Пэнсіянэр-памешчык у вёсцы, празь якую баяўся праходзіць Напалеон. Белая жаночая энэргія на Замкавым узгорку не слабейшая, чым у Грынвічы. Подых цемры вісіць над нашым сьветам. «Гайдук» у Ахоцкім моры пад бел-чырвона-белым сьцягам. Раман дапішацца ў Баўгарыі.
Гутарка зь Віктарам Стахвюком з Падляшша, які ў 1994 годзе давёў да таго, што ў Рэспубліцы Беларусь зьявіўся першы карабель беларускага акіянскага рыбалоўнага флёту. Другая перадача з новага цыклу Радыё Свабода «Радасьці жыцьця».
Ян Максімюк: ...Віктар, а прыгода з акіянскім беларускім флётам і «Гайдуком» — гэта была проста прыгода, ці ты меў нагоду і крышку падзарабіць?..
Віктар Стахвюк: ...Дывідэнды для мяне былі насамрэч другараднай справай. Яны не былі вялікія — ні беларускаму боку, гэта значыць спадару Сіўчыку, ні мне. Мы працавалі на грані выжываньня. Для мяне самае важнае — я тут не крыўлю душой — было тое, што Беларусь мае карабель, які плавае па акіянах — нашым портам прапіскі быў Сэул у Паўднёвай Карэі — зь бел-чырвона-белым сьцягам...