Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа новая «чорная сотня» ў Расеі?


Былы лідэр данбаскіх сэпаратыстаў Ігар Стралкоў-Гіркін і супрацоўнік крамлёўскага дасьледчага цэнтру Алег Няменскі заяўляюць пра неабходнасьць вяртаньня Беларусі ў склад Расеі. Ці рыхтуецца Расея да новага вітка экспансіі на постсавецкай прасторы?

Ігар Ільяш: Напрыканцы мінулага тыдня ў поле зроку СМІ трапілі падзеі, якія нельга назваць гучнымі ці рэзананснымі, але ў кантэксьце якіх наўпрост узгадавалася Беларусь.


Па-першае, у Маскве Ігар Стралкоў-Гіркін — (у мінулым — вядомы палявы камандзір і адзін з лідэраў данбаскіх сэпаратыстаў ) — абвясьціў аб стварэньні Агульнарасейскага нацыянальнага руху. У палітычнай дэклярацыі руху адзначаецца, што арганізацыя будзе змагацца за інтарэсы расейцаў, якія жывуць у іншых дзяржавах і «пакутуюць ад дыскрымінацыі». Таксама новая арганізацыя Стралкова-Гіркіна выступае за вяртаньне Ўкраіны, Беларусі і іншых зямель у склад Расеі.

Па-другое, у Маскве адбыўся круглы стол, прысьвечаны праблемам постсавецкай прасторы, і прэсе сталі вядомы некаторыя ягоныя дэталі. Падчас гэтага мерапрыемства вядучы навуковы супрацоўнік Расейскага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў Алег Няменскі заявіў аб неабходнасьці вяртаньня Беларусі ў «рускі сьвет». Ён выступіў з крытыкай цяперашніх формаў расейска-беларускай інтэграцыі і заявіў аб неабходнасьці перагляду постсавецкіх межаў на падставе прынцыпу «яднаньня рускамоўнай прасторы».

Канешне, тут нельга сысьці ад пытаньня, наколькі ўсе гэтыя рухі і канцэпцыі небясьпечныя для Беларусі. На мой погляд, пераацэньваць іх значнасьць ня трэба, але і не зьвяртаць увагу нельга.

ня трэба думаць, што зьяўленьне такіх рухаў, ці такіх тэорый — гэта наўпроставае выкананьне загаду Крэмля

З аднаго боку, ня трэба думаць, што зьяўленьне такіх рухаў, ці такіх тэорый — гэта наўпроставае выкананьне загаду Крэмля. Калі паглядзець на фота з устаноўчага зьезду новай арганізацыі Стралкова, то вы ўбачыце даволі сумнае відовішча — маленькае памяшканьне і паўтары дзесяткі ўдзельнікаў. Тое, што Стралкоў так ці інакш зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі, не падлягае сумневу, аднак ён усе ж застаецца даволі самастойнай і амбіцыйнай фігурай — ягоная рэгулярная крытыка нерашучай палітыкі Крэмля адносна Ўкраіны, а таксама адкрытае прызнаньне сваёй ролі ў разьвязваньні вайны на Данбасе — таму доказ.

Ён застаецца фігурай маргінальнай — расейская тэлебачаньне і вядучыя дзяржаўныя СМІ ігнаруюць Стралкова, пэўную вядомасьць і папулярнасьць ён мае толькі сярод адкрыта чарнасоценых, радыкальных колаў расейскага грамадзтва. Але калі ў 2014 годзе Расея пачала агрэсію супраць Украіны, менавіта такі маргінал, такі фанатык «рускага сьвету» вельмі спатрэбіўся Крамлю — і, як мы ведаем, Стралкоў у свой час згуляў фатальную, злавесную ролю для Данбасу. І можна не сумнявацца, што калі спатрэбіцца, то расейскія ўлады зноў зьвярнуцца да Стралкова-Гіркіна і выкарыстаюць яго ў сваіх мэтах.

Стралковы і Няменскія зьяўляецца не на пустым месцы, улічваючы, ў якім рэчышчы разьвіваецца дзяржаўная палітыка і грамадзкія настроі ў Расеі

У прынцыпе тое ж самае тычыцца Алега Няменскага зь яго тэорыяй перагляду постсавецкіх межаў. Няменскі ня самы вядомы расейскі палітоляг, а свае ідэі ён трансьляваў не па тэлебачаньні, а падчас круглага стала. Так бы мовіць, прыватнае меркаваньне аналітыка падчас экспэртнай размовы — мае права, у рэшце. Але калі спатрэбіцца расейскім уладам, то гэтае прыватнае меркаваньне імгненна стане афіцыйнай ідэалёгіяй новага вітку экспансіі на постсавецкай прасторы.

Я ня думаю, што гэта ўсё робіцца з прыцэлам пад падрыхтоўку канкрэтнай апэрацыі па анэксіі Беларусі, але ўсё ж Стралковы і Няменскія зьяўляецца не на пустым месцы, улічваючы, ў якім рэчышчы разьвіваецца дзяржаўная палітыка і грамадзкія настроі ў Расеі. Я мяркую, што і новы рух Стралкова, і заявы Неменскага — гэта не нейкі сыгнал, і не сама па сябе небясьпека, а хутчэй нагадваньне пра небясьпеку, якая зыходзіць ад пуцінскай Расеі. Я наагул думаю, што ўжо пачынаючы з грузінскай вайны 2008 года расейская экспансія на постсавецкай прасторы — гэтая такая пагроза, якая заўсёды з табой.
Хаця наўрад ці пры гэтым ў Масквы ёсьць нейкі доўгатэрміновы ці хаця б сярэднетэрміновы плян па аднаўленьню імпэрыі — тут я бачу больш імправізацыі, чым плянаваньня.

Віталь Цыганкоў: Пры ўсім тым кантролі, які мае сёньня расейская дзяржава і спэцслужбы за грамадзтвам, усё ж далёка не ўсе грамадзкія і палітычныя праявы інсьпіраваныя Крамлём. З пункту гледжаньня канкрэтнага уплыву ўзьдзеяньне гэтых груповак маргінальнае. Такія людзі заўсёды ёсьць і будуць, справа ў тым, наколькі яны будуць уплывовымі ў пэўны час.

на гэты момант Расеі, Крамлю вельмі палітычна і стратэгічна невыгодна яшчэ і процістаяньне з Беларусьсю па той ці іншай схеме

Не ўсё так спакойна і абыякава павінна быць для нас, паколькі з канца нулявых пачыналіся ў расейскай ідэалёгіі і прапагандзе такія зьявы, калі маргінальныя фігуры кшталту Праханава ператвараліся паступова ў мэйнстрым, у галоўных удзельнікаў усіх шоў. А потым пайшла і палітыка. Напачатку гэта было страшна сказаць на прыстойным тэлебачаньні ці ў прыстойнай газэце, потым стала нястрашна, потым — не засталося прыстойнага тэлебачаньня, потым — гэта стала ў палітычным парадку дня.

Так што за гэтым трэба сачыць, але на гэты момант Расеі, Крамлю вельмі палітычна і стратэгічна невыгодна яшчэ і процістаяньне з Беларусьсю па той ці іншай схеме. Вытрымаць адразу вайну на два славянскіх фронта з Украінай і Беларусьсю Расеі будзе цяжка — ідэйна і ваенна-стратэгічна.

У свой час у Данбас не толькі арганізаваныя расейскія войскі прыйшлі, але і прыхільнікі ад нэанацысцкіх да праварадыкальных арганізацый

Ёсьць папулярная ў расейскай масавай сьвядомасьці тэза пра славянскае братэрства, і калі толькі адзін брат змагаецца з Расеяй — ну, ён нейкі адшчапенец, неяк не так сябе паводзіць. А калі ўжо два з трох братоў — значыць, нешта няправільна ў гэтай тэзе, і ўзьнікне шмат пытаньняў у грамадзянаў Расеі.

Безумоўна, такія групоўкі пакуль маргінальныя, але ўлада Расеі іх не зьбіраецца прыкрываць, не зьбіраецца іх прыпыняць — хай, маўляў, будуць, набіраюць прыхільнікаў. У свой час у Данбас не толькі арганізаваныя расейскія войскі прыйшлі, але і прыхільнікі ад нэанацысцкіх да праварадыкальных арганізацый.

Юрый Дракахруст: Ігар ужыў вельмі трапнае вызначэньне, якое зьвяртаецца да расейскай гісторыі — чарнасоценцы. Калі паглядзець расейскую гісторыя канец 19-га — пачатку 20-га стагодзьдзя, чорная сотня была зьвязаная з дваром, часам атрымлівала грошы, але яна не была марыянэткай двара.

у «гадзіну Ч», як паказаў Данбас і Крым, і яны сваю ролю могуць адыграць

Гэта безумоўна была праява грамадзянскай супольнасьці тагачаснай Расейскай імпэрыі. Часта гэтыя людзі лаялі і ўрад (праўда, не цара), за недастаткова «рускую» лінію, часам займаліся палітычнымі забойствамі, несанкцыянаванымі ці санкцыянаванымі, але не з самага верху. Тое палітычнае варыва, якое варыць зараз спадар Стралкоў сатаварышы — нейкі аналяг. Так, ён пад прыглядам Крамля, шмат каму падабаецца ў Крамлі, але гэта не Крэмль. І нават пэўная пагроза Крамлю.
Мы памятаем, як Стралкова акуратна прыбралі з Данбасу, калі ён стаў вырастаць у самастойную палітычную постаць. Літаральна паўгода таму прадстаўнікі іншага руху, які ствараў Ігар Стралкоў, давалі інтэрвію нашаму радыё — гэты рух называўся Камітэт 25 сьнежня. Так што ў арганізацыйным сэнсе не надта добра атрымліваецца ў спадара Стралкова, бо гэтыя камітэты пладзяцца як трусы, а выніку не бачна. Хаця тое самае адбываецца і сярод расейскіх лібэралаў, і дарэчы сярод беларускіх апазыцыянэраў таксама. Відаць, грамадзянская супольнасьць так арганізаваная.

Калі казаць пра «гарачы подых Расеі», то варта зьвяртаць увагу на структурныя рэчы, напрыклад, на рэкрутацыю беларускіх інтэлектуалаў у той жа «Спутнік». Не аднаго Памідорава — там ёсьць і публіцысты, якія знайшлі там сабе месца. Ці георгіеўскія стужкі на грудзях беларускіх чыноўнікаў падчас 9 траўня — вось гэта больш сур’ёзна, чым гульні сучасных расейскіх чарнасоценцаў, што акадэмічных, што неакадэмічных.

Хоць у «гадзіну Ч», як паказаў Данбас і Крым, і яны сваю ролю могуць адыграць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG