Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэградацыя вышэйшай адукацыі: ідэалёгія замест крытычнага мысьленьня


Цыганкоў: Нядаўна быў чарговым разам апублікаваны глябальны рэйтынг унівэрсытэтаў сьвету. Гэта своеасаблівы ганаровы сьпіс, у якім першыя месцы займаюць амэрыканскія, брытанскія, кітайскія, эўрапейскія ўнівэрсытэты. У ім сотні ўнівэрсытэтаў, сярод якіх фігуруюць і ВНУ суседніх зь Беларусьсю краін — Расеі, Польшчы, Украіны, Літвы. Ёсьць там, напрыклад, унівэрсытэты з Казахстану і Эстоніі.


Рэйтынг вызначае лепшыя ўнівэрсытэты ня толькі па агульных крытэрах, але і ў шэрагу папулярных галінаў ведаў. Сёлета ён ахоплівае 42 прадметныя галіны. І ў ніводнай катэгорыі няма беларускіх унівэрсытэтаў! Каб зразумелая была прорва паміж беларускімі і астатнімі ўнівэрсытэтамі, адзначу, што ў рэйтынгу — 17 расейскіх ВНУ, 8 польскіх, 2 літоўскія.

Беларусь, калі пажартаваць, напэўна, адзіная краіна ў сьвеце, якая вырашыла ажыцьцявіць мару аб усеагульнай вышэйшай адукацыі, калі ў ВНУ бяруць усіх

Чаму ж няма ў сьпісе ВНУ Беларусі? Мне падаецца, што галоўная хіба беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі — гэта пагоня за колькасьцю, а не за якасьцю. Калі я вучыўся напрыканцы 80-х гадоў, у Беларусі было 80 тысяч студэнтаў. Цяпер студэнтаў 400 тысяч. Гэта ж не азначае, што за гэты час беларускія школьнікі сталі ў 5 разоў разумнейшыя. Гэта азначае, што толькі зьнізіліся крытэры прыняцьця ў ВНУ. У некаторыя ўнівэрсытэты ня толькі няма конкурсу, туды прымаюць сапраўдных двоечнікаў, з адзнакамі ніжэйшымі за сярэднія, абы кагосьці прыняць. Часта гэта адбываецца з ВНУ, дзе рыхтуюць настаўнікаў. А мы пасьля дзівімся: чаму такі ровень настаўнікаў?

Беларусь, калі пажартаваць, напэўна, адзіная краіна ў сьвеце, якая вырашыла ажыцьцявіць мару аб усеагульнай вышэйшай адукацыі, калі ў ВНУ бяруць усіх. І яшчэ гэтаму спрыяе тое, што прыкладна палова студэнтаў вучыцца бясплатна. А другая вялікая хіба, якая прывяла да такога выніку, — гэта няўключанасьць Беларусі ва ўсясьветную адукацыйную сыстэму. Толькі сёлета Беларусь уступіла ў Балёнскую адукацыйную прастору. І можна спрагназаваць, што дзякуючы гэтаму ў наступным годзе беларускія ўнівэрсытэты трапяць у гэты рэйтынг.
Але, на думку многіх спэцыялістаў, Беларусь прынялі ў гэтую сыстэму авансам, бо ў беларускіх унівэрсытэтах няма галоўнага — акадэмічных свабодаў, свабодаў для дыскусіяў і г.д.

Карбалевіч: Справа ў тым, што галоўная функцыя ўсёй сыстэмы адукацыі ў Беларусі палягае зусім не ў забесьпячэньні якаснага заканадаўства. Гэта другасная задача. Галоўная функцыя і школы, і ўнівэрсытэтаў — забясьпечваць палітычную ляяльнасьць рэжыму выкладчыкаў, навучэнцаў і студэнтаў. За што найперш дырэктара школы ці рэктару ВНУ могуць звольніць з працы? Не за дрэнную якасьць навучаньня, а за тое, што іхныя студэнты ці школьнікі ўдзельнічаюць у апазыцыйнай дзейнасьці, у нейкіх вулічных акцыях.

ў краіне, дзе адбываецца дэградацыя ўсіх сфэраў, дэградацыя адукацыі ня можа быць выключэньнем

Я 15 гадоў прапрацаваў у вышэйшай школе. І ведаю, што якасьць выкладаньня мала каго цікавіць. Галоўнае, каб выкладчык быў паслухмяны, не ствараў праблем кіраўніцтву. Беларускія ўнівэрсытэты, у адрозьненьне ад эўрапейскіх, існуюць ня ў рынкавым асяродзьдзі. Паміж імі няма канкурэнцыі за якасьць. Няма стымулаў эфэктыўна працаваць.

Апошнімі гадамі рэзка ўпала якасьць ведаў студэнтаў. Пра гэта кажуць усе мае знаёмыя выкладчыкі. Бо ўпала якасьць школьнай адукацыі. А яна ўпала ў выніку контрарэформы, пераходу ад 12-годкі да 11-годкі. Увогуле ў краіне, дзе адбываецца дэградацыя ўсіх сфэраў, дэградацыя адукацыі ня можа быць выключэньнем.

Глод: Калі Віталь Цыганкоў згадваў, як ён вучыўся ў БДУ, то я магу згадаць, як паступаў у гэтую ж навучальную ўстанову. Было гэта даўно, нават факультэту журналістыкі не было, а існавала толькі аддзяленьне на філялягічным факультэце. Але патрабаваньні былі вельмі высокія. Каб паступіць, давялося набраць 19 балаў з 20 магчымых на тыя часы — тры пяцёркі і адна чацьвёрка. І калі я пачаў з гэтых «старажытных» часоў, то мушу сказаць, што прывязанасьць да старой савецкай сыстэмы вышэйшай адукацыі — адна з галоўных прычынаў нізкага рэйтынгу беларускай адукацыі. Калісьці вышэйшая школа Савецкага Саюзу лічылася адной зь лепшых у сьвеце. Лічылася так менавіта ў СССР. А як было насамрэч, казаць цяжка.

Але ж час бяжыць, а справы ў ВНУ Беларусі, як цьвердзяць спэцыялісты, прынцыпова не зьмяняюцца. І гэта дзіўна — бо фармальна, бадай, ніводная краіна ў Эўропе не правяла столькі рэформаў у галіне адукацыі, як Беларусь. Аднак гэтыя рэформы можна назваць выключна вонкавымі. Насамрэч адукацыйны працэс адбываецца пераважна праз аднабаковыя лекцыі: выкладчыкі распавядаюць, а студэнты запісваюць. А на іспытах і заліках крытэр такі — чым бліжэй да канспэкту ты адказваеш, тым вышэйшая адзнака.

Сытуацыя такая, што ад студэнта не патрабуецца ні крытычнага мысьленьня, ні сытуацыйнага аналізу, ні нават звычайнай, на першы погляд, магчымасьці аспрэчыць думку выкладчыка. А калі такіх навыкаў няма, то як тады, атрымаўшы дыплём аб вышэйшай адукацыі, у нашых рэаліях вырашаць нестандартныя задачы, аналізаваць рызыкі, адкрываць уласны бізнэс?!

А на іспытах і заліках крытэр такі — чым бліжэй да канспэкту ты адказваеш, тым вышэйшая адзнака

Магчыма, нейкія беларускія ўнівэрсытэты і паспрабавалі б нешта прынцыпова зьмяніць у сваёй сыстэме навучаньня. Бо ёсьць цікавыя выкладчыкі, ёсьць людзі, якія хочуць зьменаў. Але ж гэта немагчыма, бо існуе жорсткая рэглямэнтацыя з боку Міністэрства адукацыі. Беларускія ўнівэрсытэты наўпрост залежаць ад Міністэрства, яны пазбаўленыя шмат якіх акадэмічных свабодаў, рэктараў (нават прыватных ВНУ) прызначае Міністэрства, а акадэмічная супольнасьць ня можа аказваць на іх ніякага ўплыву. Як улады хочуць, так і робяць. А ў іх, як казаў Валер Карбалевіч, на першым пляне — ідэалягічная паслухмянасьць. А такога крытэру, як ідэалягічная паслухмянасьць, пры складаньні ўсясьветнага рэйтынгу няма. Таму беларускія ВНУ ў гэты сьпіс і не трапляюць".

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG