дыскусій, але была цудоўная малітва за Ўкраіну, за ўкраінскіх ваяроў, за мір і вырашэньне эканамічных ды іншых праблем. Усе едныя ў тым, што ўкраінцам важна праявіць хрысьціянскую салідарнасьць, не дзяліцца і ня ціснуць. Падмурак для гэтага — Слова Божае», — адзначыў Георгі Дзьмітрук, які быў адзіным прадстаўніком Беларусі.
Паводле яго, падчас сьняданку атрымалася перамовіцца з прадстаўнікамі розных палітычных структур.
«Было вельмі прыемна, што ўкраінцы вельмі прыязна ставяцца да беларусаў, моляцца за Беларусь. Украіна палітычна гатовая да дыялёгу. І для гэтага ў нас ёсьць аграмадная палітычная культура, заснаваная на хрысьціянскіх прынцыпах дабра, узаемапавагі і ўзаемаразуменьня. У нас вялікая сумесная будучыня», — дадаў сустаршыня БХД.
Пасьля малітоўнага сьняданку распачаўся міжнародны форум «Узаемадзеяньне палітыкаў і грамадзкасьці ў прасоўваньні хрысьціянскіх каштоўнасьцяў на міжнароднай арэне», у якім таксама бяруць удзел палітыкі і хрысьціянскія лідэры Ўкраіны і краінаў Эўропы.