Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царква была за немцаў


Сяргей Астраўцоў.
Сяргей Астраўцоў.

Леанід Рэйн, «Каралі і пешкі»; Інбелкульт, Смаленск 2015; 443 старонкі; пераклад з ангельскай Вольфа Рубінчыка.

Не, я не кажу, што ў душы яна была за іх. Яна разумела, што Сталін і Гітлер былі аднолькава чэрці з рагамі. Але адзін расстрэльваў сьвятароў, гнаіў у турмах і Гулагу, узрываў храмы, забараняў маліцца ў цэрквах, рэпрэсіраваў царкву як інстытуцыю. А пры другім ёй далі нарэшце спакой. Царкоўныя ўлады нават удзельнічалі ў зборы злому для вэрмахту. Мітрапаліт Панцеляймон заклікаў здаць усе каляровыя мэталы. Калі бальшавікі скідалі з вышыні званы, зьнішчалі, разбуралі, то чаму б пару лішніх або ня конча патрэбных званоў ня здаць добраахвотна? Лягічна?

Калі прыйшлі немцы, толькі ў Барысаве, Віцебску, Магілёве, Оршы, Полацку і Шклове зноў расчыніліся дзьверы 53 цэркваў, закрытых савецкай уладай. У адным Барысаве служылі ў 21 царква. Факты сьведчаць самі за сябе. Вось толькі чытаючы аб праваслаўнай царкве, ты ў адным месцы спатыкаесься зьнянацку аб «так званых уніятаў (грэка-каталікоў)»...

Аднак псуе ўражаньне ад добра падрыхтаванага разьдзелу кнігі Леаніда Рэйна больш тое, што аўтар часам празь некалькі сказаў паўтарае «беларускія нацыяналісты», «крайнія нацыяналісты». «Гэты крок дазваляў апантаным нацыяналістам цешыцца зь беларусізацыі праваслаўнай царквы» — піша ён. Чаму аўтару кнігі так не даспадобы, каб беларусы маглі мець магчымасьць маліцца ў храме на роднай мове? Незразумела. Тым больш ён сам заўважае, што пры паляках адбывалася палянізацыі царквы. Гэты пастаянны паўтор «беларускія нацыяналісты» робіць кнігу Рэйна на нейкі час (царкве пад акупацыяй прысьвечаныя больш за трыццаць старонак) вельмі падобнай да прац сталінскіх і брэжнеўскіх прапагандыстаў. У іншых разьдзелах дасьледчык, трэба сказаць, пазьбягае гэтай недарэчнасьці.

Чаму аўтару кнігі так не даспадобы, каб беларусы маглі мець магчымасьць маліцца ў храме на роднай мове? Незразумела. Тым больш ён сам заўважае, што пры паляках адбывалася палянізацыі царквы

Сталін усьвядоміў, што калі пасьля вызваленьня акупаваных зямель ён зноў будзе тэрарызаваць царкву, людзі стануць з настальгіяй успамінаць немцаў, якія дазволілі свабодна маліцца. Таму ён крыху паслабіў зашмаргу на шыі царкоўнікаў, вырашыў выкарыстаць іх у сваіх мэтах.

У «Каралях і пешках» аўтар падрабязна разьбірае спробы беларускіх дзеячаў стварыць свае арганізацыі. Кіраўнік Беларускай самапомачы Іван Ермачэнка нават стаў галоўным камэндантам Беларускай самааховы, мовай якой мела быць беларуская. Аднак на пасадзе шэфа СС і паліцыі генэральнай акругі «Беларусь» апынуўся Вальтэр Шымана, які вырашыў адразу зьменшыць значэньне Самааховы. Ён скасаваў пасаду галоўнага камэнданта. Быў расфармаваны штаб Самааховы і забаронена наданьне званьняў яе афіцэрам. Немцы не жадалі яе ўзбройваць. Зброю даводзілася купляць у немцаў прыватна, за сала і самагон. І нават часам у партызанаў, якія таксама не адмаўляліся ад выпіўкі і закускі.

На нарадзе БНС, што адбылася напачатку 1943-га, піша Леанід Рэйн, быў падрыхтаваны дакумэнт, у якім гаварылася пра аўтаномію, стварэньне беларускага ўраду і войска. Мэтай ураду было б абвясьціць аб аддзяленьні Беларусі ад СССР і нават аб абвяшчэньні яму вайны. Дакумэнтам патрабавалася стварыць нацыянальныя збройныя сілы і каб немцы іх узброілі. Яны адказалі хутка: зьнялі з пасады Ермачэнку, а сама БНС стала называцца проста Беларускай самапомаччу.

Леанід Рэйн піша, што беларускае насельніцтва адрэагавала ў 1944-м на мабілізацыю ў Беларускую краёвую абарону «зь дзівосным энтузіязмам». Заявы ў савецкіх кніжках, што яна правалілася, не адпавядалі рэчаіснасьці. Фон Готбэрг, які яе абвясьціў, рапартаваў аб тым, што змабілізаваныя сорак тысяч. Па зьвестках немцаў, палова зь іх прыйшло на прызыўныя пункты ў адной Баранавіцкай акрузе. Немцам столькі ня трэба было. У БКА пакінулі дзевятнаццаць тысяч. Было сфармавана трыццаць дзевяць пяхотных і шэсьць сапёрных батальёнаў.

Што паўплывала на такую актыўнасьць? Дасьледчык зазначае, што наборам добраахвотнікаў займаліся самі беларусы, ня немцы. На той момант многім здавалася, што ствараецца сапраўды нацыянальнае войска. Па-другое, падкрэсьлівае аўтар, у 1944 годзе нямала людзей у акупаванай Беларусі па-ранейшаму больш баялася Сталіна, чым Гітлера. Чаму? Мы можам толькі здагадвацца. Увесь жах акупацыі людзі паспыталі ўжо. А як будзе помсьціць Сталін, калі вызваліць рэспубліку, ніхто ня мог уявіць. Ведаючы яго надзвычайную жорсткасьць у мірны час, чаго было чакаць у ваенны?

беларускае насельніцтва адрэагавала ў 1944-м на мабілізацыю ў Беларускую краёвую абарону «зь дзівосным энтузіязмам». Заявы ў савецкіх кніжках, што яна правалілася, не адпавядалі рэчаіснасьці

У сваёй кнізе Леанід Рэйн апавядае таксама аб «дзіўных хаўрусьніках» — Арміі Краёвай і немцах. Называюцца прозьвішчы вядомых камандзіраў АК, якія пайшлі на перамовы зь немцамі, каб атрымаць ад тых зброю. Хаця, як добра вядома, сілы АК лічыліся падпарадкаванымі антыгітлераўскай кааліцыі. Немцы хацелі, каб палякі дапамаглі ў змаганьні з савецкімі партызанамі. У час перамоваў зь немцамі ў Стоўбцах 4 лютага 1944 году польскі камандзір Адольф Пільх-Гура паведаміў, што ад СД атрыманы васямнаццаць тысяч патронаў, але тэрмінова патрэбныя карабіны, аўтаматы, ручныя гранаты, мінамёты і, пажадана, лёгкія супрацьтанкавыя гарматы. Рэйн спасылаецца на Юзафа Мацкевіча, паведамляючы, што ў Лідзкай акрузе немцы фактычна перадалі ўладу АК, каб тая ачысьціла павет ад бальшавікоў.

Я размаўляў аб кнізе з Валерам Булгакавым, які прывозіў у Горадню «Каралі і пешкі». Па яго словах, такога грунтоўнага дасьледаваньня зьявы калябарацыі ў Беларусі дагэтуль не было. Апрача таго, Леанід Рэйн сьцісла разабраў, чым было супрацоўніцтва з акупантамі ў іншых краінах Эўропы, якія захапіў Гітлер. Тое, што адбывалася падчас вайны ў Беларусі, па словах самога дасьледчыка, ён імкнуўся разгледзець пад павелічальным шклом, каб запоўніць лякуну, што была ва ўсіх ранейшых працах. Ён стараецца ўдумацца ў становішча людзей і паразважаць над усімі магчымымі формамі, каранямі ці матывамі, якія маглі падштурхоўваць да калябарацыі зь немцамі: у паасобных краінах Заходняй Эўропы, у нашых суседзяў, а таксама ў самой Беларусі. Напрыклад, піша Леанід Рэйн, моцна паўплывала на стаўленьне да немцаў даваенная палітыка палянізацыі і задушэньне беларускага руху на гэтак званых «крэсах». Немцы беларусам далі палёгку.

Леанід Рэйн зьвяртае ўвагу на тое, што бальшавіцкая ўлада прыклала нямала намаганьняў, каб у Беларусі многія яе ненавідзелі і былі рады немцам. Прынамсі напачатку. Вядома, што ў 1939-м большасьць сялян загналі ў калгасы. А напярэдадні арыштавалі дваццаць чатыры тысячы моцных вясковых гаспадароў, сем тысяч зь іх расстралялі. Хаця разнарадка была толькі на дванаццаць тысяч арыштаваных і на дзьве тысячы расстраляных, але НКВД любіла рабіць «удвая лепш». У гарадах таксама з арыштамі і расстрэламі плян перавыконваўся. А тут прыходзяць немцы. Канечне, з бомбамі, з разбурэньнямі. Але напачатку хоць НКВД зьнікла, сталінскія шакалы.

Кінутыя бальшавікамі пад акупацыяй мільёны людзей павінны былі памерці ці пайсьці ў партызаны. Калі не, яны былі здраднікамі, прынамсі падазронымі для Сьмершу і НКВД

Як вядома, савецкія і цяперашнія нашы прапагандысты атаясамліваюць уладу з краінай, з радзімай. Кінутыя бальшавікамі пад акупацыяй мільёны людзей павінны былі памерці ці пайсьці ў партызаны. Калі не, яны былі здраднікамі, прынамсі падазронымі для Сьмершу і НКВД, якія пасьля наступу Чырвонай арміі на захад наводзілі ў Беларусі свае парадкі. Так, каралі тых, хто ўдзельнічаў у расстрэлах, у злачынствах. Іншых рэпрэсавалі, помсьцячы за калябарацыю.

Відавочна: каб акупацыя 1941-га нагадвала акупацыю 1915-га, умовы жыцьця пад немцамі маглі быць лепшымі, чым пад сталінскай уладай, і беларусы былі б масава за акупантаў. Аднак у Нямеччыне шмат што зьмянілася. Нацысты лічылі іншых, славян у прыватнасьці, людзьмі ніжэйшага гатунку, супраць якіх быў патрэбны тэрор. Ня дзіва, што ў 1944-м разам зь немцамі ўцякалі перад Чырвонай арміяй тысячы людзей, хто працаваў у адміністрацыі, у паліцыі, ці проста жыў у гэтак званых «абаронных» вёсках, задачай якіх было супрацьстаяць партызанам. Аднак тысячы таксама заставаліся, разумеючы, што замест гестапа вернецца НКВД. Нехта на нешта мог спадзявацца, а іншыя рабіліся абыякавымі да лёсу. Хто запісаўся ў БКА, зьнішчаў шаўроны, неўзабаве ўсіх пагалоўна забіралі ў Чырвоную Армію і гналі ва Ўсходнюю Прусію альбо на Варшаву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG