Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ супраць сырыйскіх уцекачоў


Як варта расцэньваць заклік партыі БНФ прадухіліць магчымы прыезд сырыйскіх мігрантаў у Беларусь? Згубіць ці набудзе партыя прыхільнікаў гэтай заяваю? Каму ў Беларусі не падабаецца заклік партыі? Як ён спалучаецца з лёзунгам «Беларусь — у Эўропу»?

Цыганкоў: Партыя БНФ заклікае беларускі ўрад абмежаваць плынь мігрантаў у Беларусь з Сырыі. Адпаведная заява была прынятая 19 сакавіка на сойме арганізацыі ў Менску.


У дакумэнце адзначаецца, што за час вайны ў Сырыі ў Беларусь прыбыло больш за 300 уцекачоў з гэтай краіны. «Урад Беларусі вядзе інтэнсіўныя перамовы з Упраўленьнем вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у кірунку павелічэньня патоку перамяшчэньня асобаў сырыйскага паходжаньня, якім прадастаўляецца жыхарства ў Беларусі, — гаворыцца ў ім. — Нягледзячы на тое, што колькасьць прынятых мігрантаў пакуль невялікая, створаны прэцэдэнт і рыхтуецца прававая база для перамяшчэньня ў Беларусь вялікіх груп з Сырыі».
Таксама партыя адзначае, што большасьць мігрантаў з Сырыі прыбывае ў Беларусь з тэрыторыі тых краін, дзе для іх ужо няма пагрозы для жыцьця і бясьпекі. Партыя БНФ лічыць, што дэмаграфічны крызыс у Беларусі, выезд за мяжу на працу вялікай колькасьці суайчыньнікаў, а таксама «не да канца сфармаваная нацыянальная самасьвядомасьць» беларусаў зьяўляюцца фактарамі, пры якіх «недапушчальнае масавае прыняцьце эканамічных мігрантаў зь іншага цывілізацыйнага кола».
Партыя БНФ патрабуе спыніць «практыку запрашэньня ў краіну мігрантаў, якія ня маюць рэальнай неабходнасьці ў прытулку і пераразьмяркоўваюцца ў Беларусь з краін, дзе ня маюць пагроз сваёй асабістай бясьпецы». Таксама прапануе распрацаваць закон аб пасьведчаньні суайчыньніка, які зьяўляецца спосабам абароны правоў беларусаў, якія выехалі за мяжу, а таксама садзейнічае вяртаньню іх на радзіму.

партыя, якая заклікае да эўраінтэграцыі, фактычна гаворыць, што для яе эўраінтэграцыя — гэта мэню, зь якога мы будзем выбіраць толькі тое, што смачна

Можна адзначыць, што прагрэсіўныя і лібэральна настоеныя людзі вельмі жорстка ацанілі гэтую заяву. Прагрэсіўная грамадзкасьць адназначна выказала сваё стаўленьне да такіх рэчаў.
Але пытаньне ў тым, наколькі такую заяву падтрымае шырокі выбарчшык? Здаецца, большасьць падтрымала б такое меркаваньне. І вось такая дылема: дэмакратычная партыя агучвае тое, што відавочна думае большая частка беларускага электарату. Магчыма гэта зараз непрагрэсіўна, не адпавядае дэмакратычным падыходам, непаліткарэктна. Але па гэтым пытаньні мы бачым, што супраць выступаюць і цалкам цэнтрысцкія прагрэсіўныя і левыя эўрапейскія ўрады. Здаецца, гэта ўжо робіцца агульнаэўрапейскім мэйнстрымам.
Чаму такая нэгатыўная рэакцыя на заяву партыі БНФ? Часткова гэта стэрэатып, часткова сапраўды партыя вырашыла выклікаць такі рэзананс, паглядзець рэакцыю, і не толькі ў вузкай публікі. Хоць больш шырокая частка грамадзтва яе заяву можа і не заўважыла.

Карбалевіч: Любая партыя ў сваёй палітыцы павінна ўжываць пэўныя элемэнты папулізму. Партыя БНФ займае пазыцыю наконт уцекачоў, аналягічную пазыцыі нацыянальна арыентаваных правых партый у Эўропе. Пэўная лёгіка ў такой пазыцыі ёсьць. Беларускія ўлады займаюць, скажам так, абыякавую пазыцыю да беларусаў, якія жывуць за мяжой.

Беларускае грамадзтва, напужанае інфармацыяй з Эўропы, дзе сытуацыя з імігрантамі выклікала пэўнае сацыяльна-палітычнае напружаньне, адмоўна ставіцца да прыёму ўцекачоў. Варта адзначыць, што Беларусь у гэтым сэнсе выпадае з працэсу глябалізацыі, тут даволі гамагеннае насельніцтва ў этнічным пляне. Нават у параўнаньні з расейскімі гарадамі, з Масквой, дзе жыве шмат людзей неславянаў, Беларусь адрозьніваецца аднароднасьцю.

Эўропа, тая самая аб’яднаная Эўропа, просіць Беларусь дапамагчы ёй, просіць прыняць уцекачоў

Бо краіна бедная, няма сэнсу сюды ехаць. Цяперашняе пакаленьне беларусаў не прызвычаілася жыць побач зь іншаземцамі. Дый эканамічнае становішча Беларусі цяпер цяжкое, расьце беспрацоўе, самім беларусам няма дзе працаваць, а тут яшчэ зьявяцца танныя рабочыя рукі. Пазыцыя БНФ цалкам кладзецца на масавыя настроі.
Чаму ўлады робяць крокі па прыёму сырыйскіх уцекачоў? Часткова гэта жэст у межах палітыкі паляпшэньня стасункаў з Захадам, з Эўропай, маўляў, Беларусь — адказны суб’ект ўсясьветнай супольнасьці, як любяць казаць афіцыйныя асобы апошнім часам, донар рэгіянальнай бясьпекі.

Можа быць разьлік і на прапагандысцкі эфэкт. З украінскіх уцекачоў улады атрымалі пэўныя піяраўскія дывідэнды. Тыя часта выступаюць па БТ, расказваюць пра жахі, якія пануюць на радзіме, адкуль яны ўцяклі, і апавядалі, як ўсё добра, мірна і спакойна ў Беларусі. І гэта акурат кладзецца на той прапагандысцкі канструкт, які цяпер прапануе Лукашэнка. Ён жа ўвесь час паўтарае: галоўнае сёньня не заробак, дабрабыт, а мір, пакой і парадак. Вось і сырыйскіх імігрантаў можна будзе таксама выкарыстаць аналягічным чынам. Тым больш, што ў Сырыі жахі страшнейшыя, чым ва Ўкраіне.

Дракахруст: Згодны, што такая заява — сапраўды міжнароднае пазыцыянаваньне. Партыя БНФ гаворыць тое, што і кіроўныя партыі ў Польшчы, Вугоршчыне. Я б сказаў, што пры рознасьці падыходаў ёсьць аналёгія з тым, што мы назіралі ў мінулым годзе ў сэнсе пошуку свайго электарату. Калі летась Тацьцяна Караткевіч выступала са сваімі вядомымі пазыцыямі, то таксама вельмі шмат было крытыкі. І вы памятаеце рэакцыю яе каманды на крытыку: а нам вашыя меркаваньні не цікавыя, мы арыентуемся на іншых людзей.
І Партыя БНФ зараз можа сказаць тое самае лібэралам, якія выплюхваюць сваю нязгоду з заявай партыі ў сацыяльных сетках: хлопцы, гэта не для вас — для іншых. Цікава адзначыць, што менавіта кампанія «Гавары праўду» пры ўсіх адрозьненьнях ад БНФ, таксама гуляла гэтай картай наконт кітайцаў, калі будаваўся прамысловы парк пад Менскам.

Тое, што партыя знаходзіцца ў агульнаэўрапейскім рэчышчы — гэта добра, нават калі пазыцыя партыі некаму не падабаецца. Але я бачу пэўныя супярэчнасьці: Эўропа, тая самая аб’яднаная Эўропа, просіць Беларусь дапамагчы ёй, просіць прыняць уцекачоў. І дыктатарская Беларусь у асобе Лукашэнкі ідзе насустрач, гаворыць «мы падумаем» прынамсі. А партыя, якая піша на сваіх сьцягах «Беларусь у Эўропу», адказвае Эўропе «не».

Цыганкоў: У сваёй заяве Партыя БНФ спасылаецца на перамовы беларускага ўраду з Упраўленьнем Вярхоўнага Камісарыяту ААН па правах бежанцаў. Фармальна Эўропа тут не прычым, але мы разумеем, што гэта чыстая фармальнасьць.
Дракахруст: Так, фармальнасьць, бо размова ідзе аб тым, каб хоць трошкі адцягнуць гэтых уцекачоў менавіта з Эўропы. Зразумела, можна гаварыць Эўропе «не» ў адказ на просьбу аб дапамозе, але нашто тады туды пнуцца? У Эўропе ёсьць пэўныя правілы. Мы ведаем, як Беларусь і Расея выконваюць правілы ў беларуска-расейскім саюзе. Там правілы таксама не догма. Але Беларусь ужо ў тым саюзе. А тут яшчэ і пэрспэктываў няма. Аднак калі партыя, якая заклікае да эўраінтэграцыі, фактычна гаворыць, што для яе эўраінтэграцыя — гэта мэню, зь якога мы будзем выбіраць толькі тое, што смачна, дык Эўропа будзе чухаць патыліцу над пытаньнем, ў якой ступені зьяўляецца Эўропай такая краіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG