Беларускаму рок-музыканту Лявону Вольскаму прысуджана прэмія Freemuse Award 2016. Гэтую прэмію з 2008 году атрымліваюць людзі і арганізацыі, якія зрабілі выбітную працу дзеля «свабоды музычнага выказваньня».
Музыка атрымае ўзнагароду на цырымоніі ў Стакгольме ў нядзелю 8 траўня 2016 году.
«Лявон Вольскі працягвае даўнюю традыцыю музыкаў з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, якія ў сваёй творчасьці зьвяртаюць увагу на істотныя сацыяльныя і палітычныя пытаньні. Яны становяцца сымбалямі рухаў за грамадзянскія правы, выказваючы праз сваю музыку расчараваньне і надзею», — сказаў выканаўчы дырэктар Freemuse Оле Рэйтоў.
Атрымаўшы гэтую навіну, Лявон Вольскі сказаў:
«Для мяне вялікі гонар атрымаць Freemuse Award у гэтым годзе, і я вельмі ўдзячны за гэта. Музыка — цэнтар майго жыцьця, зь яе дапамогай я распавядаю, за што я люблю Беларусь і што мяне ў ёй непакоіць. Грунт для творчасьці — свабода ў яе найчысьцейшай форме. Без свабоды няма музыкі і няма праўды — няма праўды ў музыцы. Я лічу гэта ўзнагародай для ўсіх людзей, якія падтрымліваюць мяне ў Беларусі, у Эўропе і іншых краінах сьвету, і для ўсіх людзей, якія дапамагаюць захоўваць свабоду мастацкага выказваньня».
Лявон Вольскі — беларускі рок-музыка. Ён набыў папулярнасьць, будучы лідэрам гурту «Мроя», які ў 1994 годзе трансфармаваўся ў «N.R.M.» і за 13 гадоў выпусьціў 8 альбомаў. Сумесныя праекты з удзелам Вольскага — «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут» — сталі ў Беларусі культавымі.
Акрамя «N.R.M.» Лявон Вольскі сьпяваў і граў у гуртах «Крамбамбуля» і «Zet». Аўтар некалькіх кніг паэзіі.
Пасьля сыходу з «N.R.M.» Лявон Вольскі запісаў тры сольныя альбомы: «Куплеты і прыпевы», «Белая яблыня грому» і «Грамадазнаўства». Цяпер вядзецца краўдфандынгавая кампанія, мэтай якой ёсьць выпуск чацьвёртага сольнага альбому музыкі «Грамадазнаўства-2».
Ад 2010 году Лявон Вольскі ўдзельнічае ў стварэньні перадачы радыё Свабода «Саўка ды Грышка», у 2011 і 2012 гадах у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшлі два мультымэдыйныя дыскі гэтага праекту.