Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згвалтаваньне: Чаму важна прыняць несправядлівасьць сьвету


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Калі мне было 11 гадоў, у мяне былі штаны колеру хакі з нізкай пасадкай. Сужыцель маёй маці лічыў іх добрым апраўданьнем для таго, каб лезьці мне пад майткі. Камэнтатары ў большасьці абвінавачваюць ува ўсім мяне і маю маці.

Наста Захарэвіч

Артыкулы пра жорсткія злачынствы звычайна набіраюць шмат камэнтароў, большасьць з якіх прымушае зьдзіўляцца ідэальнай інтуіцыі і поўнай беспамылковасьці ў прыняцьці рашэньняў іншымі людзьмі. Па адным толькі фота яны могуць вызначыць, ці здольны чалавек на забойства, згвалтаваньне альбо жорсткае зьбіцьцё.

Калі нядаўна дзьве аргентынскія дзяўчыны Марына і Марыя былі забітыя, даўшы адпор на спробу згвалтаваньня, «шырокія масы» сталі абвінавачваць не забойцаў, а забітых. Нельга так апранацца, нельга так вандраваць, нельга «напрошвацца». Затое гвалціць — можна. І забіваць — можна.

Што рабіў у парку гвалтаўнік, запытаецца хіба што сьледчы. Калі пашанцуе.

Ведаеце, што найчасьцей запытваюць у адказ на гісторыю, як дзяўчыну згвалцілі ўвечары ў парку? Перш за ўсё цікавяцца, што яна рабіла ў тым парку і як была апранута. Што рабіў у парку гвалтаўнік, запытаецца хіба што сьледчы. Калі пашанцуе.

Фігура злачынцы традыцыйна выносіцца па-за абмеркаваньне, гвалтаўніка па змоўчаньні лічаць альбо хворым (зь ім усё зразумела, што тут абмяркоўваць), альбо «сэксуальна актыўным» (як ён мог прайсьці міма, яна спакушала яго сваім выглядам). Але гвалтаўнікі — звычайныя мужчыны, якія жывуць побач з намі. І гвалт увечары ў парку — хутчэй выключэньне з правіла. Часьцей за ўсё гвалцяць знаёмыя людзі ў знаёмых для ахвяры месцах. Гвалцяць проста таму, што могуць. Бо гвалт — гэта не пра сэкс, а выключна пра поўную ўладу над іншым чалавекам.

Было б несправядліва сьцьвярджаць, нібыта ахвяраў гвалту ніколі не шкадуюць і не падтрымліваюць. Насамрэч і шкадуюць, і падтрымліваюць, але вельмі выбарча. Я ніколі не чула, каб пра згвалтаваных мужчын казалі, што ня варта ім было ў той дзень апранаць кароткія шорты, ехаць аўтаспынам альбо ісьці на вечарыну. Мужчыну шкадуюць бясспрэчна, а вось у сытуацыі з жанчынай — «трэба яшчэ разабрацца, ці быў гэта ўвогуле гвалт», «можа яна ўсё прыдумала і нагаворвае на добрага чалавека», «куды яна глядзела» і фэерычнае «гэта ж камплімэнт, хай парадуецца, што хтосьці яе хоча». Але ж нікому не прыйдзе ў галаву казаць пра ахвяру рабаваньня «хай радуецца, што яе кампутар камусьці спадабаўся», бо гэта — дзікунства.

Вера ў бясспрэчна справядлівы сьвет павінна зьнікаць прыблізна адначасова зь верай у Дзеда Мароза.

Здавалася б, вера ў бясспрэчна справядлівы сьвет павінна зьнікаць прыблізна адначасова зь верай у Дзеда Мароза, але далёка не ўва ўсіх яна зьнікае цалкам і назаўжды. На зьмену веры ў справядлівасьць прыходзіць вера ў лёгіку. А чаму б і не? Калі ўсё лягічна, то ўсё можна пралічыць наперад. Калі усё можна пралічыць наперад, то кепскіх сытуацый можна пазьбегнуць. Калі кепскіх сытуацый можна пазьбегнуць, то тыя, хто ў іх трапляюць — самі вінаватыя. Вінаватыя ў тым, што найлепшы сябар прывёў на вечарыну гвалтаўніка, у тым, што кіроўца маршруткі лічыць вузкія джынсы спакусьлівымі і «ня можа стрымацца», у тым, што бацька «мае патрэбы», пакуль маці на працы. Я наўмысна бяру самаапраўданьні гвалтаўнікоў у двукосьсі, бо адмаўляюся ўспрымаць іх сур’ёзна і ўвогуле слухаць.

Калі мне было 11 гадоў, у мяне былі штаны колеру хакі з нізкай пасадкай. Сужыцель маёй маці лічыў іх добрым апраўданьнем для таго, каб лезьці мне пад майткі. Калі я перастала насіць гэтыя штаны, ён знайшоў новыя апраўданьні — спасылаўся на «цела, якое рана фарміруецца» і іншую лухту. Інтэрвію са мной на партале tut. by сабрала больш за 100 збольшага стандартных для такіх матэрыялаў камэнтароў. Калектыўны розум адмаўляецца прызнаць, што сьвет — несправядлівы і нелягічны, камэнтатары ў большасьці сваёй пасьлядоўна абвінавачваюць ува ўсім мяне і маю маці. А злачынца... ну а што злачынца? Ён хворы чалавек, парушыў накладзенае прыродай!!! табу, што з яго возьмеш...

Прырода ня мае дачыненьня да таго, што жанчын вучаць «не апранаць кароткія спадніцы» і «не хадзіць адной у цёмны час», а мужчын — «быць настойлівымі і заўжды дамагацца свайго».

Толькі прырода ня мае ніякага дачыненьня да таго, што жанчын вучаць «не апранаць кароткія спадніцы» і «не хадзіць адной у цёмны час», а мужчын — «быць настойлівымі і заўжды дамагацца свайго». Але абвінавачваньне грамадзтва і дзяржавы — яшчэ адна пастка, у якую так лёгка трапіць, шукаючы справядлівасьць у жудасным. Безумоўна, грамадзтва павінна падтрымліваць ахвяраў гвалту і жорстка асуджаць гвалтаўнікоў, а дзяржава — забясьпечваць добрую заканадаўчую базу, але рашэньне згвалціць жанчыну, пагражаючы нажом, прымае не соцыюм і ня органы дзяржаўнага кіраваньня. Гэта рашэньне канкрэтнага чалавека, які павінен несьці поўную адказнасьць за свае дзеяньні.

Абараняючы сябе, людзі часам наносяць цяжкія цялесныя пашкоджаньні ці нават забіваюць нападнікаў, але згвалтаваньне не можа быць самаабаронай і не павінна апраўдвацца ні пры якіх абставінах. Неістотна, колькі ахвяры гадоў, як яна выглядае і дзе знаходзіцца. Кожная з нас мае бясспрэчнае права на бясьпеку.

Цяжка і страшна прыняць той факт, што ахвяры ніколі не вінаватыя ў гвалце.

Я разумею, як цяжка і страшна прыняць той факт, што ахвяры ніколі не вінаватыя ў гвалце. Бо гэта значыць, што жудаснае можа здарыцца з кожнай з нас. Проста так. Але жыць пасьля згвалтаваньня значна прасьцей, калі ніхто не запытвае «што ты рабіла ў парку ў гэты час?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG