Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі замовіла 10 тысяч мэдалёў ўдзельнікам апэрацыі ў Сырыі


Расейская авіябаза ў Хмэйміме, Сырыя
Расейская авіябаза ў Хмэйміме, Сырыя

Расейскае міністэрства абароны абвясьціла тэндэр на пастаўку больш за 10 тысяч мэдалёў для ўдзельнікаў вайсковай апэрацыі ў Сырыі.

У тэксьце замовы, апублікаванай на сайце дзяржзакупак, гаворыцца, што ў камплекце з кожным мэдалём павінен ісьці блянк пасьведчаньня, якое будзе выдадзена ўладальніку ўзнагароды. Кошт аднаго мэдаля складае каля 194 рублёў, а аднаго блянка — каля 25 рублёў.

Такім чынам, кожны камплект, які скалдаецца з мэдаля і блянка, абыдзецца ведамству прыкладна ў 220 рублёў, а агульная сума замовы на 10,3 тысячы камплектаў складзе больш за 2,2 млн рублёў.

Паводле дадзеных РБК, мэдаль «Удзельніку вайсковай апэрацыі ў Сірыі» быў заснаваны загадам міністра абароны Сяргея Шайгу ў лістападзе летась — праз два месяцы пасьля непасрэднага пачатку баявых дзеяньняў.

Расейская вайсковая апэрацыя ў Сырыі пачалася ў верасьні 2015 году. Улады Расеі сьцьвярджалі, што ў ёй бяруць удзел толькі авіяцыя, а наземная апэрацыя выключана. Аднак затым высьветлілася, што ўвесь гэты час у Сырыі дзейнічаў і расейскі спэцназ. Агульная колькасьць вайскоўцаў, якія былі задзейнічаныя ў апэрацыі, не называлася.

У сярэдзіне сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін распарадзіўся пачаць вывад асноўнай часткі расейскай вайсковай групоўкі з Сырыі. У выніку да цяперашняга часу там засталіся ў асноўным абарончыя сродкі і некалькі самалётаў.

Афіцыйна мэтай расейскай вайсковай апэрацыі ў Сырыі называлі барацьбу з баевікамі з экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава». Аднак на Захадзе лічаць, што фактычна Расея пад прыкрыцьцём барацьбы з «Ісламскай дзяржавай» аказвала падтрымку рэжыму сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада ў зацяжной грамадзянскай вайне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG