Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра «ерась чалавекапаклонства»


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Вось памёр Сяргей Ханжанкоў, непрыкметны быццам бы чалавек, а для мяне – ад першага знаёмства – ён стаў неад’емнай часткай майго Менску.

Можна, вядома, успамінаць ягоныя ўчынкі, рысы характару, маляваць партрэт, але ўсё неяк не пра тое. Нечым іншым ён помніцца, нечым няўлоўным. Я б нават сказаў – гэтай непрыкметнасьцю і адначасова неад’емнасьцю, як каменная альтанка ці старыя вербы на беразе Сьвіслачы. Тое, што бачыш бакавым зрокам. Бязь іх Менск – ня Менск.

Наколькі важна, пражыўшы, застацца ў сваім краявідзе? Ці ў памяці сям’і – тым, пра каго б расказвалі. Ці ў памяці гараджан – нейкай справай на вякі, нейкім анэкдотам або нават нейкай выхадкай. Кожны такі драбок памяці робіць сьвет багацейшым, цікавейшым і больш сваім. І наколькі важна застацца проста таму, што ўсе разумеюць, што гэта важна, без дэталяў, без канкрэтыкі – нечым няўлоўным?

Сама прырода – дактыляскапічны малюнак на пальцы – робіць нас – кожнага – непаўторным, унікальным, адзіным такім на ўсім сьвеце.

Гэта ўлада імкнецца ператварыць нас у шэры фон жыцьця ці ў гарматнае мяса – «Бабы новых нарожают». Нядаўна гэты тэзіс маршала Жукава іншымі словамі паўтарыў маскоўскі патрыярх Кірыл – пра «ерась чалавекапаклонства». Зразумела, што ні Жукаў, ні Кірыл ня мелі на ўвазе асабіста сябе. Магчыма, у расейцаў гэта ад прыроднай мэнтальнай абшчыннасьці – таго, што зусім не ўласьцівае індывідуалісту беларусу.

Ёсьць такая савецкая яшчэ кніжная сэрыя «Жизнь замечательных людей». «Замечательных» ня значыць супэркласных, а проста – заўважных, прыкметных. У ідэале кожнае жыцьцё можа быць прыкметным, «замечательным» і завершыцца кнігай. Бо каштоўнасьць кожнага жыцьця – унікальная, як каштоўнасьць усяго чалавечага сьвету, бо «кожны чалавек – гэта сьвет, які зь ім нараджаецца і зь ім памірае; пад усякай магільнай плітой ляжыць сусьветная гісторыя» (Гейнэ).

Згадваю кнігу пра тых, хто загінуў на станцыі мэтро «Няміга» ў 1999-м. Аўтарамі кіравала менавіта гэтае абвостранае адчуваньне непаўторнасьці маладых абарваных жыцьцяў.

Але ўлада павольна перамагае гэты гуманістычны пачатак у грамадзтве. І кнігі пра ахвяраў тэракту ў мэтро «Кастрычніцкая» ў 2011-м ужо не было. Мы помнім расстраляных Канавалава і Кавалёва, а тых, хто загінуў ад выбуху, ня памятаем. Значыць, ня вельмі і цэнім іхныя жыцьці.

Як «чалавекапаклонства» можа быць ерасьсю і «выгнаньнем Бога з жыцьця», калі Бог і жыве толькі ў чалавеку? Не ў царкве, не на аблоках і нават ня ў Бібліі, а ў душы кожнага ён або ёсьць і тады ён ёсьць у прынцыпе, або яго там няма і значыць, няма ўвогуле.

Як часта пры разьвітаньні паўтараюцца словы «немагчыма выказаць», бо страта нітуецца ў чалавека ня зь нейкімі канкрэтнымі фактамі, а зь нечым абсалютна важным і пры тым невыказным. Немагчыма выказаць…

Ніхто ня ведае, чым ён запомніцца і чым застанецца пасьля сыходу. Вось скажуць, што Сяргей Ханжанкоў – дысыдэнт, хацеў узарваць глушылку і пакутаваў у савецкім канцлягеры. Мне асабіста ён запомніўся вельмі ярка, але тым, што цяжка сфармуляваць і акрэсьліць. Можа быць, гэта і ёсьць Бог, які жыў у ім? Ханжанкоў сышоў, а ягоны Бог застаўся тут назаўсёды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG