Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Валер Сядоў


Валер Сядоў на Чарнобыльскім шляху 2006 г.
Валер Сядоў на Чарнобыльскім шляху 2006 г.

Валера Сядова называлі апошнім дысыдэнтам СССР. Зь ягоным імем зьвязаная першая ў Беларусі палітычная галадоўка. 20 гадоў таму Валер Сядоў быў супрацоўнікам газэты «Навіны Адраджэньня», працаваў у Інстытуце філязофіі Акадэміі навук, вучыўся ў асьпірантуры, пісаў дысэртацыю. Разам з жонкай Ірынай браў актыўны ўдзел у палітычным жыцьці. 5 сакавіка сёлета яму споўнілася 64 гады. У 2011 годзе ён стаў героем перадачы "Бацькі і дзеці незалежнасьці".


7 лістапада 1990 году Валер Сядоў удзельнічаў у антыкамуністычным мітынгу, праз паўгода яго затрымалі і пасадзілі на «Валадарку». У СІЗА ён правёў 70 дзён і 32 зь іх галадаў.

Роўна праз 20 гадоў ён ізноў вярнуўся ў вулічную палітыку і атрымаў свае новыя 12 сутак арышту. Валер Сядоў, ягоная жонка Ірына і сын Міша — героі нашай сёньняшняй праграмы.


Валер Сядоў: «Ну, маральна я быў гатовы да таго, каб у адзін цудоўны момант стаць сябрам БНФ „Адраджэньне“. Вось паверце, я этнічна рускі, чалавек, які ў той час ня ведаў ані слова па-беларуску, я быў сябрам управы БНФ. Ані ад Вінцука Вячоркі, ані ад Івашкевіча, ані ад Зянона Пазьняка я ані разу не пачуў папроку ў сваёй этнічнай прыналежнасьці альбо ў няведаньні мовы. У іх такіх думак нават не ўзьнікала. Але прапаганда працавала. На жаль альбо на радасьць, я ўжо думаў, што ніколі нікому не спатрэбіцца, ніякіх запісаў, дзёньнікаў, архіваў не рабіў. Я сапраўды ня думаў, што праз 20 гадоў раптам гэта некаму спатрэбіцца».

Валер Сядоў на 2-м зьезьдзе БНФ.

«У мяне ўсё асяродзьдзе было антысавецкае»

Радыё Свабода: «Як вы прыйшлі ў палітыку?»

Валер Сядоў: «Доўга думаў пра гэтае пытаньне і знайшоў карані ў маленстве сваім. Нарадзіўся я ў Грузіі, і, скажу шчыра, савецкую ўладу як такую там у 60–70-я гады ніхто не прызнаваў, і яе насамрэч не было. А ў мяне ўсё асяродзьдзе было антысавецкае. Вось проста ў каранях ці ў генах. А дзед мой з казакоў. Іх Кацярына выслала: яны за веру — адмовіліся ад праваслаўя і перайшлі ў пратэстантызм. Сэкта такая — малакане. І менавіта малаканамі засялялі Каўказ, вылучалі лепшыя землі, яны паселішчы там арганізоўвалі. Гэта для таго, каб ня толькі штыком, але і каб насельніцтва там было.

І дзед мой меў шмат зямлі — сотні гектараў, меў вялізную колькасьць сельгасінвэнтару, быдла, і, апроч усяго, займаўся гандлем. У 30-м годзе ўначы да іх прыходзіць камбед, як дзед распавядаў, «камітэт беднаты». То бок уся галыцьба, п’янь, якая не хацела працаваць і ня ўмела, аб’ядналася вакол бальшавікоў. Прыйшлі і сказалі: «Усё, што было вашае, стала нашае. Сыходзь, Іван Васільевіч». Разам зь пяцьцю дзецьмі. Нейкія куртачкі ім далі лёгкія — «ідзі, альбо мы цябе расстраляем проста тут». Ну, і пайшлі яны ў поле. Маёй маці было 5 гадоў. Яны паўголыя, сьнег на зямлі, у тапачках. Нейкі дальні сваяк іх прытуліў, хоць і баяліся. Малакане жылі абшчынай дагэтуль, сабралі грошы нейкія, чатырохсьценную хатку купілі, але там усё каменнае, бо на Каўказе ўсё з каменю будавалі.

Я раньняе маленства праводзіў у дзеда ў Армэніі — гэта 2000 мэтраў над узроўнем мора ў гарах. Усе перасяленцы — усе вакол былі рэпрэсаваныя. Памятаю, сваякі вярталіся зь лягераў, усе шапталіся, натуральна, усе баяліся пры мне гаварыць, але я ўсё адно чуў. Дзіцячы слых тонкі, усё было чуваць — пра саветы, пра камуністаў. Не магло гэта не запасьці ў сэрца, на падсьвядомасьці ўсё засталося.

Згадваю ночы. А дзед, нягледзячы ні на што, купіў радыёпрымач лямпавы такі, здаровы — і слухаў «галасы». І бабуля, якая бегае каля дзьвярэй — «Ой, Іван Васільевіч, зловяць нас, пасадзяць цябе, расстраляюць, што ж мы тады будзем рабіць!». Гэта так урэзалася і перадалося мне. І вельмі хутка і я іх стаў слухаць».


Ірына Логінава: «Без „галасоў“ заснуць цяпер ня можаш».

Валер Сядоў: «Ну так, бяз Радыё Свабода не магу.

Па бацьку мой дзед мусіў быць расстраляны. Яны былі з купцоў. Там цэнтар гораду, стаіць на месцы храма помнік Леніну, а насупраць якраз гэтага храму стаяла крамка, дзе мой дзед гандляваў дзіцячымі цацкамі. Мне старыя людзі распавядалі, што дзед з усяго сьвету зьбіраў гэтыя цацкі і імі гандляваў. Таксама ўсю ўласнасьць ягоную экспрапрыявалі. Калі на яго ўжо былі сабраныя дакумэнты, стала так пытаньне: альбо цябе возьмуць зараз і расстраляюць, а гэта значыць, сям’я пацярпіць. І ён абраў другі варыянт, каб сям’я не пацярпела — пайшоў на фронт добраахвотнікам нібыта. І праз тры месяцы пад Бранскам загінуў».

Радыё Свабода: «А як далучыліся да Фронту?»

Валер Сядоў: «Аднойчы я еду ў Маскву, тады ўжо ў Акадэміі навук працаваў у Інстытуце філязофіі. Здаецца, тады яшчэ быў малодшым навуковым супрацоўнікам, яшчэ не паступіў у асьпірантуру. Еду ў Маскву, у бібліятэку. Чалавек адзін падыходзіць і кажа: «Вось ад Хадыкі просьба да цябе — схадзіць у ЦВК, нейкія пытаньні высьветліць». Вяртаюся з Масквы — адразу мітынг 1989 году на стадыёне «Дынама», першы афіцыйны мітынг у Беларусі. Адкрываў яго нябожчык Алег Белавусаў, добра вядомы кінарэжысэр. Мне з таго мітынгу і выступаў сэнсавая частка мала запомнілася, але памятаецца першае слова, якое прагучала. Упершыню да нас зьвярнуліся — «Грамада». А пасьля на ўправу мяне запрасілі, хутка зрабілі мяне сябрам управы БНФ. А там ужо будні пачаліся паўпадпольнай дзейнасьці.

Першы дазволены мітынг. Менск, 1989 г.
Выступ Зянона Пазьняка на мітынгу на стадыёне «Дынама». Менск, 1989 г.


У 1989 годзе мяне накіравалі адразу ў Тбілісі, калі там АМАП ніжагародзкі пабіў людзей рыдлёўкамі. Мяне ўправа БНФ адправіла з афіцыйнай місіяй — выразіць спачуваньне і вызначыць, чым мы можам дапамагчы. І вось у каго трэба вучыцца салідарнасьці — я ніколі не забуду. Раніцай я прыходжу на праспэкт Руставэлі. Усё дрэвы абвязаныя чорнымі і чырвонымі жалобнымі стужкамі, сьвечы, вянкі, плямы крыві на асфальце — людзі ахоўваюць гэта, не падпускаюць нікога. Мітынг у цэнтры Тбілісі, каля Дома ўраду, Гамсахурдыя дае мне слова: «Прадстаўнік Беларускага Народнага Фронту Валер Сядоў». Я дастаю гэты сьцяг, і тут жа бура аплядысмэнтаў і авацыяў толькі сьцягу.

Мітынг памяці ў Тбілісі. 1989 г. Фота Валера Сядова.


Натуральна я прыехаў, усё гэта апісаў. Нашыя бальшавікі азьвярэлі, асабліва ў інстытуце: «Гэта мана!» — крычаць. Ня помню, на жаль альбо на радасьць, я ўжо думаў, што ніколі нікому не спатрэбіцца, ніякіх запісаў, дзёньнікаў, архіваў не рабіў. Я сапраўды ня думаў, што праз 20 гадоў раптам гэта некаму спатрэбіцца. Але з інстытуту мяне выгналі, з асьпірантуры, я ўжо меўся выходзіць на абарону кандыдацкай. Выгналі з забаронай на прафэсію».

Валер Сядоў выступае на мітынгу на плошчы Леніна. Зьлева — Сяргей Навумчык. 1992 г.

20 гадоў таму менавіта камунізм быў галоўным ворагам. У кожнага савецкага чалавека былі з гэтай ідэалёгіяй свае рахункі.

Мітынг 7 лістапада 1990 г.


Валер Сядоў: «Адна з мэтаў мітынгу 7 лістапада 1990 году — шэсьце на плошчу Леніна да помніка яму. Мне адразу ў той момант згадаўся дзед, бабуля, мая мама пяцігадовая, якая стаіць на марозе ў сьнезе паўразьдзетая. Па бацьку дзед, які загінуў, каб выратаваць сям’ю ад рэпрэсіяў. Уся радня згадалася. Я зрабіў абвязаны калючым дротам крыж, на які была апранутая душагрэйка зэка ГУЛАГу. І мы ўсталявалі на помніку. Мы гэта зрабілі. Ад імя дзясяткаў мільёнаў рэпрэсаваных, і беларусаў у тым ліку».

«Здай Пазьняка — пойдзеш дахаты»

Але „органы“ вырашылі адыграцца менавіта на мне чамусьці. Завялі крымінальную справу. Ня памятаю артыкул, але злоснае хуліганства — 8 гадоў. Я доўга быў сьведкам. І аднойчы ізноў позва прыходзіць — у якасьці сьведкі выклікаюць. Прыходжу, лёгка апрануты, але чамусьці Эвангельле паклаў у кішэню сабе».

Па словах Валера Сядова, ані ўмовы ўтрыманьня, ані мэтады працы чэкістаў за гэтыя два дзясяткі гадоў не памяняліся.

Валер Сядоў: «Выклікае мяне Кандрацьеў у кабінэт, ці то першы нам. генэральнага пракурора. Усьмешка, «сядайце». Сядаю. «Як сям’я? Як дачка? Колькі гадоў дачцэ?». Я ўсё распавядаю. Ён кажа: «Ведаеш, думаю, табе трэба быць зь сям’ёю, ты ім больш патрэбны, і мне ня хочацца гэтай справай займацца. Вось табе асадка, аркуш паперы — пішы на Пазьняка, на БНФ. Хочаш, у выглядзе артыкула апублікуем ва ўсіх газэтах, зараз запросім тэлебачаньне — дасі інтэрвію». Карацей — здай, і за гэтую здраду ты зараз жа пойдзеш дахаты.

Мне так помніцца, што я яму плюнуў у твар. Там нейкі кубак стаяў — гарбата ці кава, я гэты стол перакуліў, вельмі эмацыйна зрэагаваў. Я ж скончыў Сувораўскую вучэльню. Я яму сказаў: «Ты што, кадэта хочаш зрабіць стукачом?». Ну, тут усё пачалося — кнопачкі, улятаюць, яны тады не хадзілі ў чорных масках, але ўжо былі ў іх такія хлопцы, качкі. Наручнікі — упершыню ў жыцьці я тады холад гэты на сваіх руках адчуў. І ў камэру.

Я вось параўноўваю, але практычна нічога не зьмянілася ў турме. Гэта значыць, Лукашэнка і ягоная сыстэма бясьпекі — камітэт асабістай бясьпекі Лукашэнкі. Я ня ведаю, чаму яго КДБ называюць, бо КДБ — гэта Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, а ў нас камітэт асабістай бясьпекі Лукашэнкі. Яны ўсё горшае, што было ў камуністаў, перанялі. Я бачу зараз тое ж самае — перапоўненая камэра, спалі мы тады гэтаксама па чарзе. Параша тая ж самая. Чалавек на 14 былі ў нас гэтыя двухпавярховыя ложкі. Але тады не разьдзявалі дагала. «Расьцяжку» рабілі, але чыста фармальна. Шманалі камэру, як і тады — выйсьці, стаць да сьцяны, правераць — і далей пайшлі. «Прэс-хаты» і тады былі, я папаў, але мяне ня сталі біць, бо нават зэкі зразумелі, што я сяджу за палітыку. Там стасункі вельмі своеасаблівыя. Але і тады сядзела працэнтаў 80–90 людзей, якія ня мусілі там сядзець.

Адвакат да мяне прыходзіла Дударава Надзея Барысаўна, перадае мне прывітаньне ад Ірыны, ад дачкі. Дачка ў нас сышла, царства ёй нябеснае, забраў Гасподзь. Адвакат — цудоўная жанчына, прафэсіянал сваёй справы — чалавек маральны, сьмелы, рашучы. Ад яе даведаўся, што на волі абстаноўка накаляецца, з размоваў са сьледчым даведаўся, што ўсё — 8 гадоў мне гарантавана. Трэба быў нейкі адчайны, рашучы ўчынак. Адвакат пераносіла мне такія зьвесткі, што мне давала сілы. Як ні скажыце, але калі ты ўпэўнены, што ты не адзін, калі прастора абмежаваная, бразгат затвораў, крыкі наглядчыкаў — сьвет нібыта замкнуўся, больш нічога няма. Але зьвесткі былі, і гэта, канечне, давала вялізныя сілы. І бяз гэтага было вытрымаць практычна немагчыма — магчыма, але цяжка. Зараз бы я вытрымаў, бо цяпер ёсьць у сэрцы Бог. А з Богам хоць у камэры, хоць у сутарэньнях чалавек ніколі не бывае адзінокі.

Даведваюся, што ў выпадку абвяшчэньня галадоўкі пераводзяць у карцэр. Я абвясьціў галадоўку.

Усталяваньне першага крыжа ў Курапатах. 1989 г. Валер Сядоў — у цэнтры.


Карцэр — гэта вельмі страшная рэч. Ня помню памераў — крок недзе ў шырыню і ў даўжыню ня надта вялікі. Калі, дарэчы, на «Валадарку» глядзіце, там такія вежы, і вось карцэр у гэтых вежах знаходзіцца. Нары закрытыя ўвесь дзень, там такі кшталту пянька стаіць, але на яго таксама сядаць нельга. То бок увесь дзень ты мусіш хадзіць.

Хачу падзячыць тым наглядчыкам, якія тады ахоўвалі мяне ў карцэры — раптам яны прачытаюць. У карцэры ўвогуле паліць забаронена. Гэта мой грэх — палю я. Але яны тайна заўжды мне давалі цыгарэты".

Ірына Логінава з дачкой Насьцяй. Фота з газэты «Навіны БНФ «Адраджэньне».

Ірына Логінава: «Была ў 90-м вельмі вялікая праблема, бо цыгарэты былі па талёнах. І я памятаю, што атаварылася «Космасам» — зь фільтрам, і раптам высьвятляецца, што ў перадачы на «Валадарку» можна толькі бязь фільтру. І я нават аб’яву давала, бо проста так купіць нічога было немагчыма, і мне нехта з задавальненьнем гэты «Космас» на «Астру» памяняў, і гэтую «Астру» я тады насіла на «Валадарку».

