Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генрых Далідовіч: Такой павальнай русіфікацыі мы раней ня ведалі


Генрых Далідовіч
Генрых Далідовіч

Ён першым у беларускай літаратуры напісаў гістарычныя раманы пра стварэньне БНР і БССР, дзе бальшавіцкія дзеячы, чыімі імёнамі названыя сотні вуліцаў па ўсёй Беларусі, выглядалі далёка не героямі. Госьцем перадачы — пісьменьнік Генрых Далідовіч, якому 1 чэрвеня споўнілася 70.

— Спадар Генрых, вы нарадзіліся і гадаваліся на хутары. Што ўяўляла зь сябе жыцьцё на хутары ў часы вашага маленства і юнацтва?

— На хутары я пражыў пятнаццаць гадоў. І калі пазьней чытаў «Жыцьцё Арсеньнева» Івана Буніна, то зьдзіўляўся, чаму яго герой, жывучы на хутары, сумаваў. Я не сумаваў, я не адчуваў ніякай адарванасьці ад сьвету. Бацька, маці, нас у сям’і было шасьцёра, гаспадарка... З малога я пачаў працаваць — пасьвіў кароў, касіў, сек дровы. Пасьля пайшоў у школу. Назіраў, як пачынаецца вясна, усё пакрываецца зелянінай, як цьвіце лета, як шарэе дзень восеньню, якая бель навокал зімою. Тэлевізара на хутары не было, электрычнасьць не была падведзеная. У нас было радыё на батарэйках, якое бацька зрэдку даваў слухаць. І калі я чуў перадачы зь Менску, асабліва дзіцячыя, дык шмат што мне здавалася нерэальным, нейкім фантастычным. Пра нашу сядзібу я напісаў апавяданьне «Хутар Амшарок», а таксама цыкль апавяданьняў «Сярод поля, сярод лесу». Так што я сваё хутарское жыцьцё ўспамінаю з замілаваньнем.

— Вы першым у беларускай літаратуры напісалі раманы пра 1917–1919 гады, калі стваралася БНР, а потым і БССР. «Пабуджаныя» выйшлі ў 1988-м, «Свой дом» у 1989-м. Але ж яшчэ існаваў Галоўліт і спэцфонды ў архівах. Як вам удавалася абыходзіць цэнзуру і знаходзіць патрэбную інфармацыю?

Коўтун узяла гісторыю КПСС, выдрала 90% старонак і ўшыла туды дакумэнты БНР.

— На філфаку БДУ гісторыю Беларусі мне выкладаў сумнавядомы Абэцэдарскі, які казаў: «Беларусь і я нарадзіліся ў адзін год». А я думаў: «А хіба да гэтага Беларусі не было? Была ж, напэўна». Таму яшчэ са студэнцкіх часоў я зацікавіўся беларускай гісторыяй. Пасьля працаваў настаўнікам, у рэдакцыях, пісаў, друкаваўся. Прыйшоў час, і мне захацелася напісаць пра Ўсебеларускі кангрэс 1917 году, пра тое, як утвараліся БНР і БССР. А дзе ўзяць матэрыялы? Я паткнуўся ў архіў — не дапускаюць. Але там працавалі жонкі нашых пісьменьнікаў, і мне ўдалося зь імі неяк дамовіцца. Скажам, мне прыносілі папкі з прафсаюзнымі матэрыяламі. А ўсярэдзіне ляжала справаздача пра Ўсебеларускі кангрэс 1917 году, якая не рэгістравалася. Разоў пяць-шэсьць такія хітрыкі ўдаліся, а потым мяне «цапнуў» 1-шы аддзел (быў такі сакрэтны аддзел, які вырашаў, што і каму можна выдаваць). Але паколькі мой доступ яны ўжо праваронілі, то ня ў іх інтарэсах было даваць справе ход. І тады мне ў архіве сказалі: «Малады чалавек, мы вам нічога не выдавалі, вы нічога ў нас не чыталі». Праўда, пагалоскі ўсё ж пайшлі, што я нейкі крамольны матэрыял зьбіраю. І тады сьветлай памяці Валянціна Коўтун завочна зьвяла мяне з Зоськай Верас, якая на тым кангрэсе была сакратаркай, у яе захаваліся пратаколы паседжаньняў. І вось аднойчы Коўтун кажа: «Генрых, у парку Горкага цябе будзе чакаць чалавек з матэрыяламі ад Зоські Верас». Гэта быў Лявон Луцкевіч. Мы доўга сядзелі зь ім у парку, ён дазволіў мне зрабіць патрэбныя выпіскі. Тая ж Валянціна Коўтун, паехаўшы ў ЗША, прывезла мне адтуль выдадзеныя там дакумэнты пра ўтварэньне БНР. Прычым прывезла па ўсіх правілах кансьпірацыі. Коўтун узяла гісторыю КПСС, выдрала 90% старонак і ўшыла туды дакумэнты БНР. Ажно памежнік у Маскве, правяраючы рэчы, пацікавіўся: «А что это вы историю КПСС из США везёте?». А яна ў адказ: «Я же была в капиталистическом мире, проповедовала там коммунизм». І яе больш не правяралі. Такім чынам я сабраў шмат матэрыялаў. Спачатку зрабіў подступ да тэмы, напісаў раман «Гаспадар-камень», і адразу на мяне выйшаў гісторык Мікалай Сташкевіч з Гістпарту. У выдавецтве сказалі: трэба, каб твае раманы рэцэнзаваў Сташкевіч, і мне яго прызначылі ледзь не кіраўніком.

— У сваіх артыкулах і кнігах ён заўзята выкрываў «беларускіх буржуазных нацыяналістаў».

— Так, але ў яго была адна асаблівасьць. У свой час я размаўляў зь Зянонам Пазьняком, і ён сказаў: «Безумоўна, Сташкевіч — гісторык партыйны, але ён, выкрываючы „белбурнацаў“, дае вялікія цытаты, пачытаеш — усё на свае месцы становіцца». Такім чынам я і напісаў «Пабуджаныя» і «Свой дом», дзе пастараўся ў меру сваіх сілаў і здольнасьцяў паказаць, як утваралася БНР.

— Зоська Верас, як выглядае зь яе лістоў, мела да «Пабуджаных» крытычныя заўвагі. Вы зь ёй асабіста сустракаліся?

— На вялікі жаль, не. Мы толькі ліставаліся. Але памяць яна мела ўнікальную — я меў магчымасьць у гэтым пераканацца. Скажам, я стараюся вельмі акуратна даваць партрэтныя характарыстыкі сваіх герояў, як яны былі адзетыя і г.д. «Партрэт» Зоські Верас на зьезьдзе я зрабіў паводле здымка 1916 году. І тут жа атрымаў ад яе ліст, маўляў, я на тым зьезьдзе ў другой сукенцы была... Безумоўна, яна мела поўнае права сказаць, што было так, а што ня так, бо шмат што бачыла на свае вочы.

— У «Сваім доме» вы паказваеце, у якіх драматычных умовах стваралася БССР, як Мясьнікоў і Кнорын з паплечнікамі стараліся не дапусьціць ніякай беларускай рэспублікі. Ідзеш па менскіх вуліцах — паўсюль імёны вашых герояў. Яны заслугоўваюць на гэта?

Кінуў партбілет і сказаў: «Ня хочаце беларускай рэспублікі, дык атрымаеце Польшчу па самы Смаленск».

— Ніводзін зь іх не заслугоўвае права на вуліцы ці плошчы ў Беларусі! Ніводзін. Яны не прызнавалі ніякай Беларусі, бачылі яе Паўночна-Заходнім краем ці Заходняй вобласьцю, намагаліся любым спосабам перашкодзіць беларускай справе. Возьмем, напрыклад, Фрунзэ. Ён разумеў, што такое нацыянальная школа і, калі праводзіў зьезды салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, зрабіў усё магчымае, каб выкладаньня на роднай мове ў Беларусі не было. Кнорын і Мясьнікоў супраць беларускай рэспублікі былі да самых апошніх дзён. Калі пачаўся наступ польскіх войскаў, а беларускае пытаньне новым бальшавіцкім урадам так і не было вырашана, Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч) трапіў на прыём да Леніна і кінуў яму на стол свой партбілет (а ён быў членам партыі з 1902 году). Кінуў партбілет і сказаў: «Ня хочаце беларускай рэспублікі, дык атрымаеце Польшчу па самы Смаленск». І раптам усё зьмянілася! Усяго за тыдзень перад гэтым была падпісана пастанова пра Заходнюю вобласьць, а тут усё перайначылася і было вырашана ўтвараць Савецкую Беларусь.

— У шапіку «Белсаюздруку» на Плошчы Перамогі я часам гартаю часопісы «Полымя» і «Маладосьць» — няма за што воку зачапіцца. Графаманістыя вершы, бяззубая публіцыстыка... Ці не найлепшы час «Маладосьці» — калі там працавалі вы з Анатолем Грачанікавым, калі выходзіла папулярная «Бібліятэка «Маладосьці». Што вам прыемна прыгадаць з таго часу?

Ермаловіч першы пасьля Ластоўскага ды Ігнатоўскага вывеў нацыянальную канцэпцыю беларускай гісторыі.

— Найперш названую «Бібліятэку», у якой выйшла больш за 160 кніжак маладых пісьменьнікаў. Ну і публікацыі — «Старажытную Беларусь» Міколы Ермаловіча і «Споведзь» Ларысы Геніюш (дарэчы, назву ўспамінам даў я). Калі Грачанікаў стаў галоўным рэдактарам, а я намесьнікам, мы замовілі Ермаловічу артыкул пра Полацкае княства. Ён напісаў, мы надрукавалі, і тут жа зьявіўся разгромны артыкул у «Зьвязьдзе». Усхваляваны Ермаловіч прыбег у рэдакцыю: «Што рабіць? Я вас падвёў!» А мы кажам: «Трэба нечым адказаць на публікацыю ў „Зьвяздзе“. У вас ёсьць чым?» Мікола Іванавіч кажа: «Ёсьць у мяне адзін твор, які нідзе не друкуюць, бо я ўжо ў камсамольскіх і партыйных кабінэтах лічуся буржуазным нацыяналістам і ворагам савецкай улады». Пачалі чытаць мы той твор і ахнулі. Гэта была «Старажытная Беларусь». У рэдакцыі толькі пяць чалавек ведалі, што мы яе рыхтуем да друку, але нехта недзе прагаварыўся, і нас з Анатолем Грачанікавым паклікалі ў ЦК КПБ: «Хто рэцэнзэнт? Такі твор нельга друкаваць без рэцэнзіі!» І я тут разгубіўся, бо перад гэтым дзевяць дактароў навук адмовіліся рэцэнзаваць Ермаловіча. Знайшлі нарэшце Міхася Ткачова, які ляжаў у больніцы, ён прачытаў «Старажытную Беларусь» і напісаў прадмову. Але ўсё роўна Галоўліт адправіў падазроны тэкст у Інстытут гісторыі партыі, дзе Ермаловіча ўзяў пад свой патранаж той жа Сташкевіч, за што заслугоўвае нашай удзячнасьці. Абышліся невялічкімі скаротамі, і твор пайшоў да чытачоў. Вядома ж, праца Ермаловіча ўнікальная. Ён, сьляпы амаль чалавек, прачытаў процьму літаратуры, спаслаўся больш чым на 1000 крыніцаў, каб даказаць сваю канцэпцыю. Ён першы пасьля Ластоўскага ды Ігнатоўскага вывеў нацыянальную канцэпцыю беларускай гісторыі.

— Дык гэта Ермаловіч падштурхнуў вас да старажытнай гісторыі?

— Безумоўна. Мы зь ім за дзесяць гадоў аб’езьдзілі амаль усю Беларусь, пабывалі ў гістарычных цэнтрах. І неяк ён прапанаваў мне напісаць раман пра пачатак Вялікага Княства. Я адмаўляўся, маўляў, я ж не гісторык, мяне гісторыкі задзяўбуць. «А мяне не дзяўбуць?» — насядаў Ермаловіч. Ён мне даваў шмат профільнай літаратуры, натхняў чым мог. Так урэшце і напісаўся ў мяне раман «Кліч роднага звону».

— Калі адштурхоўвацца ад вашай мэтафары «свой дом», то беларуская літаратура і па сёньня застаецца бяздомнай. Дом літаратара дзяржава забрала для сваіх камэрцыйных патрэбаў. Мова выжываецца з сыстэмы адукацыі. Ці перажыве такое стаўленьне ўлады да ўсяго нацыянальнага наша літаратура?

Беларускай літаратуры сёньня вельмі цяжка, камусьці хочацца нацягнуць на яе надмагільную пліту.

— Ніхто не чакаў, што з набыцьцём незалежнасьці так павернецца справа. Беларуская мова за дваццаць апошніх гадоў фактычна выціснута зь дзяржаўных СМІ, выціснута адусюль — ад садка да рэзыдэнцыі прэзыдэнта. Гэта ўсё немагчыма зразумець, такой павальнай русіфікацыі не было нават у савецкі час. Беларускай літаратуры сёньня вельмі цяжка, камусьці хочацца нацягнуць на яе надмагільную пліту. Але ўсё роўна, як ты ні муруй, парасткі жывыя будуць прабівацца на сьвет. Такое становішча сапраўднага пісьменьніка павінна толькі загартаваць. Гісторыя паказвае, што ў найцяжэйшыя часіны нараджаюцца самыя вялікія творы. Таму, нягледзячы на ўсе перашкоды, будзем жыць!

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG