Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі ідэоляг кажа, што не запрашаў СМІ на сустрэчу з «Начнымі ваўкамі», а толькі інфармаваў


«Ваўкоў» сустракалі прадстаўнікі берасьцейскага БРСМ
«Ваўкоў» сустракалі прадстаўнікі берасьцейскага БРСМ

Паведамленьне пра меркаваную сустрэчу з «Начнымі ваўкамі» берасьцейскія СМІ атрымалі з электроннага адраса Берасьцейскага аблвыканкаму. У камэнтары Свабодзе начальнік аддзелу па працы з СМІ аблвыканкаму Вадзім Ляўковіч распавёў, што гэта было не запрашэньне на прэсавую канфэрэнцыю, а проста «інфармаваньне».

У электронным лісьце, які яшчэ 20 красавіка быў разасланы з аблвыканкаму берасьцейскім дзяржаўным і некаторым недзяржаўным СМІ, у прыватнасьці, гаварылася:

«Інфармуем, што 1 траўня 2016 г. у 8.00 у Генэральным кансуляце Расеі ў Берасьці адбудзецца прэс-канфэрэнцыя Міжрэгіянальнай грамадзкай арганізацыі „Начныя ваўкі“, прысьвечаная мотамаршу «Дарогі Перамогі — на Бэрлін 2016 г.».

Таксама ў лісьце ўтрымліваліся зьвесткі пра іншыя мерапрыемствы, якія меркавалі ладзіць расейскія байкеры ў Берасьці.

Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да начальніка аддзелу па працы з СМІ берасьцейскага аблвыканкаму Вадзіма Ляўковіча, каб той пракамэнтаваў, чаму аблвыканкам запрашаў журналістаў на мерапрыемства «Начных ваўкоў»:

— Не, аблвыканкам не запрашаў ніякіх журналістаў на прэс-канфэрэнцыю. Гэтая інфармацыя была ў адкрытых крыніцах, яна паведамлялася ад журналіста да журналіста.

— Але ў мяне ёсьць нават скрыншот электроннага ліста, што аддзел па працы са СМІ запрашаў кіраўнікоў СМІ Берасьцейшчыны...

Ліст берасьцейскім СМІ з аблвыканкаму з паведамленьнем пра мерапрыемствы расейскіх байкераў
Ліст берасьцейскім СМІ з аблвыканкаму з паведамленьнем пра мерапрыемствы расейскіх байкераў

— Не, паглядзіце ўважліва. Там не напісана — «запрашаем». А — «паведамляем». Мы зьбіраем зьвесткі пра нейкія мерапрыемствы і дасылаем іх журналістам. Каму цікава, той удзельнічае ў нейкіх там паседжаньнях, у мерапрыемствах. Каму нецікава, той проста не зьвяртае ўвагі на гэтую інфармацыю.

— То бок нават калі б польскія байкеры ехалі, напрыклад, у Катынь, то аблвыканкам таксама б праінфармаваў журналістаў?

— Калі б нас праінфармавалі, то мы таксама перадаём такую інфармацыю.

«Начныя ваўкі» ў Брэсцкай крэпасьці 1 траўня
«Начныя ваўкі» ў Брэсцкай крэпасьці 1 траўня

Пракрамлёўскія байкеры «Начныя ваўкі» наведвалі Берасьце 1 траўня, калі няўдала спрабавалі перасекчы беларуска-польскую мяжу ў часе свайго мотапрабегу да Бэрліну.

У Брэсцкай крэпасьці «ваўкоў» сустракалі ня толькі прадстаўнікі расейскага кансуляту, але і моладзь з БРСМ на чале з выканаўцам абавязкаў першага сакратара берасьцейскага аддзяленьня арганізацыі Дзянісам Сілівонікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG