«Гэтыя выбары будуць паваротным момантам, — заявіла дэпутат Эўрапарлямэнту Сандра Калніеце на круглым стале ў Менску, — Мы не чакаем, што адбудуцца цудоўныя зьмены, але мы спадзяемся, што нейкія пазытыўныя зьмены ўсё ж такі адбудуцца. Чаму гэта важна з палітычнага пункту гледжаньня? Таму што ва „Усходнім партнэрстве“ існуе парлямэнцкае вымярэньне — „Эўранэст“. І мы вельмі хацелі б наладзіць дыялёг зь беларускімі парлямэнтарамі пасьля выбараў, бо „Усходняе партнэрства“ вельмі важна для ЭЗ».
Старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Богдан Здраеўскі заявіў, што нягледзячы на пэўны прагрэс у беларуска-эўрапейскіх адносінах, эўрапейскі бок шмат у чым застаецца незадаволеным. У прыватнасьці гэта тычыцца пытаньня правоў чалавека. Эўрадэпутат таксама згадаў пра вялікія штрафы, якія атрымліваюць удзельнікі вулічных акцый у Беларусі і вельмі часта проста ня маюць магчымасьці іх выплаціць.
«Калі Эўразьвяз зьмяншае санкцыі супраць Беларусі мы чакаем, што і ўлады Беларусі зьменшаць санкцыі адносна сваіх грамадзян. І мы заўсёды гэта даводзім да ўладаў», — кажа ён.
Здраеўскі падкрэсьлівае, што каштоўнасныя пытаньні застаюцца прынцыповымі для Брусэлю, і беларускія ўлады павінны гэта разумець:
«Эўразьвяз можа ісьці ў некаторых выпадках на кампрамісы, але ня можа ісьці на кампрамісы адносна сыстэмы каштоўнасьцяў. У такіх прынцыповых рэчах як свабода, дэмакратыя, павага да правоў грамадзяніна ня можа быць кампрамісаў».
Паводле Здраеўскага, Эўразьвяз спадзяецца, што падчас парлямэнцкай кампаніі апазыцыя ня будзе мець перашкодаў з боку ўладаў пры рэгістрацыі кандыдатаў і перадвыбарчай агітацыі. Ён выказаў спадзеў, што пасьля выбараў Эўрапарлямэнт аднавіць супрацоўніцтва з Палатай прадстаўнікоў Беларусі — у выпадку калі выбары будуць адкрытымі і справядлівымі.