Дракахруст: У красавіку, ў Стамбуле, падчас саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што сёлета ў Менску будзе адкрытая першая ў сталіцы Беларусі мячэць.
Цікавы факт — менская саборная мячэць будуецца з 2003 году, 13 гадоў. Менск ведаў і іншыя даўгабуды, але менская мячэць будуецца пры фінансавай дапамозе пасольства Турэччыны. Турэччына — краіна багатая, так што можна дапусьціць, што прычына такога працяглага будаўніцтва — не дэфіцыт грошай, а палітыка.
Насамрэч у Беларусі ёсьць 6 мячэцяў — у Сьмілавічах, Слоніму, Іўі, Наваградку, Клецку і Відзах. Але ўсе яны невялікія, месьцяцца ў невялікіх гарадах, нават не ў абласных цэнтрах. Мячэць у сталіцы, тым больш вялікая, паведамляецца, што яна разьлічаная на прынамсі 700 чалавек — гэта безумоўна сымбаль, знак.
І зьявіцца гэты сымбаль тады, калі Эўропу і ЗША ахопліваюць ісламафобскія настроі. Тут фобія — ня толькі і ня столькі нянавісьць, колькі страх — пэрспэктыва, так бы мовіць, «мячэці парыскай Маці Боскай». Гэта выклікае перасьцярогі ў немалой часткі насельніцтва краінаў Эўропы. Відавочна, што апроч іншага гэтыя пачуцьці спароджаныя як ісламісцкім тэрорам у Эўропе, гэтак і вялікім патокам мігрантаў з мусульманскіх краінаў.
Абмежавальныя меры адносна мусульманаў — адна з «фішак» выбарчай кампаніі ў ЗША Дональда Трампа. Праварадыкальная партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» патрабуе спыніць будаўніцтва новых мячэцяў. У гэтым сэнсе адкрыцьцё менскай мячэці ідзе ў пэўным сэнсе ў супярэчнасьці з гэтай эўрапейскай палітычнай тэндэнцыяй.
новая мячэць будуецца на ўзор мячэці, якая ў Менску была, але была разбураная ў 1962 годзе
Так выглядае, што эпапэя вакол будаўніцтва сталічнай мячэці — сьведчаньне таго, што ўлады бяруць пад ўвагу перасьцярогі, фобіі і забабоны насельніцтва. Колькасьць мусульманаў у Беларусі невялікая, паводле ацэнак каля 30 тысячаў. Прычым значную частку зь іх складаюць татары, продкі якіх пасяліліся на беларускай зямлі 600 гадоў таму. Але і практыка, і сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што сацыяльная, этнічная дыстанцыя паміж тытульным этнасам — этнічнымі беларусамі — і мусульманамі, прынамсі, каўказцамі, арабамі, даволі вялікая.
Таму ўлады ішлі да гэтага кроку даволі павольна. Гэтую асьцярожнасьць адлюстроўвае і сымбалізм — новая мячэць будуецца на ўзор мячэці, якая ў Менску была, але была разбураная ў 1962 годзе. Паводле формулы Скарыны «Навіны ня ўводзіць, старыны ня рушыць» — новая мячэць — гэта не навіна, гэта ў пэўным сэнсе аднаўленьне парушанай старыны.
Я мяркую, што функцыянаваньне саборнай мячэці ня выкліча асаблівых адмоўных пачуцьцяў у беларусаў. Гэта будзе і аднаўленьне, і ўсталяваньне справядлівасьці — зараз мноства мусульманаў у Менску вымушаныя маліцца ў непрыдатных для гэтага ўмовах. Ну а ў міжнародным пляне, ў пляне кантактаў Беларусі з мусульманскімі краінамі, з так званай «далёкай дугой», мячэць, якая зьяўляецца ў Менску — гэта вялікі плюс у вачах тамтэйшых партнэраў Беларусі.
Карбалевіч: Былі праблемы і з фінансаваньнем. Спачатку грошы давала Саудаўская Арабія, але яны хутка скончыліся, удалося пабудаваць толькі фундамэнт і трошкі вышэй. А потым ужо стала Турэччына фінансаваць. У выніку мячэць вельмі вялікая атрымалася. Як адзначаў урадавы прадстаўнік упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, яна перавышае патрэбы мусульманскага насельніцтва Менску.
У Беларусі гэта ня першая дзейная мячэць. Я знайшоў зьвесткі, што ў Беларусі сёньня налічваецца 11 мячэцяў, у тым ліку ў Берасьці, Магілёве, Гомелі. Дзейнічае звыш 30 мусульманскіх арганізацый, З0 тысяч мусульман. Дарэчы ў Беларусі існуюць даўнія традыцыі суіснаваньня з мусульманамі, татары тут жывуць з Сярэднявечча.
будаўніцтва ідзе насуперак тым тэндэнцыям, якія не толькі ў Эўропе існуюць, але, думаецца, і ў беларускай грамадзкай думцы
Іншае пытаньне, што на тле апошніх падзеў у сьвеце, стаўленьне у беларусаў да ісламу стала больш насьцярожанае. Існаваньне жахлівай групоўкі «Ісламская дзяржава», тэракты, ўчыненыя ісламскімі экстрэмістамі, наплыў у Эўропу ўцекачоў з мусульманскіх краін вядуць да таго, што ісламафобія закранула і Беларусь. Падзеньне тут настрояў адносна эўраінтэграцыі ёсьць вынік страху перад гэтымі ўцекачамі.
Зразумела, стаўленьне беларусаў да мусульман на гэтым тле насьцярожанае. Таму будаўніцтва ідзе насуперак тым тэндэнцыям, якія не толькі ў Эўропе існуюць, але, думаецца, і ў беларускай грамадзкай думцы. Але гэты праект падтрымала дзяржава, а беларусы дзяржаве вераць. Не думаю, што гэта выкліча нейкія вялікія эмоцыі ці нават выступы.
Да таго ж, у гэтай справе вялікую ролю адыгрывае геапалітыка — сапраўды, Беларусь зараз актыўна разьвівае дачыненьні з мусульманскімі краінамі, асабліва з тымі, у каго ёсьць грошы: з краінамі Пэрсыдзкай затокі, Турэччынай. Недарэмна Лукашэнка анансаваў будаўніцтва менавіта ў Стамбуле. Гэта беларускі ўнёсак у разьвіцьцё дачыненьняў з краінамі, на падтрымку якіх Беларусь сёньня вельмі моцна разьлічвае.
Цыганкоў: Будаўніцтва мячэці ў Менску для сёньняшняй ўлады — гэта вялікі палітычны і геапалітычны плюс, а менавіта калі будуць прымацца шматлікія госьці з мусульманскіх краінаў. Цяпер іх ёсьць куды прывесьці, што паказаць і чым пахваліцца і лішні раз выклікаць станоўчыя эмоцыі. Гэта ў вялікай палітыцы заўсёды будзе вітацца.
Наведнікаў у гэтай мячэці заўсёды будзе хапаць
Калі мы разважаем пра тое, колькі мусульманаў у Менску і ці не занадта мячэць вялікая, то варта разумець, што мячэць будзе абслугоўваць ня толькі ўласна жыхароў Менску ці нават жыхароў Беларусі. Але і студэнтаў, якіх тысячы. Нагадаем, туркмэнская дыяспара студэнтаў адна з самых вялікіх, разам з расейскай і кітайскай. А таксама прыежджых, людзей, якія часова працуюць. Іх дастаткова шмат, можна паглядзець на тых жа рынках — азэрбайджанцы, туркі. Наведнікаў у гэтай мячэці заўсёды будзе хапаць, і неабавязкова разьлічваць толькі на грамадзянаў Беларусі.
Дракахруст: Вельмі важны дадатак — пасольскі корпус мусульманскіх краінаў.
Ёсьць прыкметы, што дзейнасьць мусульманаў, асабліва прыежджых, знаходзіцца пад пільным наглядам з боку спэцслужбаў
Цыганкоў: Так, і гэта таксама некалькі сотняў, нават можа тысяча людзей, калі ўлічваць сямейнікаў. Але я хацеў бы сказаць пра адну праблему, якую мы не краналі. У інтэрвію Свабодзе адмысловец Сяргей Богдан казаў, што ў апошнія гады назіраецца пэўнае напружаньне паміж беларускімі татарамі, якія даўнія аўтахтонныя жыхары Беларусі, і новымі мусульманамі, якія нядаўна зьявіліся зь іншых краінаў у Беларусі. У ісламе, вядома, ёсьць розныя прачытаньні. Беларускія татары заўсёды вызнавалі больш па-беларуску памяркоўную вэрсію ісламу, больш прыдатную да беларускіх рэаліяў, а людзі, якія ня так даўно прыбылі ў Беларусь, за апошнія дзесяцігодзьдзі, часам якраз прытрымліваюцца больш радыкальных вэрсіяў ісламу і настойваюць на іх.
Паступова мяняецца абраднасьць: напрыклад, як чытаць пятнічны намаз, паступова ўсталёўваецца больш строгая працэдура, і гэта не падабаецца беларускім татарам. Але іх, як зараз выглядае, меншасьць. Гэта 20-30 тысяч у лепшым выпадку, але колькасьць мусульманаў, якія прыехалі за апошнія гады, нашмат большая.
Гэта тое, што турбуе саміх беларускіх мусульман, якія тут пражывалі, і, паводле некаторых прыкметаў, беларускія ўлады. Ёсьць прыкметы, што дзейнасьць мусульманаў, асабліва прыежджых, знаходзіцца пад пільным наглядам з боку спэцслужбаў. Адбываецца навяртаньне этнічных беларусаў у мусульманскую веру. Гэта назіраецца па ўсёй Эўропе. Нядаўна зьявілася інфармацыя, якая, праўда, аказалася не зусім праўдзівай, што менавіта мусульманскія неафіты-беларусы ўдзельнічалі ў тэрактах у Эўропе. Усё гэта стварае новую зону напружаньня вакол мусульманскага пытаньня.