Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьце прыбылі расейскія дэсантнікі, якія захоплівалі Крым і ваявалі на Данбасе


Расейскія вайскоўцы прыбылі ў Берасьце на сумесныя тактычныя вучэньні, паведамляе ведамаснае выданьне Мінабароны «Белорусская военная газэта «Во славу Родины».

Вучэньні з баявой стральбой пройдуць з 5 па 7 красавіка на палігоне «Берасьцейскі». З расейскага боку ў вучэньнях возьмуць удзел парашутна-дэсантная рота 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. Зь беларускага боку — 317-ы гвардзейскі асобны мабільны батальён 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады.

Расейская 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія — так званыя пскоўскія дэсантнікі — адно з найстарэйшых дэсантных падразьдзяленьняў у Расеі. Дывізія брала ўдзел у абедзьвюх чачэнскіх войнах, у вайне з Грузіяй у жніўні 2008-га, у анэксіі Крыму, а таксама, паводле інфармацыі незалежнай расейскай прэсы, у канфлікце на Данбасе. У жніўні 2014 году (у разгар баявых дзеяньняў на Данбасе) Уладзімер Пуцін узнагародзіў дывізію ордэнам Суворава «За пасьпяховае выкананьне баявых заданьняў».

У вучэньнях будзе задзейнічана каля 400 вайскоўцаў, 100 адзінак баявой і спэцыяльнай тэхнікі. Паведамляецца, што на палігоне будуць адпрацоўвацца «пытаньні контратэрарыстычных апэрацыяў па блякаваньні і зьнішчэньні незаконных узброеных фармаваньняў».

Выданьне адзначае, што вучэньне плянавае і праводзіцца ў рамках міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. Цяпер мабільная рота беларускай 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады знаходзіцца на палігоне ў Ульянаўскай вобласьці, дзе ўдзельнічае ў сумесным вучэньні з падразьдзяленьнямі паветрана-дэсантных войскаў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG