Трайны ўдар для трох аналітыкаў — Юрыя Дракахруста, Валера Карбалевіча і Віталя Цыганкова.
Дракахруст: Дональд Трамп і Гілары Клінтан перамаглі ў аўторак на першасных выбарах па меншай меры ў трох штатах.
Самай важнай для рэспубліканца Трампа стала перамога ў Флорыдзе, дзе ён атрымаў каля 46%. Ягоны спаборнік у партыі, сэнатар ад Флорыды Марка Рубіё, заявіў пасьля паразы ў Флорыдзе, што спыняе барацьбу за намінацыю ў прэзыдэнты. Дональд Трамп таксама атрымаў верх у Ілінойсе, Паўночнай Караліне і лідзіраваў зь мінімальнай перавагай у Місуры. На першасных выбарах у Агаё перамогу атрымаў губэрнатар штату Джон Кейсік, што дазволіць яму працягнуць барацьбу за вылучэньне ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі.
Гілары Клінтан узяла верх у Агаё, Флорыдзе і Паўночнай Караліне. Яна лідзіравала зь невялікай перавагай у Ілінойсе і саступала свайму суперніку Бэрні Сандэрсу ў Місуры, дзе падлік галасоў яшчэ працягваецца.
Вынікі першасных выбараў у аўторак паказваюць амаль непазьбежную перамогу Гілары Клінтан у барацьбе за намінацыю ад Дэмакратычнай партыі.
Больш складанае пытаньне ў Трампа. Ён відавочна перамагае. Але для чыстай перамогі яму трэба галасы дзьвюх трацінаў дэлегатаў будучага зьезду. Калі будзе большасьць, але ня будзе дзьвюх трацінаў, уступаюць у сілу іншыя мэханізмы. Цяпер у рэспубліканскай партыі рыюцца ў статутах, шукаюць формулы, якія б дазволілі на зьезьдзе не пусьціць у кандыдаты пераможцу-Трампа.
Звычайна той, каму спрыяў посьпех, перамагае і на зьезьдзе. Хто вагаецца, тыя далучаюцца да пераможцы. Але ня гэтым разам. У рэспубліканскай партыі вельмі моцная апазыцыя Трампу, уплывовыя партыйныя дзеячы пішуць адкрытыя лісты супраць партыйнага
Звычайна той, каму спрыяў посьпех, перамагае і на зьезьдзе. Хто вагаецца, тыя далучаюцца да пераможцы. Але ня гэтым разам. У рэспубліканскай партыі вельмі моцная апазыцыя Трампу
кандыдата. Для многіх лепш хай пераможа Клінтан, чым Трамп. Таму зь нейкіх шуфлядак дастаюць дзіўныя формулы наконт таго, як правесьці зьезд і не пусьціць Трампа. Праўда, сам Трамп заявіў, што калі яго не намінуе партыя, ён пойдзе ў прэзыдэнты як незалежны кандыдат. Таму інтрыга ёсьць, хоць паводле трэнду ніякага іншага народнага пераможцы няма, бо Тэд Круз, які застаецца ў кампаніі, істотна саступае Трампу.
Карбалевіч: Тое, што ад дэмакратаў кандыдатам у прэзыдэнты будзе Гілары Клінтан, здаецца прадвызначаным. А сярод рэспубліканцаў Дональд Трамп умацаваў сваё лідэрства. Калі сапраўды Трамп стане кандыдатам, то гэта ўмацоўвае шанцы Гілары Клінтан. Бо антысыстэмны, непаліткарэктны Трамп выклікае шмат антыпатыяў сярод рэспубліканскіх выбаршчыкаў. Нават пратэсты супраць ягонага выступу ідуць пастаянна. Таму мы можам быць сьведкамі яшчэ аднаго прэцэдэнту. Выбраньне Абамы стала прэцэдэнтам, калі афраамэрыканец стаў прэзыдэнтам. Цяпер прэзыдэнтам можа стаць жанчына. Сьвет мяняецца.
мы можам быць сьведкамі яшчэ аднаго прэцэдэнту. Выбраньне Абамы стала прэцэдэнтам, калі афраамэрыканец стаў прэзыдэнтам. Цяпер прэзыдэнтам можа стаць жанчына. Сьвет мяняецца.
Але фэномэн Трампа цікавы. Ён сьведчыць пра падзеньне аўтарытэту партыйных элітаў, калі шырэй, то ўвогуле істэблішмэнту.
І тут вымалёўваецца такая карціна, калі параўноўваць зь Беларусьсю. Клінтан выступае ў вобразе стабільнасьці, захаваньня статус-кво. У гэтым сэнсе яна ў нечым падобная да вобразу Лукашэнкі. А Трамп прапануе перамены. І ў нейкім сэнсе нагадвае беларускую апазыцыю (памятаеце слоган Тацяны Караткевіч — «За мірныя перамены»?).
Дракахруст: Ну, ён хутчэй нагадвае Лукашэнку ўзору 94-га году.
Карбалевіч: Ну, у гэтым сэнсе так.
Цыганкоў: Трамп на цяперашнім этапе, і гэта ўжо адбываецца, ужо ня будзе выдаваць зь сябе такога моцнага непаліткарэктнага рэвалюцыянэра, як было на першым этапе. Напачатку ў яго была задача перш за ўсё прыцягнуць да сябе ўвагу, потым — перамагчы іншых рэспубліканскіх кандыдатаў, супрацьпаставіць сябе істэблішмэнту і ўласнай партыі, і Вашынгтона. Дарэчы, у нейкім сэнсе тое ж самае рабіў Абама на выбарах у 2008 годзе — крытыкаваў умоўны «Вашынгтон».
Гэта мела сэнс на этапе, калі галоўнай задачай Трампа было стаць папулярным. Але калі ён цяпер усталёўваецца як найбольш верагодны кандыдат ад рэспубліканцаў, то, мне здаецца, Трамп, калі ён не дурны і ў яго ёсьць якасныя дарадцы, — стане набываць імідж больш памяркоўнага і адказнага. Ён ужо ня кідаецца на сваіх рэспубліканскіх паплечнікаў, пераключаецца на Гілары Клінтан.
Трамп, калі ён не дурны і ў яго ёсьць якасныя дарадцы, — стане набываць імідж больш памяркоўнага і адказнага
Але тое, што на зьезьдзе рэспубліканцаў могуць быць «нечаканасьці», якія не дазволяць Трампу стаць кандыдатам ад партыі (пра што казаў Юры), — гэта вельмі непажаданы варыянт для амэрыканскай палітычнай сыстэмы. Бо калі большасьць народа прагаласавала за Трампа, як гэтыя прадстаўнікі (выбаршчыкі) на зьезьдзе могуць выбраць не яго? Трамп можа не без падстаў абвінаваціць у перавароце сваю партыю, і гэта будзе моцны ўдар па іміджы і аўтарытэце. У гісторыі такога не было, каб зьезд партыі не пацьвердзіў рашэньне яе актывістаў, якое яны выказалі на праймэрыз.
Клінтан, канечне, павінна перамагаць, калі нічога ня здарыцца. У Трампа дастаткова моцны нэгатыўны імідж, і відавочна, што палітычная эліта, Галівуд, які звычайна спрыяе дэмакратам, і прэса, нават рэспубліканская, выступаюць агульным фронтам супраць Трампа. Іншая справа, каб гэта не выклікала адваротнай рэакцыі ў грамадзян ЗША. Канечне, будзе пэўная дэманізацыя Трампа як некампэтэнтнага, небясьпечнага чалавека. Клінтан сама не выклікае вялікага захапленьня ў амэрыканцаў, як паказваюць сацыялягічныя апытаньні, але на фоне Трампа яе будуць больш схільныя выбраць як меншае зло. Плюс ёсьць перавагі нацыянальных мяншыняў, якія традыцыйна галасуюць за дэмакратаў. Гэта чарнаскурыя і лацінасы, тут у Клінтан будзе 80–85% падтрымкі зь іх боку.