Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія салдаты і найміты кажуць, што ім абрыдла хлусьня Крамля


Група валянтэраў-сьледчых Conflict Intelligence Team (CIT) апублікавала 26 траўня расьсьледаваньне, якім пацьвердзіла паведамленьне амэрыканскай прыватнай выведвальна-аналітычнай кампаніі Stratfor пра зьнішчэньне ў Сырыі расейскай тэхнікі на ваеннай авіябазе пад Пальмірай.

Расейскія ўлады выступілі з аспрэчваньнем інфармацыі пра гібель тэхнікі, назваўшы паведамленьні пра атаку на базу прапагандысцкім трукам «Ісламскай дзяржавы», якая заявіла аб сваім дачыненьні да нападу.

Пры гэтым і сьледчыя Conflict Intelligence Team, і Stratfor мяркуюць, што тэхніка была зьнішчаная ня ў выніку ракетнай атакі «Ісламскай дзяржавы».

Руслан Лявіеў
Руслан Лявіеў

«Мы прыходзім да высновы, што, хутчэй за ўсё, гэта адбылося ня ў выніку чыйгосьці нападу — хіба што гэта была нейкая сакрэтная дывэрсія, баевікам неяк атрымалася пракрасьціся на базу і падпаліць усё. Але гэта відавочна не ракетная атака, таму што на спадарожнікавых здымках ня бачна ніякіх кратэраў ад выбухаў ракет. Пашкоджаньні — роўна ў месцы знаходжаньня тэхнікі — ні направа, ні налева. Пры гэтым, як мы ведаем, у баевікоў „Ісламскай дзяржавы“ ракетныя ўстаноўкі самаробныя, гэта значыць вельмі недакладныя, таму абавязкова павінен быць нейкі разнос па баках. А тут мы такога ня бачым, ніякіх сьлядоў промахаў наагул. Таму мы мяркуем, што гэта быў нейкі інцыдэнт, нейкае надзвычайнае здарэньне выпадковае», — кажа лідэр Conflict Intelligence Team Руслан Лявіеў.

Валянтэрская група CIT, праводзячы свае расьсьледаваньне наконт удзелу расейскіх ваенных у вайне ва Ўкраіне і Сырыі, ня толькі актыўна выкарыстоўвае інфармацыю з сацсетак і іншых публічных крыніц, але таксама сустракаецца з салдатамі і іх сваякамі.

«Некаторыя з сваякоў і самі салдаты нас пачынаюць разумець і далей дапамагаюць нам у новых расьсьледаваньнях, то бок прадстаўляюць інфармацыю, ці сапраўды салдат зь іх часткі загінуў. А часам салдаты і найміты прыватных ваенных кампаній самі выходзяць з намі на сувязь, кажуць, што ім абрыдла хлусьня расейскага кіраўніцтва, усе гэтыя заявы „нас там няма, нашыя ня гінулі“. Яны гатовыя з намі кантактаваць і кажуць: добрую працу робіце, нам падабаецца, як вы працуеце, хоць мы на другім баку барыкад», — адзначае Лявіеў.

Цалкам матэрыял чытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG