У камандзе Беларусі па веславаньні на байдарках і каноэ правялі ператрус на зборах у Францыі. Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Беларусі патрабуе растлумачыць правамернасьць ператрусу. Пра гэта гаворыцца ў лісьце беларускага боку да Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва.
Пра гэта паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Беларусі Ўладзімер Несьцяровіч.
Інцыдэнт адбыўся 12 красавіка ў францускім Ля Тампль-сюр-Лот. Ператрус быў ініцыяваны антыдопінгавым агенцтвам Парыжа, пракурор горада Ажэн даў дазвол правесьці яго з прыцягненьнем паліцэйскіх сіл, паведаміў БелТА галоўны трэнэр зборнай Уладзімер Шантаровіч.
На базе беларускай зборнай паліцыянты шукалі мэльдоній, а таксама апытвалі спартоўцаў, ці ўжывалі яны гэты забаронены прэпарат.
Уладзімер Шантаровіч назваў інцыдэнт правакацыяй, накіраванай на адхіленьне беларускай зборнай па веславаньні ад удзелу ў Алімпіядзе.
Як патлумачыў БелаПАН Несьцяровіч, падчас расьсьледаваньня інцыдэнту беларускі бок хоча высьветліць, наколькі правамоцнымі былі дзеяньні францускага антыдопінгавага агенцтва:
Былі парушаны вельмі многія прынцыпы, уключаючы прэзумпцыю невінаватасьці, дапушчаны псыхалягічны ціск на спартоўцаў.
«У залежнасьці ад адказу Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва будуць прадпрымацца далейшыя крокі. Ня выключана, што будзе зварот у судовыя інстанцыі, таму што тут былі парушаны вельмі многія прынцыпы, уключаючы прэзумпцыю невінаватасьці, дапушчаны псыхалягічны ціск на спартоўцаў: ператрус, асабісты агляд, шматгадзінныя допыты зь бясконцым паўторам адных і тых жа пытаньняў».
Паводле прадстаўніка Мінспорту, раней беларускія спартоўцы з такім не сутыкаліся.
Цяпер яны вярнуліся з Францыі і працягваюць трэніроўкі на радзіме.
Раней у дванаццаці беларускіх атлетаў з чатырох відаў спорту ў допінг-пробах выявілі нязначную канцэнтрацыю мэльдонію. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Дзяніс Мужухін.
Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў прыгразіла санкцыямі супраць беларускіх спартоўцаў, калі яе прадпісаньні па барацьбе з допінгам і надалей будуць выконвацца гэткімі ж маруднымі тэмпамі.