Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР раскрытыкавала зьняцьцё санкцыяў і занепакоілася абароназдольнасьцю Беларусі


Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла

Старшынёй Рады БНР пераабралі Івонку Сурвілу.

Чарговая XXIX сэсія Рады Беларускай Народнай Рэспублікі адбылася 19 сакавіка ў Нью-Ёрку. Сэсія Рады БНР — найвышэйшая інстанцыя ў працы Рады. Паводле статуту Рады БНР сэсіі праходзяць кожныя два гады.

На сэсіі абмяркоўвалася ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі і міжнародная абстаноўка ў рэгіёне, быў прыняты шэраг рэзалюцыяў.

У рэзалюцыі «Аб уцягваньні Беларусі ў зону вайсковых інтарэсаў Расеі» Рада выказала занепакоенасьць, ці здольныя Ўзброеныя Сілы Беларусі ў цяперашнім іх стане абараніць незалежнасьць дзяржавы, і запатрабавала як мага хутчэй вывесьці расейскія вайсковыя аб’екты зь Беларусі.

У асобнай рэзалюцыі аб стаўленьні Захаду да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі Рада БНР скрытыкавала цяперашнюю палітыку ЭЗ адносна Беларусі як недальнабачную і асудзіла той факт, што санкцыі былі зьнятыя, хоць афіцыйны Менск так і ня выканаў ранейшыя патрабаваньні адносна дэмакратызацыі і правоў чалавека.

Падчас сэсіі Рады БНР у Нью-Ёрку
Падчас сэсіі Рады БНР у Нью-Ёрку

Таксама былі ўхваленыя рэзалюцыя з нагоды 30-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС і рашэньне аб узнагародах Рады БНР. Згадалі і нядаўнюю рэзалюцыю, у якой Рада БНР патрабуе ад расейскіх уладаў неадкладна вызваліць украінскага афіцэра Надзею Саўчанку.

Сябры рады заслухалі справаздачы старшыні, скарбніка і профільных сакратарыятаў, абмеркавалі ўнутраныя пытаньні працы Рады БНР. На пасаду Старшыні Рады БНР пераабралі Івонку Сурвілу. На першага намесьніка старшыні пераабралі Сяргея Навумчыка, на намесьнікаў пераабралі Вячку Станкевіча і абралі Міколу Пачкаева.

Камэнтуючы вынікі працы сэсіі, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла сказала:

«У цяперашні час, калі ўзмацняюцца агрэсіўныя памкненьні Расеі, роля Рады БНР як легітымнага прадстаўніка інтарэсаў незалежнай і вольнай Беларусі ўзмацняецца. Рада надалей працягвае сваю працу згодна з мандатам Усебеларускага Зьезду 1917 г. і трыма Ўстаўнымі граматамі 1918 г.»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG