Мядзелец Аляксей Язылец расказаў Свабодзе пра лад жыцьця вольнага вандроўніка і футбольнага заўзятара і даў парады тым, хто ня хоча падарожнічаць па пратаптаных турыстычных маршрутах.
За два гады ў Беларусі правёў толькі месяц
— Аляксей, колькі часу ты праводзіш у падарожжах і колькі ў Беларусі?
— Я распавяду спачатку, як пачаў падарожнічаць. Заўзеў за менскі футбольны клюб «Дынама» і стаў выяжджаць на матчы. Усё было пакрыху: Беларусь, Украіна, Польшча. Потым стаў пашыраць межы сваіх падарожжаў. Пачаліся вандроўкі ў Азію, Эўропу, Афрыку — тады я бываў за межамі Беларусі па 5–6 месяцаў на год. Але апошнія два гады былі незвычайныя, я амаль увесь час правёў у руху, і выходзіць, што агулам быў у Беларусі толькі месяц — гэта калі скласьці ўсе дні паміж вандроўкамі, якія былі на працягу апошніх двух гадоў. У 2015 годзе наведаў 26 краін. У тым ліку Катар, Інданэзію, Манголію, Ізраіль і Палестыну, у якіх раней не бываў.
— А колькі ўсяго краін ты наведаў?
— За выключэньнем Антарктыды, я праехаў усе кантынэнты ад берага акіяна да берага акіяна. Усяго 90 краін і яшчэ 6 непрызнаных ці часткова прызнаных тэрыторыяў, такіх як Паўночны Кіпр, Косава ці Прыднястроўе. У мяне два падарожжы вакол зямнога шару — у 2008 і 2014 гадах.
— Назаві якія-небудзь нетыповыя для беларускіх турыстаў краіны, дзе ты быў.
— Малаві, Замбія, Судан, Аўганістан, Ірак, Аўстралія, Этыёпія, Канада, Свазілэнд, Лесота, Паўднёвая Карэя, Намібія, Інданэзія, Парагвай, Уругвай, Чылі, Балівія, Пэру. Але ў некаторых краінах, якія даволі звычайныя для турыстаў, я быў у цяжкадасяжных рэгіёнах. Гэта некаторыя раёны Аўстраліі, прыпалярная Канада, запалярная Аляска, куды вельмі цяжка трапіць, бо туды папросту вельмі мала транспарту езьдзіць.
Аўтаспын працягвае чалавечае жыцьцё
— На сушы ты вандруеш аўтаспынам?
— У асноўным аўтаспынам і некалькі разоў такімі яго разнавіднасьцямі, як авіяспын і гідраспын (напрыклад, у мінулым годзе плыў спадарожным паромам у Інданэзіі, і мне нават дазволілі крыху пакіраваць, пакруціць штурвалам). Але даводзілася перамяшчацца і аўтобусам, і цягнікі я вельмі люблю. За папярэднія 12 месяцаў праехаў чыгункай каля 30 тысяч кілямэтраў па 12 краінах Азіі і Эўропы, правёў у цягніках нямала начэй і дзён, вандраваў і самым працяглым чыгуначным маршрутам у сьвеце — Уладзівасток — Масква — а гэта 9301 кілямэтар, 7 дзён і 7 начэй; дарэчы, квіток каштаваў усяго 70 даляраў. Я пляную свае вандроўкі так, каб пералятаць толькі акіян, а пасьля ўжо па зямлі — ад порту да порту. Я б вельмі хацеў больш вандраваць праз моры і акіяны паромамі, але, на жаль, такі від вандровак вельмі дарагі, авіяпералёты часьцей за ўсё нашмат таньнейшыя. Увогуле, вольны падарожнік без патрэбы не карыстаецца самалётам, але бываюць моманты, калі гэта вельмі танна, ці вельмі зручна, ці ты вельмі сьпяшаесься. Тады — так, сядаю ў самалёт. Сапраўды, бываюць вельмі заманлівыя прапановы. Напрыклад, напрыканцы мінулага году лятаў за 15 эўра ў Рым, дзе рады быў прысутнічаць на адкрыцьці папай Францішкам Сьвятых варотаў у саборы Сьвятога Пятра ў Ватыкане. Гэтая падзея адбываецца раз на 25 гадоў, каб кожнае пакаленьне людзей магло паўдзельнічаць. А затым, праз тры тыдні, за 10 эўра пераляцеў у Ізраіль — на Божае Нараджэньне ў Бэтлееме з начной сьвяточнай літургіяй у месцы, дзе Хрыстос нарадзіўся... Было шмат вернікаў з розных куткоў плянэты, трансьляцыя на шматлікія краіны сьвету, вельмі моцныя ўражаньні...
Аднак мая асноўная мэта — вандраваць па зямлі, бо тады ты бачыш, як зьмяняецца прырода і людзі ад краіны да краіны. У мяне быў цікавы маршрут Беларусь — Паўднёвая Афрыка. Я цалкам (акрамя Эгіпту, дзе я вельмі хацеў перамяшчацца цягніком, бо аўтастопам вандраваў там раней) праехаў гэты шлях аўтаспынам праз Украіну, Баўгарыю, Турцыю, Сырыю, Іярданію, Эгіпет, Судан, Этыёпію, Кенію, Танзанію і Мазамбік, а затым у паўночным кірунку празь іншыя краіны. Увогуле, я лічу, што аўтаспын вельмі моцна працягвае жыцьцё чалавека праз інтэнсыфікацыю. Я столькі людзей новых сустракаю, столькі ўсяго новага даведваюся амаль што кожны дзень. Нават бывае, што прайшло, скажам, шэсьць месяцаў, а мне здаецца, што тры гады, таму што так шмат усяго адбылося.
Дарэчы, бясплатны падвоз людзей апісаны яшчэ ў Бібліі, у Новым Запавеце, калі этыёп падвозіў на калясьніцы Філіпа зь Ерусаліма ў кірунку Газы.
Я лічу, што ў вольных падарожжах, як і ў любой справе, важна мець цярпеньне і пастаянства намераў. Вядома, не заўсёды спыняецца адразу першая машына, часам трэба пачакаць. Але затое можна натрапіць на аўтамабіль, зь якім будзе доўга па дарозе. Напрыклад, у Афрыцы я вандраваў 18 дзён у спадарожным «доме на колах» з партугальцамі, якія запрасілі ехаць разам хоць да самага Поўдня Паўднёвай Афрыкі...
— Ты бачыў амаль увесь сьвет. Скажы, дзе, на тваю думку, самыя прыгожыя дзяўчаты?
— Для мяне ўсе дзяўчаты прыгожыя, у кожнай — свая прыгажосьць. Для мяне важная гарманічнасьць. А рэйтынг можа быць такі: Украіна, Беларусь, Тайлянд, Этыёпія, Паўднёвая Карэя...
Віза — не перашкода
— А як ты візы атрымліваеш?
— Вельмі па-рознаму. Некаторыя ў Беларусі раблю. Некаторыя — на мяжы з краінамі, у якія еду, іншыя — у амбасадах суседніх краін. Насамрэч, вельмі па-рознаму адбываецца. Ёсьць краіны вельмі бюракратычныя, дзе візу трэба два тыдні чакаць, ёсьць менш бюракратычныя — там візу робяць за некалькі гадзін. Цікава, што ў вельмі бедных краінах Афрыкі, куды вельмі мала турыстаў едзе, можна з консулам таргавацца за кошт візы. У мяне такое бывала. А вось у Мазамбік трапіў напачатку бязь візы, мне не ўдалося легалізавацца ў гэтай краіне. Правёў у ёй 6 дзён без адзінай адзнакі ў пашпарце, а затым неверагодна дабіраўся назад у Танзанію, па афрыканскім бездарожжы, машынамі па лясных сэзонных дарогах. Урэшце мяне падвезьлі да Дар-эс-Салама, дзе я атрымаў візу Мазамбіка. Другі раз паехаў у гэтую краіну зь легальнымі налепкамі ў пашпарце, і мяжу паміж Танзаніяй і Мазамбікам пераплываў на драўлянай вузкай лодцы. Яна працякала, і двое мазамбікцаў вычэрпвалі ваду.
— Ты казаў, што пачынаў падарожнічаць як футбольны фанат. А цяпер ты хто больш — фанат ці вольны падарожнік?
— Сапраўды, першыя мае вандроўкі былі зьвязаныя толькі з футболам, я нават лічыў днямі ў падарожжы толькі такія, якія выпадалі на футбольныя матчы. Агулам за межы Беларусі я зрабіў 57 вандровак — з «Дынама» і беларускімі зборнымі па футболе і гандболе. Паступова пасьля наведваньня матчаў я стаў затрымлівацца ў краінах, каб наведаць цікавыя месцы. Атрымалася спалучэньне футболу і вандровак, якія захоплівалі мяне больш і больш. Адпаведна, сталі пашырацца і дыяпазоны падарожжаў. Цяпер, вядома, ёсьць падарожжы, якія не зьвязаныя з футболам. Але ўсё роўна стараюся складаць свой каляндар так, каб не прапускаць матчы «Дынама».
Каб зразумець краіну, трэба пажыць разам зь мясцовымі
— Твае падарожжы вельмі простыя з пункту гледжаньня камфорту. А як ты ставісься да дарагіх вандровак?
— Так, мае падарожжы даволі аскетычныя, я не спыняюся ў дарагіх гатэлях, не харчуюся ў модных рэстаранах. Увогуле, лічу, што ёсьць тры віды арганізацыі вандровак. Першы — гэта пуцёўкі, калі ўсё арганізавана турапэратарам. Мінус — ты бачыш сьвет вачыма гіда і амаль ня маеш магчымасьці камунікаваць зь мясцовымі. Другі від — гэта горны, пешы турызм, а таксама байдаркі і лыжы. Гэта такі турызм, які практыкавалі нашы бацькі. Часам і мы займаемся тым жа, аднак тыя ж 600 кілямэтраў за дзень (сярэдняя хуткасьць аўтаспыну ў многіх краінах, дзе добрыя нягорныя дарогі), зразумела, такім спосабам ня пройдзеш. Трэці від — гэта вольны турызм, тое, што я практыкую. У такім падарожжы ты сам перамяшчаесься па краінах, бачыш сьвет сваімі вачыма, і вельмі шмат залежыць ад уменьня камунікаваць зь мясцовымі, тымі, для каго такія размовы — ня праца. Я начую не ў гатэлях, а ў мясцовых жыхароў, каштую мясцовую ежу, знаёмлюся з побытам і завядзёнкамі.
— А як ты плянуеш свае падарожжы?
— Збольшага ў мяне расплянаваныя паездкі на тры гады наперад. Як я ўжо казаў, у маршрут закладаю ўсе спартовыя мерапрыемствы, якія хачу наведаць. Таксама стараюся так прадумаць шлях, каб пабываць на моры кожную пару году, завітаць у горы ці на якую-небудзь новую выспу, сустрэцца зь сябрамі. Авіяквіткі набываю самым вядомым спосабам — адсочваю спэцыяльныя сайты, шукаю зьніжкі, пільную акцыі і распродажы. Вось летась набыў квіток з Варшавы да Тайлянду за 165 даляраў, што вельмі танна. Я купіў яго і вырашыў з Тайлянду паехаць на позьнюю зімоўку ў Інданэзію. Калі казаць пра плянаваньне побыту ў той ці іншай краіне, то тут вельмі часта ў мяне ўсё залежыць ад сытуацыі на месцы. Бывае, сустракаю цікавых людзей, якія запрашаюць пажыць у іх — і тады застаюся ў тым месцы даўжэй, чым плянаваў першапачаткова. Таксама залежыць ад транспарту — калі знаходжу спадарожную машыну, якая едзе ў патрэбнае месца, то тады зьяжджаю раней. Карацей, плян даволі сытуацыйны. Але ж мяне гэта не напружвае, таму што я ж еду не на некалькі дзён, а на даволі працяглы час, напрыклад, на 30 дзён ці некалькі месяцаў.
У торбе — бел-чырвона-белы сьцяг
— Паехаць у экзатычную краіну на 30 дзён і мець няпэўны плян — бадай, мара любога чалавека. Але ня ўсе сабе гэта могуць дазволіць. Адкуль ты бярэш грошы на падарожжы?
— Я той шчасьлівы чалавек, які сумяшчае хобі і працу. Я працую гідам-фрылансэрам, важу турыстычныя групы ў вандроўкі. Плюс у тым, што я магу рабіць гэта ў любой краіне, але цяпер я больш канцэнтруюся на Ўсходняй Эўропе. Наогул, час і грошы ўзаемазамяняльныя, карыстаесься тым, чаго больш. Але лепш за ўсё мець і тое, і другое. У падарожжах траціш прыкладна столькі ж грошай, колькі і ў Менску... Вядома, шмат залежыць і ад патрэбаў — калі яны не разьдзьмутыя, дык і фінансавых сродкаў трэба менш.
— Калі ты ў вандроўцы, што ў тваім багажы?
— Звычайна намёт і спальны мяшок, бо часта даводзіцца начаваць не ў памяшканьні. Таксама гігіенічныя сродкі, дакумэнты, мапы і нацыянальная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг або нешта з выявай герба «Пагоня». Калі я еду на матчы, то тады бяру сымболіку «Дынама», таксама — газавы кухонны балёнчык, строі. Зьнешні выгляд таксама можа быць важны, калі вандруеш аўтаспынам. Падарожнік жа вольны чалавек, а ня бомж. Але самае галоўнае — узяць з сабой мазгі...
— У цябе шмат фатаздымкаў у самых розных кутках плянэты зь бел-чырвона-белым сьцягам. Для чаго ты гэта робіш?
— Я люблю сваю краіну, гісторыю, спадчыну, мову. Калі падымаюся на нейкі вулькан, то фатаграфуюся на памяць са сваім родным сьцягам альбо з сымболікай «Дынама».
— Што ты расказваеш пра Беларусь, калі размаўляеш з замежнікамі? І што яны ведаюць пра нас?
— У асноўным уся камунікацыя па-ангельску адбываецца. На жаль, беларуская мова не распаўсюджаная ў сьвеце (сьмяецца). Часта, дарэчы, па-польску даводзіцца размаўляць, таму што палякаў неяк шмат ва ўсіх краінах. Калі казаць глябальна, то я скажу, што Беларусь ведае вельмі мала хто ў сьвеце. Калі браць афрыканскія краіны, то зусім ня ведаюць. У Турэччыне ці Іране — нехта нешта чуў пра нас. Ну, звычайна даводзіцца распавядаць, што мы знаходзімся паміж Польшчай і Расеяй, што ў нас дзесяць тысяч азёраў, што ў нас бываюць маразы зімой. Камусьці цікава паслухаць пра беларускі спорт.
Сьвет гасьцінны, калі гасьцінны ты сам
— Ты аддаеш перавагу не гатэлям і хостэлам, а дамам мясцовых жыхароў. Падзяліся сакрэтам: як можна трапіць на начлег у дом, ды каб цябе яшчэ і пакармілі?
— Я хачу адзначыць, што я быў у вельмі розных дамах — у вельмі багатых і ў вельмі бедных. І мне гэта звышцікава. Напрыклад, у Паўднёвай Афрыцы я начаваў у вельмі багатых маёнтках, бываў на шыкоўных вілах, якія абнесеныя калючым дротам і сыгналізацыяй, сустракаўся зь мільянэрамі. Багатыя людзі запрашалі ў вельмі дарагія рэстараны. А ў Кеніі я быў у гасьцях у сям’і, дзе ў пакойчыку гатуюць на вогнішчы ежу і сьпяць у адным памяшканьні з курамі. Мне аднолькава цікава назіраць за жыцьцём — няважна, багаты гэта чалавек ці бедны. Я хачу сказаць, што нават у краінах, якія ў СМІ рэпрэзэнтуюцца яе бедныя ці небясьпечныя, шмат добрых і гасьцінных людзей, гатовых разьдзяліць дах і ежу з падарожнікам. Упэўніваесься, што сьвет гасьцінны, але і самому пры гэтым трэба праяўляць гасьціннасьць, частаваць іншых, запрашаць у госьці, адным словам — павялічваць гасьціннасьць...
У сьвеце ядуць адно і тое ж — хлеб, бульбу, рыс
— Ці даводзілася адмаўляцца ад ежы, таму што яна занадта нязвыклая для цябе?
— Тое, што ў экзатычных краінах ядуць выключна зьмей і тараканаў — гэта міт. Насамрэч, усюды простыя людзі ядуць даволі звычайную ежу, найперш — рыс, бульбу, хлеб, агародніну і садавіну. І калі ты хочаш паспытаць нешта калярытнае накшталт вяленых мазгоў малпы, то гэта ў рэстаранах. Не скажу, што часта туды наведваюся. Усё ж часьцей харчуюся звычайнай ежай.
— Якія словы трэба ведаць на мове краіны, у якой ты знаходзісься?
— Дарога, направа, налева, дзякуй, ісьці, горад, вакзал, чыгунка. Граматыкі ніякай ня трэба ведаць.
— Якія краіны ты раіш наведаць беларусам?
— Спачатку падкажу такое назіраньне: чым даўжэй ты ў любой краіне, тым таньнейшай яна становіцца. Я раю выбірацца ў больш працяглыя вандроўкі. Беларусам параіў бы такія кірункі: першы — Інданэзія, Тайлянд і Малайзія; другі — Іран і дзяржавы вакол яго: Грузія, Армэнія, Таджыкістан, Узбэкістан, Туркмэністан, Кіргізстан; трэці — гэта паўночныя краіны: Нарвэгія, Фінляндыя і Швэцыя, Аляска ў ЗША, Англія, Шатляндыя, Ісьляндыя; а чацьвёрты — Польшча, Украіна і Румынія.
— Што можа прымусіць цябе адмовіцца ад такога ладу жыцьця?
— Адказ вельмі просты — стварэньне сям’і, дзеці. Таму пакуль я імкнуся максымальна выкарыстаць час і падарожнічаць як мага больш. А нядаўна завёў інстаграм @liolik_on_tour, дзе выкладваю здымкі з маіх ранейшых і новых падарожжаў.