17 траўня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс па гучнай справе аб хабарніцтве ў Эканамічным судзе Менску.
На лаве падсудных 6 чалавек, у тым ліку былыя судзьдзі Юры Грушэцкі і Алена Мельнікава, якіх трымаюць у жалезнай клетцы. Іх абвінавачваюць у атрыманьні хабару ды іншых злачынствах, у выпадку Юрыя Грушэцкага — у махлярстве. Таксама на лаве падсудных кіраўнікі камэрцыйных установаў і індывідуальныя прадпрымальнікі Віктар Венцкевіч, Алена Халецкая, Андрэй Рыкун і Натальля Грэцкая.
Былыя судзьдзі Эканамічнага суду Менску Юры Грушэцкі і Алена Мельнікава былі арыштаваныя ў судзе ў лютым 2015 году. Пэўны час іх трымалі ў СІЗА КДБ. Неўзабаве былі арыштаваныя таксама Віктар Венцкевіч і Алена Халецкая, якім пасьля арышту меру ўтрыманьня зьмянілі на падпіску пра нявыезд.
Судзіць былых калег судзьдзя ВС Беларусі Аляксей Цяцюхін, дзяржаўным абвінаваўцам — пракурор Мікалай Жэчка. Юрыю Грушэцкаму пагражае найбольшы тэрмін — да 15 год зьняволеньня з канфіскацыяй, іншым абвінавачаным — ад 5 да 8 год.