Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы і Бог


Вялікдзень у Беларусі: Наколькі вялікая рэлігійнасьць беларусаў?

Карбалевіч: Наколькі рэлігійнае беларускае грамадзтва? Аб гэтым ідуць спрэчкі ў асяродзьдзі адмыслоўцаў. Сацыялягічныя апытаньні даюць розныя адказы. Паводле адных, вераць у Бога трошкі больш за палову насельніцтва. Паводле іншых, вялікая большасьць беларусаў фіксуюць сваю прыхільнасьць да рэлігіі.

Але ці варта давяраць таму, што людзі адказваюць падчас сацыялягічнага апытаньня? Сярэдняму беларусу цяжка прызнацца, што да Бога, як і да ўлады, ён ставіцца абыякава, ці яшчэ горш. Таму, на ўсялякі выпадак, ён кажа, што верую.

Можа, больш важным паказьнікам зьяўляецца тое, як часта людзі наведваюць царкву. І высьвятляецца, што гэта 6-8%. У католікаў і пратэстантаў значна больш.

Як казаў філёзаф Валянцін Акудовіч, беларусы — не містычная нацыя. На мой погляд, цудоўную формулу стаўленьня беларусаў да рэлігіі вывеў калісьці Аляксандр Лукашэнка, пра сябе ён шчыра сказаў: «Я праваслаўны атэіст». І гэта ёсьць адлюстраваньне сьветапогляду большасьці беларусаў.

Тым ня менш, незалежныя сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што праваслаўная царква шмат гадоў зьяўляецца інстытутам, якому найбольш давяраюць людзі. Нават больш, чым прэзыдэнту ў яго лепшыя часы. Сакральнасьць царквы большая, чым сьвецкіх інстытутаў.

Асаблівасьцю усіх канфэсіяй ў Беларусі зьяўляецца тое, што яны максымальна дыстанцуюцца ня толькі ад палітычных, але і ад грамадзкіх праблемаў, нават ад маральных пытаньняў. Яны практычна не выходзяць за межы сваіх карпаратыўных інтарэсаў. Хіба што толькі на загад уладаў, як гэта было перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў выглядзе мерапрыемства пад назвай «Малітва за Беларусь». Царква ў Беларусі — частка беларускага грамадзтва, і яна падобная да яго.

Цыганкоў: Я назіраю за апошнія гады зьмены ў стаўленьні да царквы і рэлігіі грамадзка-актыўных людзей. У канцы 80-х- пачатку 90-х, пасьля падзеньня камунізму, стаўленьне да царквы была цалкам пазытыўнае як да інстытуту, які процістаяў камуністычнай ідэі і застаўся не прасякнутым камуністычнай прапагандай. Першыя гады незалежнасьці царква для палітычна актыўных людзей была маяком. Большасьць людзей станавіліся нэафітамі, больш каталіцкімі ці пратэстанцкімі, бо праваслаўе лічылася больш прывязаным да ўлады.

Але зь цягам часу, апошнія 5-7 гадоў, стаўленьне мяняецца. Гэта бачна і па знаёмых, і ў сацыяльных сетках, калі ўсё больш людзей успрымаюць рэлігію так, як яе ўспрымаюць, напрыклад, лібэралы — як перашкоду для разьвіцьця грамадзтва, як інстытут, зьвязаны зь дзяржавай, які спрабуе накладаць на чалавека нейкія абмежаваньні. І гэта незвычайнае для Беларусі стаўленьне. І сярод палітычна- і грамадзка-актыўных людзей усё больш робіцца папулярная ідэя атэізму ці непрыняцьця царквы.

Нядаўна я вярнуўся з Грузіі, дзе быў на журналісцкім сэмінары, і там кантактаваў з грузінскімі журналістамі. Яны расказвалі пра занадта моцны ўплыў грузінскай праваслаўнай царквы ў грамадзтве, пра тое, што грузінскі патрыярх атрымліваў грошы ад усіх грузінскіх уладаў, і ад Шэварнадзэ, і ад Саакашвілі, і ад цяперашніх уладаў. Нягледзячы на іх палітычныя погляды, усе яны вымушаныя былі даваць грошы праваслаўнай царкве. І менавіта патрыярх — галоўны чалавек у краіне. Такім чынам там праваслаўная царква мае звышмоцны ўплыў для сучаснай краіны, царква там вельмі зьвязаная з уладай і, на думку суразмоўцаў, не дае Грузіі рухацца наперад.

Дракахруст: Паводле апытаньняў, у Беларусі раз на тыдзень і часьцей у царкву ходзяць 11%. Гэта даволі значная лічба. Пры гэтым тых, хто кажа, што ніколі ня ходзіць — толькі 30%. І дзесьці 46% кажа, што ходзяць некалькі разоў на год. Такім чынам значная частка грамадзтва хоць пару разоў на год у царкву ідзе.

Для параўнаньня, расейскае грамадзтва па гэтым паказьніку значна менш рэлігійнае, там усяго 6% ходзяць у царкву некалькі разоў на месяц і часьцей і амаль палова, 46%, кажа, што ня ходзіць ніколі. Іншая справа, што роля царквы ў розных краінах, у Беларусі і Расеі, адпаведна, розная. У Расеі гэта чыньнік нацыянальнай ідэнтычнасьці, дзяржаўнай ідэнтычнасьці. А ў Беларусі за кошт таго, што хаця і каталікоў значна менш, але гэта не зусім дробная меншасьць, беларусы выпрацавалі такі грамадзкі мэханізм, што рэлігія выносіцца за палітычныя дужкі, яна ня робіцца прыкметай палітычнай пазыцыі. Яна, дарэчы, ня робіцца і прыкметай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ёсьць каталікі, ёсьць праваслаўныя — ідэнтычнасьці «Беларусь праваслаўная», у адрозьненьне ад Расеі, няма. Больш высокая рэлігійнасьць спараджае менш палітычных наступстваў, чым ніжэйшая ў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG