Падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Вітальдам Вашчыкоўскім Аляксандар Лукашэнка заявіў пра агульнасьць падыходаў Польшчы і Беларусі да выбудоўваньня зьнешняй палітыкі.
«Як вы абараняеце свой сувэрэнітэт і незалежнасьць, так і мы будзем абараняць. Тут у нас абсалютна няма разыходжаньняў. Нават часам падглядаць у вас, як гэта рабіць. Як вы ажыцьцяўляеце сацыяльна-эканамічную палітыку ўнутры краіны, так і мы будзем рабіць. Пры гэтым будзем старацца рабіць так, каб ніхто нас ніколі не папракнуў у малой дэмакратыі, у адсутнасьці яе. Мы будзем так рабіць, каб яе было ня менш, чым у Польшчы», — цытуе Лукашэнку БелТА.
«Калі вас такі фармат задавальняе, то мы вельмі хутка дамовімся. Адмовіць такі фармат, думаю, вам будзе складана, таму што мы дзейнічаем менавіта па вашых правілах», — дадаў ён.
Лукашэнка падзякаваў польскаму боку за тое, што там бачаць Беларусь сувэрэннай і незалежнай.
«Калі партнэры, зь якімі мы вядзем дыялёг, будуць настойваць на тым, вы з Усходам ці з Захадам — выбірайце, то бок вы з Расеяй ці Эўразьвязам, ставіць нас перад такім выбарам, — нам такая пазыцыя не падыходзіць. Я абсалютна перакананы, што і вам яна сёньня не патрэбная. Думаю, што Польшча больш, чым хто-небудзь, зацікаўленая, каб Беларусь была ня толькі незалежнай дзяржавай, але і стабільнай. Думаю, вам нестабільная яшчэ адна дзяржава на захадзе пасьля Ўкраіны ня трэба. Гэта не на карысьць будзе Польшчы», — адзначыў ён.