Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнайБеларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svаbodаphoto@gmаіl.сom.
Фататыдзень камэнтуе вядучы Валер Дранчук.
Удзельнікі:
Чарнобыльскі кантрапункт
(1 здымак ад вядучага)
Ігар Кірын
Воля Дольная-Валошка
Тацьцяна Трухановіч
Кастусь Сырэль
Ільля Копыл
Уладзімер Бакаў
Чарнобыльскі кантрапункт, або Адзін здымак ад вядучага
Даты мінаюць, пытаньні застаюцца... Чарнобыльскі тыдзень пакінуў шмат пытаньняў. Асьцюком у горле Астравец — месца будоўлі першай беларускай АЭС. На Чарнобыльскім Шляху-2016 тры словы «Астравец — другі Чарнобыль» як бы значылі момант ісьціны: гэта магчыма... Сілюэты чорнай пачвары запаўняюць нашы белыя, чыстыя краявіды. І гэта ня сон...
Цяпер, кажучы пра Чарнобыль, мы мусім думаць пра Астравец, бо там закладваецца Чарнобыль пад нумарам два. Гэта не абавязкова выбух, не абавязкова так званыя малыя дозы, а найперш і пакуль — фінансава-эканамічны цяжар, высілкі, калі ня сёньняшнія, дык заўтрашнія, каб гэтую фабрыку сьмерці ўтрымліваць і абслугоўваць, а затым (калі дажывём) дэмантаваць «пад зялёны лужок». Нарэшце, а можа і найперш, гэта здрада — вяроўка ў доме павешанага... Алесь Адамовіч неяк сказаў: прымяншаць наступствы Чарнобыля, значыць, прымяншаць боль і пакуты яго ахвяраў, соцень тысяч тых, хто пацярпеў.
Здымак, які я прапаную, называецца «Мой чарнобыльскі кантрапункт». Гэта Асьвеньцім. Павільёны музэя, па якіх я хадзіў, проста рвалі мяне на часткі. Я бачыў сваю Беларусь, і, паверце, не адно ваенную, партызанскую, ахвярна-пакутную, якую ўсьвядоміў з розных крыніц, але чарнобыльскую, рэальна сучасную, сваю асабістую, якую перажываў сам... У тым жа 2006, памятаю, «Чарнобыльскі шлях» ператварыўся ўжо ў падканвойную працэсію ўдзельнікаў... Супраць людзей, свайго народа, які адзначаў 20-годзьдзе трагедыі, чыніўся маразм улады, які чыніцца і сёньня.
Незалежнасьць — гэта... калі ў кожнага беларуса дазімэтар, і народ вырашае, будаваць АЭС ці не будаваць
Дэмакратычны актывіст з Глуску, настаўнік фізікі паводле адукацыі Ігар Кірын дзеліцца сваім багатым архівам, жанрам так званай вулічнай фатаграфіі, рэпартажам з месца падзеі. «Чарнобыльскі шлях» тых гадоў, — сьведчыць Ігар, — быў сапраўднай падзеяй, калі яшчэ сьмела і навырост людзі выходзілі на вуліцу, каб гаварыць праўду, заяўляць свае правы і высьмейваць асобных пачварападобных палітыкаў. Я здымаў і быў упэўнены, што гэта — для нашчадкаў, прыйдзе час, і мае кадры будуць запатрабаваныя».
«...Не дакрычаліся пакуль да Беларусі». У вянок памяці Нілу Гілевічу
Пошта ад Волі Дольнае-Валошкі. Гэта яна на самым пачатку прапанавала ўдзельнікам конкурсу далучыцца да цыклю памяці паэта. Сёньня Воля Дольная-Валошка працягвае тэму двума фатаздымкамі і сваімі развагамі:
«Незалежнасьць — гэта... ЖЫТА, СОСНЫ і ВАЛУНЫ. Менавіта ў гэтым вершы паэт пазначыў свае вечныя арыенціры: хараство і надзейнасьць, волю і мужнасьць, трываласьць і моц. Працытую дзьве заключныя страфы:
І па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я няшмат у сэрцы —
Жыта, сосны і валуны.
О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны —
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.
«У верша ёсьць істотная асаблівасьць — дадае Воля Дольная-Валошка, — ён напісаны акурат у чарнобыльскі 1986-ы, трыццаць гадоў таму. Апошнія дні, абдумваючы фотасюжэты, я літаральна шаптала радкі напамяць, яны жылі ўва мне сваім рытмам і жывым пульсам. Доўга не ставала сонца, дні былі шэрыя і халодныя. Хацелася сфатаграфаваць задуманы краявід на сходзе дня і менавіта з сонцам. На шчасьце, такі момант надарыўся. З сонцам і чаканым цяплом... Сьветлая вечная памяць, Народны паэт!»
Фатахоку з аднае вандроўкі
Тацьцяна Трухановіч жыве ў Менску, працуе выкладчыцай. Ёй за трыццаць.
«Часта сваім навучэнцам, — піша яна, — даю заданьне напісаць эсэ, у якім свае веды і думкі трэба выкласьці ў дзясятку сказаў... Калі б сама ўзялася пісаць эсэ на тэму «Незалежнасьць — гэта... », яно пачыналася б так.
«Незалежнасць — гэта... калі ты стаіш пасярэдзіне залі рэгістрацыі вялікага замежнага лётнішча, зь сінім пашпартам, на якім залатымі літарамі напісана Rеpublіс of Bеlаrus, шукаеш стойкі з надпісам Мінск і Bеlаvіа, а потым праз шкло залі вылетаў бачыш, як тэхнічныя службы рыхтуюць да рэйсу самалёт з сымболікай Bеlаvіа, што прыляцеў за табою...»
Шаноўная Тацяна, з двух здымкаў я выбраў адзін, бо менавіта ён стварае пэўны патрыятычны ці той настраёва-псыхалягічны вобраз незалежнасьці, якім Вы наважыліся падзяліцца. І хіба зрабіў бы маленькую ўвагу на так званы брэнд, які варта запабягаць аўтару, каб гэта не выглядала на схаваную рэкляму. Сам я ўспрыняў безумоўна Вашыя адчуваньні, яны падаліся мне шчырымі і сяброўскімі. Што да другога здымка, ён цалкам пазбаўлены вобразнай інфармацыі і наўрад ці быў бы цікавы чытачу (хоць нагода пэўным чынам стасуецца з Вашай «дэклярацыяй незалежнасьці»...).
Дасылайце яшчэ, і ня толькі ранейшае, але паспрабуйце стварыць новыя матыватары на актуальную тэму. Далучайце да конкурсу і сваіх навучэнцаў, сяброў і знаёмых.
Згадкі паўзабытых камянёў
«Сёньня я пасылаю на конкурс радыё Свабода два фатаздымкі магільных камянёў, — чытаем пошту ад нашага сталага аўтара Кастуся Сырэля з Вушачаў. — Ведаю, што з такімі здымкамі я ня маю аніякіх шанцаў, але ўсё ж пасылаю, бо камяні, як вядома, ўмеюць гаварыць.
Вы спытаеце: што магуць могільныя камяні сказаць пра незалежнасьць?
Многае, шаноўнае спадарства, многае. Вось адзін з камянёў, які ляжыць на старых каталіцкіх могілках, што месьцяцца каля касьцёла Сьвятога Лаўрэна ў нашым мястэчку.
Ён незвычайны перш за ўсё сваімі памерамі — 200 на 140 і на 50 сантымэтраў. 1,4 кубамэтры граніту вагой каля 3,8 тоны! Эпітафія, напісаная па-польску, абвяшчае:
П О М Н І К
АД МУЖА НАД
ТРУНОЙ ЖОНКІ
ЮЗЭФЫ...(неразборліва)
ПЫЛІНСКАЙ
І ТРЫМА ЯГО ДЗЕЦЬМІ
Р. 1842 ПАЗД. 11
ПРОСІЦЬ...
Перадапошні радок азначае дату сьмерці — «Р. 1842, пазьдзерніка 11», г. зн., 11 кастрычніка 1842 года. Апошні радок — «ПРОСІЦЬ...» (далей неразборліва, магчыма, гэта просьба «...аб малітве», але пэўнасьці няма).
Што за трагедыя адбылася 11 кастрычніка 1842 году ў Вушачах, праз якую адразу загінулі жонка і трое дзяцей нейкага пана Пылінскага? Эпідэмія? Пажар? Ці патанулі ў адным са шматлікіх вушацкіх азёраў? Ці былі забітыя? Пра гэта мы ўжо ніколі не даведаемся, таму накіруемся ў ХХ стагодзьдзе.
Вушачы, 1937 год. Падчас правядзеньня так званай «польскай апэрацыі НКВД» большасьць палякаў, якія жылі ў нашым раёне, а таксама шмат беларусаў былі рэпрэсаваныя. Зь іх 189 беларусаў, 101 паляк і 20 прадстаўнікоў іншых нацый былі расстраляныя ў турмах Полацку, Віцебску, Оршы, Менску ды іншых. Размаўляць, а тым больш пісаць на сваёй мове ў Вушачах (і ня толькі ў Вушачах) стала небясьпечна — цябе маглі арыштаваць, як польскага, латыскага, літоўскага або нават эстонскага шпіёна.
У нашым мястэчку дагэтуль няма ніякага памятнага знаку па людзях, нявінна расстраляных катамі з НКВД.
Акрамя каталіцкіх, у Вушачах недалёка ад цэнтру мястэчка ёсьць таксама закінутыя і занядбаныя габрэйскія могілкі. Да 50-х гадоў іх было двое, па абодва бакі рэчкі Вушачкі: па габрэйскім звычаі нябожчыка нельга пераносіць або перавозіць праз раку ці возера. Надпісы на могільных камянях габрэі рабілі на сваёй мове.
Мястэчка яны называлі ўшоц.
У 1941 прыйшлі фашысты і найперш арганізавалі гета, куды сагналі амаль усіх габрэяў з раёну. 12 студзеня 1942 году габрэяў зь гета (925 чалавек) вывелі за мястэчка і расстралялі.
Цяпер на гэтым месцы стаіць памятны знак.
А на старыя габрэйскія могілкі даўно няма каму прыйсьці, каб прыбраць сьмецьце, скасіць пустазельле і па габрэйскаму звычаю пакласьці на магілы — не, ня кветкі — каменьчыкі. Потым пастаяць, разважаючы аб тленнасьці зямнога быцьця і ціхенька пайсьці.
Надпіс на камяні справа спрабую прачытаць:
дзьве літары ў кружку (?)
жонка...........
............ МІР’ЯМ......... ФУРМАН
Пасьля слова «жонка» шматкроп’е — слова не на іўрыце; магчыма, на ідыш. Такое магло быць. Шматкроп’і перад «Мір’ям» і «Фурман» — словы відаць ня цалкам. Увага: у іўрыце словы пішуцца справа налева.
Вось так прышэльцы з захаду і ўсходу зьнішчалі нашую незалежнасьць. Працэс працягваецца й па сёньня. Толькі ідзе ён марудна, не сьпяшаючыся, як удаў глытае труса. З усходу зноў цягнуцца кіпцюры й іклы апалягетаў так званага «рускага міру». Мала дзе ў маім мястэчку сустрэнеш надпіс не па-расейску. Беларуская мова, якая фармальна зьяўляецца дзяржаўнай, пад пагрозай зьнікненьня, і найбольш намаганьняў дзеля гэтага прыклаў, як ні дзіўна, прэзыдэнт нашай краіны. Пра іншыя мовы, якія калісьці звыкла гучалі ў Вушачах, няма чаго і казаць.
Мы, беларусы, вядома ж, ня супраць, каб у нашай гасьціннай краіне гучалі розныя мовы, у нас заўсёды знаходзілі прытулак прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў. І гэта вельмі добра — хай на нашым небе зьзяюць вясёлкі ўсіх колераў, а на нашай зямлі квітнеюць розныя культуры, бо яны дапаўняюць і абагачаюць адна адну.
Але мы супраць таго, каб гэта адбывалася цаной грэбаваньня нашай незалежнасьцю, нашай мовай і нашай культурай».
Ваша рацыя, спадар Кастусь! Дзякуй за тэму, выразныя цікавыя здымкі і такі дасьледаваны краязнаўчы матэрыял — няхай гэта будзе і нашым напамінкам пра блізкую Радаўніцу. Вы слушна кажаце, што ў мястэчку няма аніякага памятнага знаку ахвярам, нявінна расстраляным НКВД. Пэўна, лягчэй сказаць, дзе яны ёсьць або зьявіліся ў Беларусі, тут гаворка, як кажуць, асобная, спадзяюся на працяг тэмы ахвяраў рэпрэсій і адзнакаў іх ушанаваньня. І яшчэ. З Вашай другой фатаграфіі, Кастусь, усё ж бачны сьляды прыбіраньня і догляду на габрэйскіх могілках: сьпілаваныя і высечаныя зарасьнікі, паміж плітаў няма сьмецьця. Калі гэта пачатак, Бог у помач! І Вам — таксама.
«Сьведчу каштоўнасьць свабоднага слова»
Піша наш сталы ўдзельнік Ільля Копыл:
«Незалежнасьць — вельмі ёмістае паняцьце, — пачынае ён. — Крытэр незалежнасьці — калі ў краіне існуе СВАБОДА СЛОВА, магчымасьць выказваць думку зь любой нагоды ў вуснай ці пісьмовай форме і калі твае выказваньні, прапановы заўважаны і разгледжаны. Незалежнасьць — калі ў краіне ёсьць свабода СМі, калі ні журналісты, ні газэты, ні часопісы, ні тэлеканалы, ні сайты не перасьледуюцца за публікацыі, за крытыку ўладных структураў. Незалежнасьць — і калі ў грамадзтве свабодна дзейнічае апазыцыя, і не зьнікаюць бясьсьледна апанэнты ўлады. А што мы бачым у нашай краіне?.. Ёсьць прыклады, калі незалежныя газэты пазбаўляюцца права падпіскі на сваё выданьне праз паштовыя аддзяленьні або продажу праз шапікі Белпошты і Белсаюздруку. Некаторыя газэты былі зачыненыя ўладай. Не спыняюцца выпадкі перасьледу журналістаў. Няма адказаў на пытаньні: Дзе Захаранка? Дзе Ганчар? Дзе Красоўскі? Дзе Завадзкі?
Цану незалежнай прэсы, незалежнай трыбуны выказваньня думак я добра і ўдзячна ведаю, бо шмат разоў друкаваўся ў газэтах „Свабода“, „Навіны“, „Народная Воля“, „Наша слова“. Браў удзел у nеpадачах Радыё Свабода, тэлеканалу Белсат і радыё Рацыя. За публікацыю маёй кнігі „Акупацыя вачамі падлетка“ газэта „Народная Воля“ атрымала папярэджаньне і зазнала судовы ўціск.
Сваімі фотаадбіткамі, якія дасылаю сёньня на конкурс, я наўпрост, ад свайго імя хачу засьведчыць вялікую вагу і каштоўнасьць свабоднага слова, яго неадольную сілу і доступ, нягледзячы на перашкоды і абмежаваньні».
Уладзімер Бакаў: «Птушкі, як і зоркі, — наша адвечная незалежнасьць»
«Крыху пра сябе, — піша Уладзімер. — Мне 62 гады. Першы здымак зрабіў у 1966, калі за два рублі набыў зламаны фотаапарат «Смена-2», адрамантаваў яго і пачаў здымаць. Я вучыўся тады ў шостай клясе і запісаўся ў фотагурток на станцыі юных тэхнікаў у Гародні. Удзельнічаў у чатырох конкурсах «Свабоды», двойчы быў пераможцам: «Людзі і выбары» і «Такое жыцьцё».
У адным з фататыдняў, — чытаем далей, — мяне ўразілі словы Кастуся Сырэля, які кажа, што «незалежнасьць — гэта... калі ад цябе нічога не залежыць». Тут напраўду нельга не пагадзіцца, калі паглядзець на нашы суды, сілавыя ведамствы, урадавыя СМІ. А чаго вартыя такія факты, калі памежнікі са спасылкай на расейскія ўказкі не пускаюць у Беларусь украінскага нардэпа і віцэ-сьпікера Вярхоўнай Рады?..
Але ў адвечна незалежным ёсьць тое, што зачароўвае нас сваёй незалежна-прыцягальнай красой. У Кастуся — гэта прыгажосьць зорнага неба над родным мястэчкам. Дзякуй, Кастусь, за адметныя фатаздымкі, асабліва за ранішняга Мэркурыя!
Калі фармат нашага конкурсу дазваляе часам глянуць шырэй — скажам, і на прыгожыя зорныя краявіды, і недагледжаны, «залежны» ад карпарацый ці гаспадарнікаў лес, дык чаму не знайсьці месца і для маіх птушак?
Чаму? Патлумачу. Пасьля нэгатыву, пра які распавёў спадар Сырэль, хочацца выказаць і колькі сваіх меркаваньняў. Часам, калі даводзіш, як добра жывуць галяндцы альбо скандынавы, чуеш у адказ: дык тое ж у іх, а мы, маўляў, не такія... У чым такая непадобнасьць беларусаў да іншых, я гадаў неаднойчы, пакуль не прыйшла падказка з гарадзкой клюмбы: мы павінны быць такімі ж арыгіналамі, як вось гэтая белая варона!
Я назіраў за ёй два тыдні і магу сьцьвярджаць: яна мае права быць нашым сымбалем, гэтаксама як панда для кітайцаў, альбо каала для аўстралійцаў! Яна не хавае сваё пачуцьцё годнасьці і незалежнасьці і можа даць здачы кожнаму, хто паквапіцца на яе інтарэсы. А можа даць і... цудоўны майстар-кляс тым, хто чаго-небудзь ня ўмее.
Як сымбалі нашай непаўторнай прыгажосьці, а значыць, і незалежнасьці прапаную таксама выявы сойкі, журавоў і кнігаўкі, якія ўсе мне аднолькава любыя сэрцу.
Сойку фатаграфаваў на бальконе «генэральскага» катэджа ў санаторыі «Энэргетык» з адлегласьці 5 мэтраў. Птушка паводзіла сябе стрымана і без напружаньня, як і належыць, калі табе не пагражаюць, але разумна і пільна кантралявала сытуацыю. Ну чым ня сымбаль незалежнасьці?
Журавоў фатаграфаваў за паўкілямэтра ад свайго лецішча на адлегласьці каля 300 мэтраў у аўтаматычным рэжыме з рукі фотаапаратам Cаnon PowеrShot SX130іS. Раней гэтым журавам жылося добра — калі берагі арашальнай канавы ўздоўж рэчкі Татаркі былі парослыя хмызам. А калі канал пачысьцілі, птушкі зьніклі на два гады. І толькі летась зьявіліся зноў і выгадавалі адно птушаня.
А што да зорнага неба... Клясык нямецкай філасофіі Кант казаў так: мяне захапляюць дзьве рэчы — гэта зорнае неба нада мною і маральны закон ува мне. Вось пра гэтае другое — у наступны раз».
Колькі водгукаў з форуму сайта
Імя:: лаві мамэнт Горад:: Ліда
24.04.2016 23:27
Шчыры фотаконкурс, можна толькі пажадаць, каб удзельнікаў станавілася больш і больш, бо адгукаюцца людзі з пазыцыяй, жыцьцёвым багажом, хай сабе і не такія яны фатаўмекі. Шчырасць публікацый пакуль прыкметна дамінуе.
Імя:: Вісарыён Горад:: Паўночны
25.04.2016 10:38
Добрая адметнасьць конкурсу ў тым, што фоты дапаўняюцца аўтарскімі развагамі, разуменьнем, што такое для нас Незалежнасьць. І раней, і ў гэтым выпуску, апроч фотаў, знаходзім самабытныя фармулёўкі, хоць самыя цікавыя адкрыцьці, спадзяюся, наперадзе. З усіх вылучаю два:
«Незалежнасьць — гэта... гісторыя краю ў родных назвах і словах».
«Незалежнасьць — гэта... абарона асобы і свабода шчасьлівага выбару»
(абодва: чацвёрты тыдзень — рэд.).
Імя:: Кастусь Горад:: Мінск
25.04.2016 16:25
Код беларускай Незалежнасьці — дзе ён, сапраўды? Ня ведаю, як далей пакіруе конкурс, гэта залежыць ад аудыторыі, рэдакцыі, вядучага, але ўжо сёньня цікава ўсё гэта бачыць.
Імя:: Паўліна Горад:: Пінск
25.04.2016 22:27
Праглядаю выпускі ад самага пачатку конкурсу. Цікава ўсё; і фотаработы, і камэнтары аўтараў. Такія мілыя і р о д н ы я людзі. Асаблівая падзяка вядучаму за бліскучае ўмельства ператварыць у суладную плынь такую непрадказальна стракатую пошту.
Дзякуй усім, хто даслаў фатаздымкі і хто нас глядзіць. Не прапускайце фотасуботы, заходзьце штодня, дзяліцеся і бярыце ўдзел. Хрыстос уваскрос!