10 гадоў таму, 26 траўня 2006, адбылася прэм’ера другой па ліку працы студыі Navinki Home Video у жанры гульнявога кіно — кароткамэтражнай стужкі «Гудбай, бацька!».
Стужка ўяўляе кавэр на вядомы фільм «Гудбай, Ленін». Замест нямецкіх рэаліяў — беларускія: вяртаньне бел-чырвона-белых сьцягоў, міграцыя намэнклятурнікаў у ТБМ, скупка беларускіх флягманаў індустрыі транснацыянальнымі карпарацыямі. Адна з ідэяў фільму ў тым, што адной зьменай рэжыму немагчыма вырашыць усе праблемы ў краіне.
У інтэрвію Свабодзе рэжысэр Паўлюк Канавальчык адзначыў, што нават цяпер, празь 10 гадоў, фільм не згубіў сваёй актуальнасьці.
Першы фільм студыі Navinki Home Video «Случай з пацаном» здымаўся пад прэзыдэнцкія выбары 2001 году, а гэты меўся выйсьці да выбараў 19 сакавіка 2006.