Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінгандлю прапануе зь 1 красавіка пісаць цэны ў старых і новых грошах


Новыя беларускія грошы
Новыя беларускія грошы

Міністэрства гандлю рэкамэндуе пры афармленьні цэньнікаў, мэню, іншай інфармацыі аб цане тавараў, прадукцыі грамадзкага харчаваньня, а таксама тарыфаў пазначаць цэны ў грашовых знаках 2000 і 2009 гадоў. Адпаведнае тлумачэньне разьмешчанае на сайце ведамства.

«Міністэрства гандлю мяркуе магчымым пачаць выкарыстаньне цэньнікаў з указаньнем коштаў, аформленых у адпаведнасьці з прыкладзенымi тлумачэньнямі, зь 1 красавіка, але не пазьней за 1 чэрвеня 2016 году», — гаворыцца ў дакумэнце.

Дапускаецца ўказваць цэны ў грашовых знаках 2000 і 2009 гадоў розным колерам, розным шрыфтам. Пры ўказаньні цаны на ярлыках вырабаў Мінгандлю рэкамэндуе выкарыстоўваць этыкет-стужку двух колераў.

«У гэтых выпадках прадавец павінен праінфармаваць пакупніка пра спосаб ўказаньня кошту «да дэнамінацыі» і «пасьля дэнамінацыі» шляхам прадстаўленьня такой інфармацыі ў даступных для пакупніка месцах, праз радыёвузел, іншымі спосабамі. Напрыклад, «чырвоным колерам (ці „на правым стыкеры“ ці „на верхнім стыкеры“) паказаная цана да дэнамінацыі, зялёным (ці „на левым стыкеры“ ці „на ніжнім стыкеры“) — пасьля дэнамінацыі», — тлумачыць Мінгандлю.

У тлумачэньні таксама прыводзяцца прыкладныя ўзоры афармленьня цэньнікаў па кошце тавараў, пры прадстаўленьні зьніжак, а таксама афармленьня коштаў у мэню, ўказаньні тарыфаў у аб’ектах бытавога абслугоўваньня.

На сайтах інтэрнэт-крамаў, у рэклямных матэрыялах, падарункавых сэртыфікатах кошт тавараў і паслуг таксама павінен пазначацца да дэнамінацыі і пасьля.

Дэнамінацыя ў Беларусі будзе праведзеная 1 ліпеня 2016 году шляхам замены банкнот узору 2000 году (якія цяпер знаходзяцца ў абароце) на банкноты і манэты узору 2009 году ў суадносінах 10 000 да 1 беларускага рубля.

Абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе зь 1 студзеня 2017 году па 31 сьнежня 2019 году ўключна ў Нацыянальным банку, банках і іншых крэдытна-фінансавых арганізацыях Беларусі. Зь 1 студзеня 2020 году па 31 сьнежня 2021-га ўключна старыя грошы на новыя можна будзе абмяняць толькі ў Нацыянальным банку. Зь 1 студзеня 2022 году грашовыя знакі ўзору 2000 году будуць лічыцца несапраўднымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG