Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чым будзе зарабляць Беларусь?


Сёлета даходы ад экспарту Беларусьсю калійных угнаеньняў ўпалі на 37%, нафтапрадуктаў — на 33%. Ці азначае гэта крах рэнтнай эканомікі? Якія шляхі вырашэньня гэта сытуацыі?

Карбалевіч: Існуе ўстойлівы міт, што Беларусь да гэтага часу — гэта зборачны цэх, які застаўся ад СССР. Але гэта ўжо даўно ня так. З ростам сусьветных цэнаў на нафту у нулявыя гады продаж нафтапрадуктаў за мяжу даваў дзесьці 30-40% даходу ад экспарту краіны, а продаж калійных угнаеньняў у лепшыя гады даходзіў да 18% экспартных даходаў. То бок каля паловы даходаў было ад прыроднай рэнты. Калі гаворка пра нафтапрадукты, то Беларусь забірала частку расейскай прыроднай рэнты. Які тут зборачны цэх?

У нармальнай эканоміцы дзяржаўны бюджэт, грамадзкі пірог, залежыць ад таго, як працуюць суб’екты гаспадараньня. Таму ўраду трэба праводзіць разумную эканамічную палітыку. Асаблівасьць рэнтнай эканомікі ў тым, што дзяржава не залежыць ад суб’ектаў гаспадараньня, а па вялікім рахунку, і ад грамадзянаў. Вялікія рэнтныя даходы дазваляюць уладам быць адносна свабоднымі і ў сфэры эканомікі, і палітыкі.

І вось сытуацыя мяняецца. У студзені 2016 году, ў параўнаньні з першым месяцам мінулага году, даходы ад экспарту калія скараціліся на 37%, нафтапрадуктаў — на 33%. І гэта адзін з чыньнікаў крызысу беларускай мадэлі. Падобныя працэсы адбываюцца ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах з рэнтнай эканомікай: Расеі, Вэнэсуэле.

Вось цяпер дарэчы было б узгадаць, што Беларусь — зборачны цэх. Але, здаецца, позна. Вярнуць былое ўжо не атрымаецца. Насьпелі сур’ёзныя перамены. Але Лукашэнка адмахваецца ад рэформаў, спадзяецца перасядзець, пакуль цэны на нафту і калій ізноў ня вырастуць. Палітыка беспэрспэктыўная. Але гэта азначае, што рэнтная палітыка заканчваецца, а іншай мадэлі пакуль не прапанавана, і краіна знаходзіцца ў тупіку.

Дракахруст: Пачну свой адказ з выказваньня Астапа Бэндара, які казаў, што фінансавая бездань — гэта самая глыбокая бездань у сьвеце, бо ў яе можна падаць бясконца. Вы, Валер, прывялі вельмі драматычныя лічбы — падзеньне на 33% і 37% адсоткі экспарту рэнтных тавараў. Але давайце параўнаем з лічбай агульнага падзеньня экспарту — гэта каля 20%. Не выглядае, што ўся астатняя эканоміка квітнее, а гэтыя дзьве галіны гібеюць. Падае ўся эканоміка. Гэтыя галіны глыбей ўпалі, але ў дадзеным выпадку гэта паказьнік агульнага крызысу, а не таго, што гэта канец рэнтнай эканомікі.

Лічба 50%, якія ў экспартных даходах складаюць рэнтныя тавары — гэта як пытаньне пра паўпусты і паўпоўны стакан: гэта цэлых 50%, але гэта і ўсяго толькі 50%. Бо ў такіх пэтрадзяржавах, як Азэрбайджан, Саўдаўская Арабія, доля даходу ад экспарту нафты значна вышэйшая. Я б не сказаў, што гэта крах рэнтнай эканомікі ў Беларусі як такой. Гэта крызыс ўсёй эканомікі. Прычым ён разьмяркоўваецца даволі хаатычна. Скажам, экспарт малака таксама ўпаў вельмі моцна, а экспарт мяса — павялічыўся.

Я б не сказаў, што гэта крах рэнтнай эканомікі ў Беларусі як такой. Гэта крызыс ўсёй эканомікі

Я згодны, што на гэты выклік крызысу трэба даваць адказ. Ёсьць варыянт, які адстойвае Лукашэнка: вось прыйдуць лепшыя часы, падымецца сусьветны рынак, пойдзе ўгару цана на нафту і калійныя ўгнаеньні і тады выбярэмся. Гэта можа адбыцца, як адбылося на пачатку нулявых, але можа не адбыцца.

Пакуль гэта не выклікае сацыяльных наступстваў. Пазалетась-летась гэта дэмпфавалася яшчэ шокам ад украінскіх падзеяў, а калі не будзе? Калі шок пройдзе, а ў беларусаў узьнікне адчуваньне, што гэта «сем худых гадоў» прыйшлі, што крызіс надоўга? З гэтага могуць быць сацыяльныя і палітычныя наступствы.

Іншая справа, што тут ўлада трапляе ў «вілку», бо рэформы — гэта таксама не раздача смажаных куранят. Мы з вамі абмяркоўвалі, як беларускае грамадзтва, нават прасунутая яго частка, балюча рэагуе на, скажам, пэрспэктыву падвышэньня пэнсійнага ўзросту і камунальных тарыфаў.

Я да пэўнай ступені разумею лёгіку Лукашэнкі: вось гэта неяк працуе — давайце не чапаць. Бог яго ведае, як там будзе, калі нешта зьменім, зыходзячы з самых лепшых меркаваньняў. Сындром Гарбачова ён памятае. Як тады хацелі ўсяго толькі падрэмантаваць савецкую эканоміку і чым гэта скончылася.

Карбалевіч: Але ж я хачу сказаць, што ён не тое што не чапае — ён чапае. Але толькі сацыяльную сфэру — вось у чым праблема.

Цыганкоў: Самыя галоўная лічба — тое, што гандлёвы абарот тавараў і паслуг па выніках 2015 году склаў 65 мільярдаў даляраў, і гэта на чвэрць менш за ўзровень папярэдняга 2014 году. Экспарт упаў на 24%, імпарт таксама ўлады імкнуліся скараціць, ён упаў на 25%. Дык вось для традыцыйна экспартна арыентаванай беларускай эканомікі гэта сур’ёзны абвал. Расея, галоўны гандлёвы партнэр Беларусі, як і раней займае 1 месца ў структуры беларускага экспарту, але яе доля ўпала за год з 49% — гэта быў працэнт стабільны за 5-7 гадоў — да 39% — кардынальна зьнізілася.

Упершыню ў гісторыі беларускі афіцыйны дакумэнт замацаваў адыход ад выключнай залежнасьці ад расейскага рынку і сыравінных рэсурсаў

І калі мы сапраўды кажам пра тое, што кіраўніцтва не праводзіць ніякіх рэформаў, то аб’ектыўна жыцьцё падводзіць да гэтага. Аляксандар Лукашэнка апошнія гады неаднаразова казаў пра неабходнасьць дывэрсыфікацыі экспарту, арыентацыі на новыя рынкі. Але гэта была рыторыка, не падмацаваная дзеяньнямі. 26 студзеня 2016 году быў выдадзены ўказ, які многія эканамісты крытыкавалі за непасьлядоўнасьць, за стыль, які нагадвае рашэньні зьездаў КПСС, указ называўся «Аб прыярытэтных накірунках умацаваньня эканамічнай бясьпекі дзяржавы».

Менавіта там была пастаўленая задача забясьпечыць плянамерную дывэрсыфікацыю паміж трыма рынкамі: Эўразійскага эканамічнага саюзу, Эўразьвязу і іншых краін, у тым ліку «дальняй дугі». Да 2020 году долі гэтых рынкаў павінныя складаць па траціне зьнешнегандлёвага таваразвароту кожны. Упершыню ў гісторыі беларускі афіцыйны дакумэнт замацаваў адыход ад выключнай залежнасьці ад расейскага рынку і сыравінных рэсурсаў, і гэта становіцца на страх многім расейскім вялікадзяржаўнікам афіцыйнай палітыкай дзяржавы. Гэта адзіная спроба пераарыентаваць эканоміку. Гэта канечне было б пазытыўным крокам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG