Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начныя ваўкі» спазьніліся на ўскладаньне вянкоў у Бэрліне


Байкеры з пракрамлёўскага клюбу «Начныя ваўкі» прыбылі ў сталіцу Нямеччыны — пункт прызначэння мотапрабегу «Дарогі Перамогі — на Бэрлін». Паводле нямецкай паліцыі, у горад прыехалі каля 200 матацыклістаў, якія мелі намер ускласьці кветкі да Брандэнбурскай брамы і наведаць памятныя мясьціны Другой сусьветнай вайны.

Штогадовы мотапрабег «Начных ваўкоў» па маршруце Масква — Бэрлін пачаўся 29 красавіка. Ён павінен быў, паводле плянаў арганізатараў, праходзіць па тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Славаччыны, Аўстрыі, Чэхіі і завяршыцца 9 траўня ў Бэрліне.

Улады Польшчы адмовілі семярым сябрам клюбу ва ўезьдзе на тэрыторыю краіны. У сталіцы Чэхіі Празе актывісты сустрэлі пракрамлёўскіх байкераў акцыямі пратэсту.

На ўскладаньне вянкоў да мэмарыялу савецкім жаўнерам у Тыргартэне, дзе чакала калёна «расейскамоўных жыхароў Бэрліну», «Начныя ваўкі» спазьніліся на паўтары гадзіны. Распрацоўваючы маршрут руху, байкеры не ўлічылі гарадзкі трафік звычайнага ў Нямеччыне працоўнага дня, таму дабіраліся з Трэптаў-парку, дзе стартаваў картэж, у цэнтар гораду не паўгадзіны, а паўтары.

Як расказаў карэспандэнту DW адзін з удзельнікаў мотапрабегу, непасрэдна з Расеі прыбылі толькі два дзясяткі чалавек. Усе астатнія з калёны ў 200 матацыклаў — байкеры з клюбаў у самой Нямеччыне, Славаччыне, Сэрбіі і іншых краінаў.

Ніводнага матацыкла з расейскімі нумарамі каля помніка ў Тыргартэне не было. Як аказалася, большасьць удзельнікаў прабегу прыляцелі ў Славаччыну і там узялі матацыклы напракат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG