Аляксандар Лукашэнка наведвае Ельскі раён, дзе завяршаецца маратон «Адраджэньне», прысьвечаны 30-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
«Тут рэалізуюцца важныя інвэстыцыйныя праекты, усё больш упэўнена становіцца на ногі прадпрымальніцтва. Праблемныя рэгіёны нам удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасьці», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Паводле Лукашэнкі, у пацярпелых раёнах Гомельскай вобласьці дзейнічае больш за 2 тысячы прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу, а 20–36% паступленьняў у бюджэт гэтых раёнаў фармуюць менавіта прыватныя структуры.
Лукашэнка назваў правільным свой выбар — рэабілітоўваць тэрыторыі, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС:
«Людзі былі напалоханыя. Але я ўсім сэрцам і душой разумеў, што гэта — наша зямля і яе трэба адраджаць. Вынік сёньня відавочны. Можна адкрыта і прама сказаць: мы зрабілі правільна, пачаўшы рэабілітацыю гэтых зямель».
Лукашэнка заніжае наступствы аварыі на ЧАЭС, — Сухій
Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій лічыць, што цяпер у Беларусі на афіцыйным узроўні адбываецца прыніжэньне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, таму людзі вяртаюцца да жыцьця і працы на забруджаных тэрыторыях.
Гаворачы пра прыбытак, які дзяржава атрымлівае ад дзейнасьці прадпрыемстваў на забруджаных землях, улады нічога ня кажуць пра выдаткі на ахову здароўя:
«Рашэньне рэабілітоўваць забруджаныя тэрыторыі — гэта жахлівае рашэньне. Асабліва гэта тычыцца вяртаньня зямель у сельскагаспадарчы абарот, вырошчваньня там прадукцыі і дазволу людзям сяліцца на забруджаных тэрыторыях.
За 30 год радыеактыўныя рэчывы нікуды не падзеліся. Так, існуюць тэхналёгіі, якія дазваляюць вырошчваць культуры такім чынам, каб радыенукліды не траплялі ў расьліны. Але, на жаль, ёсьць вялікія сумневы, ці могуць гэтыя тэхналёгіі карэктна вытрымлівацца нашымі сельскагаспадарчымі працаўнікамі. Мы бачым шмат праблемаў у нашай сельскай гаспадарцы.
Людзі застаюцца ці вяртаюцца жыць у забруджаных мясьцінах. Гэта таксама вялікая праблема. Гэтых людзей не адукоўваюць, яны ня ведаюць, што можна рабіць, а чаго нельга. На побытавым узроўні лічыцца, што ўсё даўно зьнікла, радыяцыі няма. Людзі вырошчваюць бульбу, зьбіраюць грыбы, ходзяць на паляваньне. А гэта ўсё вельмі моцна ўплывае на здароўе. Людзі будуць хварэць і паміраць. А адкажа за гэта хто?
На жаль, цяпер мы назіраем тэндэнцыю на прыніжэньне наступстваў катастрофы на ЧАЭС: маўляў, гэта было даўно і ўжо ўсё мінула. Гэта няпраўда. Чарнобыль з намі яшчэ на многія-многія гады. А нейкія эканамічныя выгоды, якія Беларусь атрымлівае з выкарыстаньня забруджаных зямель, будуць зьнішчаныя выдаткамі на мэдыцыну».