Выселеная пасьля Чарнобылю зона па-сапраўднаму ажывае адзін раз на год — на Радаўніцу. Людзі з розных куткоў Беларусі едуць сюды да родных магілаў, каб да памянуць памерлых продкаў, а заадно сустрэцца з аднавяскоўцамі, абмяняцца навінамі, прыгадаць любыя сэрцу мясьціны.
Шматлюдна было 10 траўня і ў вёсцы Забалоцьце Буда-Кашалёўскага раёну.
«На Радаўніцу ідзі на могілкі той сьцежкаю, якой ішлі, калі хавалі роднага табе чалавека», — раіць 78-гадовая Ніна Цітуленка, адна зь нямногіх цяперашніх жыхарак Забалоцьця, што засталіся тут пасьля чарнобыльскага адсяленьня. Людзі абдымаюцца, вітаюцца словамі: «Хрыстос уваскрос!»
Кабета раіць прыбраць магілы, калі гэта ня зроблена раней, завязаць ручнічкі на крыжы, запаліць сьвечачку, пакласьці ў сподачак велікоднае яйка і кавалак пірага. І згадваць пра памерлага толькі добрае — тады ён і пачуе радасную вестку пра Ўваскрасеньне Хрыстова.
«І барані божа піць на могілках гарэлку альбо віно — гэта грэх», — папярэджвае Ніна Гаўрылаўна.
Забалоцьце высялялі напачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя, калі разабраліся, што радыенуклідамі накрыла ня толькі паўднёвыя раёны Гомельшчыны, але й паўночныя. Мясцовых жыхароў раскідалі па ўсім рэгіёне — у Гомель, Буда-Кашалёва, вёску Шчадрын Жлобінскага раёну. Некаторыя зьехалі нават у райцэнтар Дзяржынск, што пад Менскам. Могілкі ж з пахаваньнямі засталіся.
Апавядае Іван Емяльянаў:
«Са сваякамі прыехалі з Гомелю памянуць родных і блізкіх нам людзей. Бо гэта ж Радаўніца, трайное сьвята, як у нас кажуць. Раніцай аруць, у абед — плачуць, вечарам — скачуць». І дадае:
«Тут з адсяленьнем атрымалася такая незадача. Хто спачатку зьехаў зь вёскі, той яшчэ сяк-так атрымаў кватэры. А потым перасяленьне спынілі. У нас тут заставалася далёкая сваячка — цётка маёй жонкі, 82-гадовая Ніна Шчыкалава. Яна да гэтага часу прапісана ў Забалоцьці. Дзяцей у яе няма — адна адзінюткая. Мы з жонкай забралі яе да сябе — яна ўжо нямоглай стала. Вёска зарасла кустоўем, зьдзічэла ўсё. Цяпер нам кажуць, што калі мы цётку зарэгіструем у сябе дома, то вымушаны будзем плаціць падатак — восемдзесят ці колькі там яшчэ тысяч рублёў на месяц. Як за кватарантку. На жыльлё цётка ўжо ня мае права, хата яе ў Забалоцьці амаль развалілася. І ў сваякоў яна толкам жыць ня можа».
Івана дапаўняе жонка Марыя, інвалід 3 групы:
«На вуліцы Школьнай жыве яшчэ з жонкай Фёдар Шчыкалаў — ім таксама ніякага жыльля не далі. Гаруюць сярод гэтых кустоў».
Яшчэ адна ўраджэнка Забалоцьця Ганна Гуменьнікава кажа, што таксама прапісана ў вёсцы, хаця мінула ўжо дзесяць гадоў, як яе забралі ў горад дачка з зяцем:
«Пакуль жыў мой дзед Васіль, мы пісалі заявы, каб далі жыльлё ў Пакалюбічах, Гомелі, Буда- Кашалёве. Тут сярод ваўкоў, зайшоўшы вожыкаў стала ўжо ніякавата жыць. Але нас усё пракідвалі. І кампэнсацыі за дом ніякай не было. Потым мой стары памёр. Цяпер во яму чарачку налілі, яйка фарбаванае паклалі. І трэба яшчэ цыгарэту пакласьці — ён жа ў мяне курыў. Я думаю, што Радаўніца — гэта для памерлых радасьць, што мы іх наведваем, успамінаем».
Магілкі ў Забалоцьці вялікія, але не дагледжаныя, за выключэньнем хіба толькі паасобных магілаў. Нямала тут і сьвежых магіл, і ня толькі з боку былога калгаснага саду, але і ў іншых месцах.
Надзея Крыцкая, у якой на могілках пахаваны бацькі, муж, два сыны, паказвае на старую разлапістую ліпу, гатовую абваліцца ўсёй сваёй важкасьцю на тутэйшыя помнікі ды агароджы:
«Мы зьвярталіся да старшыні Шырокаўскага сельскага савету Юліі Шаўцовай, каб і агароджу паставілі, бо старая даўно павалілася, і ліпу сьпілавалі. Дык яна адказвае: «Вы ўжо задралі мяне з гэтымі забалоцкімі могілкамі. Каб што рабіць, трэба людзей наняць, а сродкаў няма».
Наведнікі паказваюць зарослы маладымі дрэўцамі ды кустоўем участак, дзе была вялікая брацкая магіла салдатаў, загінулых у вайну ў 1943 годзе падчас вызваленьня вёскі:
«Ад лаўкі пачыналася магіла. Крыж драўляны стаяў, паваліўся ад часу. Цяпер тут таксама ўсё зарастае».
Згадваюць людзі, што пры шашы Гомель — Магілёў ёсьць яшчэ адны забалоцкія могілкі — стараабрадцаў. Яны агароджаныя, дагледжаныя, бо навідавоку. А тут глухамань, таму й нікому гэтыя могілкі й не патрэбны.
«Памерлыя не заслужылі ляжаць сярод сьмецьця, — заяўляе ўраджэнка Забалоцьця Сьвятлана Кандрацьева. — Паглядзіце вакол — на іншых звалках больш парадку. Плакаць хочацца: быццам людзі не працавалі да апошняга ў тутэйшым калгасе „Іскра“, не адбудоўвалі пасьля вайны вёску. Пасьля Чарнобылю яна заняпала, і могілкі такім ж становяцца».
Жанчына апавяла, што яна асабіста тэлефанавала ў Буда-Кашалёўскі камунгас наконт стану могілак — тыя, у адрозьненьне ад сельскага савета, абяцалі навесьці парадак, але, праўдападобна, хутка на абяцаньні забыліся.