У адной з «Казак жыцьця» Якуб Колас мэтафарычна выявіў Зьмітрака Бядулю гэткім прыгожым і мудрым Кучаравым дрэвам: «Буйна-радасна, сакавіта-музычна шумела маладое лісьце на Кучаравым дрэве. У гэтым шуме пераліваліся найдалікатнейшыя тоны тае песьні, якую можна было б назваць песьняю аднаўленьня... А калі раніцою на гэтым Дрэве спыняліся промені сонца, заляцеўшы сюды зь недасяжных глыбінь, яны разьвешвалі на вільготным лісьці мнагаструнную арфу...».
1. Не любіў піць алькаголь, але шчодра частаваў іншых
Паводле Заіра Азгура: «Бядуля не любіў піць, але калі да яго прыходзілі сябры, ён вельмі любіў частаваць і рабіў выгляд, што пʼе чарку за чаркай».
2. Лічыў, што самае галоўнае прызначэньне жанчыны — выйсьці замуж і гадаваць дзяцей
Паводле словаў яго сына, Яфіма Плаўніка: «...он [Зьмітрок Бядуля] с трепетом и уважением относился к женщине... Но считал, что та обязательно должна выйти замуж и быть основой семьи, родить детей. Он выдал замуж всех своих сестер: Геню — за критика Чаржинского, Реню — за военного Ласко (...) Тетя Реня прекрасно пела, ей надо было поступать в консерваторию. Она была подругой Александровской. Та поступила, а мой отец Рене сказал: „Не надо“. У Змитрока Бядули был довольно домостроевский склад ума».
3. Любіў назіраць, як яго сёстры і Зоська Верас гатуюць вячэру
«Прыйшоўшы дамоў, змучаныя, галодныя, пачыналі рабіць сабе вячэру... Ізноў Рэня ганяла брата: „Бядуля, прынясі вады“. Ён паслушна спаўняў, але, зрабіўшы што трэба, з кухні не выходзіў. А кухня цесная, маленькая... Тады я ўжо прасіла: „Пане Бядуля, не перашкаджайце“. А ён на гэта: „Дайце хвілінку мне каля вас натупацца“».
4. Янка Купала выратаваў яго сямʼю ад распаду
Яфім Плаўнік успамінае: «Семьи Бядули и Купалы дружили. (...) тетя Реня какое-то время даже жила ў Луцевичей. А когда родила первенца, дочь Валю, ее муж, военный, был в далекой командировке... И ее из роддома должен был забрать мой отец. Но его мать не могла смириться с тем, что по национальности муж тети Рени — русский. И сказала Змитроку: „Если ты заберешь ее из роддома, я уеду“. Папа тогда побежал к Янке Купале. А поэт сказал: „В чем дело? Я сейчас возьму машину, жену, заедем за твоей сестрой, и она ў нас будет жить“. Вот и жила с дочерью ў Янки Купалы, пока не вернулся ее муж».
5. Хараством яго сясьцёр захапляўся Максім Багдановіч
Яфім Плаўнік згадвае: «Все Плавники были необыкновенно красивы. Только отцу „не повезло“! Тетя Геня еще до революции заняла первое место на конкурсе красоты в Минске. Максим Богданович говорил о ней: „Королева английская“».
6. Іранічна ставіўся да сваёй вострахарактарнай зьнешнасьці
На прапанову Заіра Азгура пазіраваць адказваў: «На мой твар трэба вельмі шмат гліны, і гэта вельмі вялікая работа, таму што маё аблічча прарэзана зморшчынамі, як тое ўзгоркавае поле пад Лагойскам».
7. Сваім найлепшым сябрам лічыў Кузьму Чорнага
Па ўспамінах Заіра Азгура: «....Бядуля з надзвычайнай цеплынёй, як роднага брата, успамінаў Кузьму Чорнага. Ён вельмі шкадаваў, што няма яго вось тут, разам з намі [у той час Кузьма Чорны быў зьняволены ў турме (14.10.38 — 08.06.39)], і што нельга, як звычайна, пажартаваць, пасьмяяцца з промахаў у літаратурных творах сваіх субратоў»; «...зайшоў Кузьма Чорны. У Бядулі нібыта крыльлі вырасьлі».
8. Кузьма Чорны прызнаваўся ў каханьні вершамі Зьмітрака Бядулі
Заір Азгур пісаў, што Кузьма Чорны: «...па дарозе расказваў мне пра свае сустрэчы зь Бядулем і ўвесь час гаварыў, што вельмі любіць Зьмітрака і ня можа забыць адной маленькай яго рэчы: „Яна напісана так моцна... што калі я хачу прызнацца каму-небудзь у каханьні, я проста чытаю напамяць Бядулю:
«Прытуліся ка мне ты, дзяўчынка мая,
Ты ня бойся мяне, я кахаю цябе».
9. Лічыў, што ўсе мужчыны ў яго сямʼі павінны ўмець іграць на скрыпцы
Яфім Плаўнік успамінаў: «...поскольку мальчики в семье Плавников должны были играть на скрипке, меня тоже отдали учиться. И отец играл на скрипке, и дядя Израиль».
10. Баяўся антысэміцкіх выказваньняў, і таму мала каму давяраў
Па ўспамінах Зоські Верас: «Адно было дзіўна: дома зь сёстрамі гаварыў па-беларуску, пісаў па-беларуску, але, відаць, ня ўсім беларусам давяраў. Можа, баяўся, што знойдуцца паміж намі людзі, якія аднясуцца да яго непрыхільна? Адным словам, антысэміты... Бо ніколі не прымаў удзелу ў ніякіх паседжаньнях, сходах, зьездах, вечарынах і г.д. Сёстры, асабліва малодшая Чэрня, бывалі ўсюды на людзях, ён — ніколі. З паасобнымі людзьмі: Ядвігіным Ш., Вандай Лявіцкай, Смолічам, Галубком, Фальскім, — адносіны былі як найлепшыя, але ў грамадзе, у таварыстве, агульна з усімі, яго ніхто ніколі ня бачыў»;
Барыс Мікуліч пісаў: «Было такое впечатление, что какое-то „одиночество“ окружает этого большого художника белорусской литературы, что одни бегут от его, а других чуждается он сам».
11. Выступаў супраць дыялектных выразаў у літаратуры
«...Шмат хто з нашых пісьменьнікаў ужывае ў мастацкіх творах закавырыстыя слаўцы сваёй ваколіцы. Вельмі часта такія словы незразумелыя ня толькі чытачам, але і спэцыялістам (...) Такія грашкі здараюцца ў некаторых пісьменьнікаў і старэйшага пакаленьня. Кожны зь іх зьяўляецца як бы патрыётам сваёй воласьці — прызнае толькі мову сваёй невялічкай ваколіцы. А ўжо надыходзіць пара пакончыць з жарганізмамі ў нашай літаратуры. Кожны пісьменьнік павінен мець свой асобны стыль, але мова павінна быць адна, зразумелая для ўсіх».
12. Лічыў, што ў Беларусі няма сапраўднай літаратурнай крытыкі
«Здаровай крытыкі ў нас пакуль што няма. Ёсьць крытыка групавога характару. Кожны групавы крытык бачыць у членах сваёй групы выключна пралетарскую ідэалёгію, а ў іншых — буржуазную»; «Няма крытыкі. У нас да гэтага часу яшчэ няма крытыкі на творы нашых пісьменьнікаў. Няма поўных і пэўных разглядаў твораў як старых, так і маладых тварцоў нашага прыгожага пісьменства. У нас ёсьць толькі бібліяграфічныя нататкі альбо выпадковыя, канспэктнага характару артыкулікі аб тым ці іншым пісьменьніку. Проста гора. Хоць ты зьнекуль спэцыяльна выпішы крытыка-спэцыяліста».
13. Лічыў, што беларускі тэатар дасягне посьпеху, калі спалучыць у сабе эстэтычныя пошукі Станіслаўскага і Мэерхольда
«Беларуская студыя ў Маскве пераходзіць ужо на 3-ці вучэбны год. (...) Наша тэатральная студыя папала якраз на самы рубеж двух тэатральных напрамкаў — правай школы Станіслаўскага і левай — Мэерхольда (...) Кіраўнікі беларускай студыі ў Маскве (...) бяруць для асновы сярэдняе з гэтых двух напрамкаў — павінны гарманіраваць паміж сабою ўнутраны зьмест і зьнешняя форма. Адно без другога быць ня можа. Зьмест і форма — ідэальны сынтэз».
14. Быў перакананы, што на беларускай сцэне павінна ставіцца перадусім айчынная драматургія
«Нам спачатку нецікава бачыць на беларускай сцэне Шэксьпіра, Сэрвантэса, Шылера, Мальера і інш. Гэта мы можам бачыць пакуль што на любой мове. Нам спачатку дайце зь беларускіх падмосткаў толькі беларускае. Ужо пасьля, калі беларускі тэатар нажыве сабе імя сваёй уласнай творчасьцю, тады толькі можна будзе даць і сусьветных клясыкаў. З спэцыфічна беларускім рэпэртуарам можна будзе рабіць турнэ па ўсіх вялікіх гарадах СССР. А калі ў рэпэртуары будуць мець перавагі чужыя сцэнічныя творы — тады сядзі сабе ў Менску і ня рыпайся, бо для небеларусаў гэта будзе нецікава».
15. Быў вялікім прыхільнікам інтэрактыўных спэктакляў без аніякай «чацьвёртай сьцяны»
Зьмітрок Бядуля пісаў пра пастаноўку Еўсьцігнея Міровіча «Чырвоная маска» (пʼеса Анатоля Луначарскага): «Падняў настрой публікі і ажывіў усю пʼесу мітынг рабочых у 4-й карціне. Тут рэжысэр як бы ўчыніў цікавы экспэрымэнт калектыўнай сцэны, дзе ў ігры прымае ўдзел уся публіка. На некалькі хвілін тэатар зрабіўся сцэнай. Артысты — расьсеяныя сярод публікі, з усіх куткоў тэатра, прымаючыя ўдзел у мітынгу, галасуючыя, выкрыкваючыя і „за“ і „супраць“ прамоўцаў, — захапілі і глядзельнікаў, якія парываліся таксама прыняць удзел. Здаецца, яшчэ некалькі хвілін — і ўся публіка пачала б разам з артыстамі іграць. Гэты экспэрымэнт яскрава паказвае вялікае значэньне такой калектыўнай сцэнічнай творчасьці, дзе няма паасобна артыстаў і публікі, а ўсе іграюць, усе твораць».
16. Адна зь яго самых шчасьлівых падзей — атрыманьне ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцяга
Заір Азгур успамінаў: «Такім шчасьлівым я яго ніколі ня бачыў. Ён сьмяяўся, і ад радасьці па яго твары цяклі сьлёзы... Бядуля гаварыў: „Заірка, нам ёсьць чаго радавацца. Больш ніякі Бэндэ ня будзе лаяць і ніхто ніякіх ярлыкоў прышываць ня будзе“».
17. Лічыў вялікай несправядлівасьцю тое, што літаратары мусяць спалучаць творчасьць і працу ў дзяржаўных установах
«Літаратуры яны аддаюць той выпадковы вольны час, які застаецца ў іх пасьля службы ва ўстанове. Яны аддаюць мастацкай творчасьці той час, які звычайна служачы мае для адпачынку. (...) Пісьменьнік бярэцца за пяро змораны дзённай працай, з-за чаго вельмі цярпіць і якасьць і колькасьць яго творчасьці», «Пры якіх варунках нашы пісьменьнікі пішуць свае творы? Кожны зь іх працуе на звычайнай дзяржаўнай службе. Кожны зь іх мае шмат розных абавязкаў, якія адымаюць у пісьменьніка найлепшы час. Спэцыяльна літаратурай ніхто зь беларускіх пісьменьнікаў не займаецца. (...) ён аддае вельмі скупыя гадзіны, піша ўрыўкамі і тады, калі ён вызваляецца ад сваёй будзённай працы дзеля здабываньня кавалка хлеба. Гэта значыць, што наш пісьменьнік бярэцца за літаратурную працу тады, калі ён ужо змучаны, калі ўся энэргія аддадзена той рабоце, якую за яго маглі б выпаўніць іншыя».
18. Артыстычна ярка чытаў свае творы
Заір Азгур успамінаў: «Ён чытаў мне асобныя часткі з „Цудоўнай табакеркі“. Як заўсёды, чытаў ціха і вельмі па-артыстычнаму. Мне здаецца, што з усіх пісьменьнікаў бадай адзін Бядуля чытаў свае творы так па-майстэрску (...) У яго сказ неяк варушыўся, і я выразна сабе ўяўляў ня толькі падзеі (...), але і рух — настолькі скульптурна ўсё было пададзена. Здавалася, Бядуля не чытае, а проста бачыць і расказвае, што адбываецца».
19. Яго апошнія словы перад сьмерцю «дайте мне последнюю сигарету» захаплялі Міхася Стральцова, які сам быў вялікім курцом
Гарольд Вольскі ўспамінае дзень сьмерці Зьмітрака Бядулі: «...семʼі пісьменьнікаў было вырашана эвакуіраваць у Алма-Ату. Дабраліся да станцыі, пагрузіліся і паехалі. Страшэнна хацелася есьці. Таму там, дзе спыняліся, мянялі якія заўгодна рэчы на хлеб. Аднойчы спыніліся на станцыі Сяміглавы Арол, што ў 12 кілямэтрах ад Уральску. Абмен ужо заканчваўся, калі цягнік даў гудок. Зьмітрок Бядуля захваляваўся, што цягнік паедзе безь яго, і пабег. Мы за ім. Пасьпелі. А Бядуля любіў пальцамі скручваць махорку, з-за чаго яна станавілася пузатай. Я ўвесь час зьвяртаў на тое ўвагу, бо паліў сам. Бядуля скруціў яе, зацягнуўся некалькі разоў — і яму стала дрэнна. Марыя Ісакаўна, яго жонка, папрасіла: „Гарык, падтрымай“. Я падбег, праціснуўся, падтрымаў. Бядуля пачаў задыхацца. І заціх. На маіх руках ён і памёр. Таму мы выгрузіліся ва Ўральску, дзе Бядулю і пахавалі».
20. Яго пахаваньне было па-тэатральнаму прыгожым
Яфім Плаўнік успамінаў: «Когда он умер, многие семьи белорусских писателей выгрузились и остались в Уральске, хотя должны были ехать в Алма-Ату. Отца хоронил витебский коласовский театр, который в это время там гастролировал. Обставили прощание по-театральному, гроб — на красном возвышении... Актеры читали произведения отца. Меня подтолкнули, чтобы я попрощался... Вдруг стало очень холодно, хотя осень была тёплая».
У артыкуле сярод іншага выкарыстаны матэрыялы Людмілы Рублеўскай «Семейная сага соловья» і Максіма Плотнікава «Зьмітрок Бядуля памёр на маіх руках...»