У панядзелак, 30 траўня, у Менску экспэртная рада пры Аб’яднанай грамадзянскай партыі і аналітычны цэнтар «Стратэгія» праводзяць канфэрэнцыю «Ад вялікай дзяржавы — да малога бізнэсу: асновы структурных трансфармацый». На ёй абмяркуюць стан бізнэсу ў Беларусі, экспэрты выкажуць свае меркаваньні пра тое, што замінае разьвіцьцю прыватнай ініцыятывы.
У мерапрыемстве прымаюць удзел беларускія і літоўскія экспэрты і палітыкі, сярод якіх былы прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка ды іншыя. Таксама на канфэрэнцыю запрошаныя беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі.
Як паведамілі Свабодзе ў АГП, канфэрэнцыя будзе складацца з дзьвюх частак. Спачатку літоўскія экспэрты распавядуць пра ўмовы для малога бізнэсу ў іх краіне. Затым удзельнікі дыскусіі паспрабуюць зразумець, чаму у беларускіх бізнэсоўцаў не атрымліваецца працаваць гэтаксама, як працуюць іх калегі з суседняй краіны.