Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правакуючы канфліктную сытуацыю» — абвешчана праверка інцыдэнту ў мэтро з удзелам міліцыянта і жабрака


У інтэрнэце зьявілася відэа, на якім міліцыянт у мэтро робіць падножку чалавеку з кійком, які прасіў міласьціну, пасьля чаго жабрак падае на бэтонную падлогу. Гэта здарылася ў пераходзе мэтро «Пятроўшчына» 29 красавіка.

Па факце інцыдэнту «вядзецца далейшая праверка», паведаміў 2 траўня аддзел інфармацыі і грамадзкіх сувязяў менскай міліцыі на сваім сайце.

Відэа, якое таксама зьмешчана на сайце са спасылкай на камэры відэаназіраньня, складаецца з трох частак. На першай частцы да чалавека з кійком, які просіць міласьціну ў пераходзе, падыходзіць міліцыянт, пра нешта пытаецца і некуды яго вядзе адгэтуль. Другі кавалак паказвае, як да гэтага ж чалавека на тым жа месцы міліцыянт падыходзіць зноў, яны пачынаюць размаўляць.

«У адказ на законнае патрабаваньне сяржанта міліцыі грамадзянін пачаў абурацца і выказвацца нецэнзурнай лаянкай», — такімі словамі суправаджаюцца кадры, на якіх міліцыянт схапіў чалавека за вопратку, пацягнуў за сабой і ўдарыў па назе, каб той паваліўся. «Усе дзеяньні супрацоўнік робіць, не адпускаючы грамадзяніна, каб не нашкодзіць яму», — паведамляе пры гэтым сайт.

У трэцім эпізодзе чалавеку з кійком, які ляжыць на падлозе, дапамагае падняцца жанчына. Міліцыянт не перашкаджае яму падняцца і сысьці.

На сайце гарадзкой міліцыі інцыдэнту ўжо далі сваё тлумачэньне. Паводле зьвестак міліцыі, чалавек, супроць якога міліцыянт ужыў сілу, — неаднаразова судзімы жыхар Гарадзенскай вобласьці, які займаецца жабрацтвам у мэтро. Пра тое, што 29 красавіка ён быў у пераходзе, паведамілі пасажыры мэтро, сьцьвярджае сайт гарадзкой міліцыі. Пра сам інцыдэнт паведамляецца наступнае:

«Нягледзячы на доўгія ўгаворы, мужчына просьбу праваахоўніка праігнараваў. Больш за тое — пачаў абурацца, выказваючыся на адрас міліцыянта, правакуючы канфліктную сытуацыю і заклікаючы да ўвагі мінакоў. Убачыўшы агрэсіўныя паводзіны мужчыны, сяржант прыняў рашэньне паўторна даставіць яго ў пакой міліцыі, але сутыкнуўся з супрацівам з боку правапарушальніка. Спыняючы супрацьпраўныя дзеяньні, міліцыянт быў вымушаны ўжыць сілавы прыём, пры гэты прытрымліваючы мужчыну за плячо, каб той не атрымаў траўмы».

Праваабаронца, былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак гэтак пракамэнтаваў убачанае на відэа.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Па-першае, бачу, што ў гэтага супрацоўніка міліцыі адсутнічаюць прафэсійныя навыкі таго, як працаваць з грамадзянамі, прычым ня проста з грамадзянамі, а з тымі, хто мае нейкія праблемы са здароўем. У такой сытуацыі запрашаецца мэдык, і разам зь ім павінна быць размова. У крайнім выпадку нават выклікаюць псыхіятра, каб той дапамагаў у размове. Другое, добра бачна, што міліцыянт ударыў гэтага чалавека па назе. Чым гэта выклікана? Ці была ў гэтым патрэба? Мне бачыцца, што бяз гэтага можна было абысьціся. І ўвогуле, у чым было парушэньне грамадзкага парадку з боку гэтага чалавека? Што ён сядзеў на падлозе ў пераходзе і прасіў міласьціну? Хіба гэта парушэньне? Я лічу, што не. Калі міліцыянт скажа, што яго абражалі, што на яго адрас была нецэнзурная лаянка, дык цяпер высьветліць гэта будзе цяжка. Таму, на маю думку, сасьпеў час выдаць міліцыянтам, якія працуюць у такіх месцах, відэакамэры, як зьбіраюцца выдаць відэафіксатары супрацоўнікам ДАІ. Гэтак даўно робяць у краінах Эўразьвязу, і нам таксама гэта патрэбна. Тады шмат якіх канфліктаў удалося б пазьбегнуць. А пакуль некаторыя міліцыянты адчуваюць сваю беспакаранасьць за любыя дзеяньні. Але і грамадзянаў, схільных да хуліганства, гэта можа спыніць. Яшчэ на відэа, зьнятым грамадзянамі, я ўбачыў, што міліцыянт ударыў сабаку, які быў з гэтым чалавекам. На маю думку, тут можна казаць пра парушэньне закону абыходжаньня з жывёламі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG