Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч вінны Ўкраіне прынамсі $30 млрд даляраў — экспэрт


Віктар Януковіч
Віктар Януковіч

Папярэдні рэжым мае вярнуць Украіне столькі грошай «па самых кансэрватыўных падліках», кажа экспэрт Атлянтычнай рады Алан Райлі.

Украінскія ўлады маюць дамагацца вяртаньня грошай, скрадзеных рэжымам Віктара Януковіча, а таксама патрабаваць кампэнсацыі стратаў, якія Расея нанесла Ўкраіне цягам апошніх двух гадоў. Такую заяву ў Вашынгтоне зрабіў лёнданскі экспэрт-юрыст Атлянтычнай Рады Алан Райлі, перадае «Голас Амэрыкі».

«Калі казаць пра грошы, якія скраў папярэдні ўкраінскі рэжым Віктара Януковіча, то варта ўзгадаць махінацыі з падаткам на дададзеную вартасьць і зь дзяржаўнымі закупамі, — тлумачыў Райлі. — Каб вы зразумелі маштаб лічбаў: бюджэт дзяржаўных закупаў на год складаў 12 мільярдаў даляраў. І нават па самых кансэрватыўных падліках, папярэдні рэжым павінен вярнуць Украіне каля 30 мільярдаў даляраў».

Ён раіць сфармаваць справу супраць Януковіча так, каб ён адчуў пагрозу крымінальнай адказнасьці. А далей, калі патрэбна, нават паабяцаць закрыць справу, калі ён верне краіне скрадзенае.

Экспэрт па міжнародным праве, прафэсар унівэрсытэту Джонса Хопкінса Рут Вэдгвуд жа параіў украінскім сьледчым і актывістам ужо цяпер сур’ёзна паставіцца да фармаваньня доказнай базы для суду па Януковічу, бо «да пракурораў трэба даводзіць кожную драбніцу, чуткі для іх нічога ня вартыя».

Іншая схема мае дзейнічаць пры вяртаньні грошай за страты, нанесеныя расейскай агрэсіяй, дадае Райлі. Судзіцца па адной вялікай справе, дзе будуць улічаныя ўсе страты, будзе надзвычай цяжка, таму ён раіць разьбіць страты на асобныя пазовы: па перасяленцах, па стратах бізнэсу Крыму і Данбасу, па катаваньнях, па запужваньнях і гэтак далей. Лічбы такіх стратаў ён ня можа падлічыць нават прыблізна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG