Актывісты зь Берасьцейскай вобласьці атрымліваюць пратаколы за ўдзел у масавых акцыях на Дзень Волі 25 сакавіка.
Сярод іх двое жыхароў Баранавічаў — Уладзімер Гундар і Юры Казакевіч. Актывісты руху «За свабоду» выйшлі 25 сакавіка з плякатамі на плошчу ў Баранавічах і раздавалі кветкі, віншуючы мінакоў з Днём Волі.
Уладзімера Гундара выклікалі ў пастарунак, дзе на яго склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай масавай акцыі:
«Справа сфабрыкаваная і адпраўляецца ў суд. Упэўнены, наш самы „лепшы“ ў сьвеце суд прысудзіць мне штраф, большы за маю пэнсію калекі. Пратакол я падпісаў, але запісаў заўвагу: „З пратаколам ня згодзен. Грамадзкага парадку не парушаў. Дзейнічаў згодна разьдзелу ІІ артыкула 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дзеючы Закон „Аб масавых мерапрыемствах“ дыскрымінуе і парушае асноўныя правы грамадзяніна, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь“. Сваімі дзеяньнямі нам улада кажа — ніякай свабоды ня будзе, як каралі, так і будзем караць, толькі вялізнымі штрафамі, бо вельмі грошыкі патрэбныя...», — распавёў Уладзімер Гундар.
Пасьля спадара Гундара баранавіцкія міліцыянты выклікалі ў пастарунак на 2 красавіка і Юрыя Казакевіча. Той кажа, што яму таксама пагражае пратакол за несанкцыянаваную акцыю.
Акрамя баранавіцкіх актывістаў, атрымаў па пошце пратакол і грамадзкі дзеяч Алесь Мех з Кобрыні. Спадар Мех кажа, што ўвогуле зьдзіўлены, бо 25 сакавіка ён удзельнічаў у санкцыянаваным уладамі мітынгу ў Менску:
«Атрымаў па пошце пратакол з Цэнтральнага РАУС Менску. Дзіўны ўвогуле пратакол, вельмі неразборлівы. Месца працы і кім працую — у пратаколе напісана, што я не паведаміў. Напісана, што, маўляў, зьдзейсьніў правапарушэньне 25 сакавіка ў 17.00 па адрасе: Менск, вуліца Янкі Купалы. Яшчэ можна прачытаць, што было „масавае мерапрыемства і выкрыкваў лёзунгі“. У радку, дзе значыцца „пацярпелы“, было напісана прозьвішча Бык, але потым выкрасьлена, і гэты Бык ужо занесены ў якасьці сьведкі. Яшчэ напісана, што я адмовіўся падпісваць пратакол», — распавёў актывіст.
Алесь Мех кажа, што 25 сакавіка пры ім ніякіх пратаколаў не складалася, і міліцыянты да яго ўвогуле не падыходзілі, таму адмаўляцца ад подпісу ён проста ня мог.
Спадар Мех лічыць, што падобныя пратаколы будуць прыходзіць актывістам зь іншых рэгіёнаў:
«Я мяркую, што такія пратаколы будуць дасланыя ня толькі мне, яны будуць аформленыя папярэдняй датай. І хачу дадаць, што працягваецца генацыд беларускіх патрыётаў з боку прамаскоўскага рэжыму. Непакоіць, што ў час, калі складаюць вось такія пратаколы, прадстаўнікі дэмакратычных краінаў кажуць, што ў нас палепшыўся стан з правамі чалавека. У нас палепшыўся стан з правамі толькі аднаго чалавека! Гэта — Лукашэнка, зь якога былі зьнятыя санкцыі», — кажа Алесь Мех.
Неўзабаве пасьля складаньня пратаколаў актывістаў зь Берасьцейшчыны могуць выклікаць у суд.