Тое, што рэпрэсіўная сыстэма выкарыстоўвае добра адпрацаваныя савецкія мэханізмы, пацьвярджае і жонка Валера — Ірына. На момант затрыманьня мужа яна засталася адна з гадавалым дзіцём і бяз сродкаў да існаваньня.

Ірына Логінава: «Я вось яшчэ пару месяцаў таму глядзела, як Мілана Міхалевіч з торбамі цяжкімі бегае ў «амэрыканку» туды. Вось я гэтаксама бегала, толькі на «Валадарку». Зь дзіцём, з вазком. Тады, праўда, трошкі іншыя былі правілы прыёму перадач. Але мне ўсё гэта знаёмае. Пасьля такі вось момант. Я чытала, як Ала Ўладзімераўна Саньнікава прынесла перадачу. Прычым, як я зразумела, яна старанна бегала перад днём народзінаў сына — нешта шукала прыемнае, каб парадаваць, а тут ёй — раз, і не прымаюць. А гэты шок я памятаю, мне давялося перажыць. Але гэты шок мне знаёмы, як я бегаю з Насьцяй па крамах, тэрмінова нешта зьбіраю ў гэтую перадачу, прыбягаю гэтую перадачу здаць — стаіць вялізная чарга, а я разумею, што я да абеду не пасьпею, у мяне дзіця — галоўнае. Усе праблемы той жа Міланы мне знаёмыя вельмі добра — ня ведаеш, куды бегчы. Я там, помню, нават расплакалася ў гэтай чарзе, але людзі мяне тут жа пусьцілі да вакенца. Я падаю перадачу — мне кажуць: «Не бяром!».

«Ня вер мянтам»

Валер Сядоў сьцьвярджае, што сваякам, блізкім нашмат цяжэй, чым тым, хто пакутуе за сваю ідэю.

Валер Сядоў: «15-ты дзень галадоўкі. Уначы раптам адчыняюцца дзьверы — заходзяць спадары нам. генэральнага пракурора Кандрацьеў і палкоўнік, начальнік гэтай турмы. І мне прыносяць радасную вестку — «Ты вызвалены». Я кажу — ну, пайшлі. Не, кажуць, ты заўтра зранку. Але там сьцены вучаць шмат чаму — там на кожнай сьцяне, на кожным рагу зэкі пішуць: «Ня вер мянтам». Я нешта начытаўся. Не, кажу, — як гэта генэральны пракурор ня можа мяне вывезьці? Якія фармальнасьці? Яны адказваюць — «Не, ты ня ведаеш усёй працэдуры».

Валер Сядоў (зьлева) на адным зь мітынгаў БНФ.


А мне ж хочацца паверыць! Мне ж хочацца сысьці адсюль, хочацца кінуць галадоўку — я ж чалавек! І нішто чалавечае мне не чужое. І мне вельмі захацелася ім паверыць — слабасьць мая была. Я кажу — ладна. Палкоўніку кажу: «Перад табою кадэт стаіць. Прысягні сваім гонарам і пагонамі, што я заўтра выйду». Ён кажа: «Прысягаю!». Пракурору кажу: «А ты гонарам пракурора прысягні». «Прысягаю, — кажа, — што будзеш заўтра на свабодзе». Саджаюць мяне ўжо ў больш камфортную камэру на чатыры чалавекі. І ў аднаго зь іх — сэксота, канечне, — раптам такая шчодрая перадача зьяўляецца. Сыравэнджаная каўбаса… Я помню, што ў мяне гэта такое жывёльнае захапленьне выклікала. Акарачкі там, зеляніна. А я чалавек каўкаскі, для мяне зеляніна — гэта прэстыжны прадукт харчаваньня. Гуркі, памідоры, хлеб — усё гэта ў вялізных колькасьцях. Нешта ў мяне выклікала падазрэньне, але мая бяда ў той момант, што я ня ведаў, як трэба выходзіць з галадоўкі. Аднак усё было прадумана — угаварылі яны мяне. Варта мне было адзін кавалак пакаштаваць. Лягаю спаць, і недзе пад ранак зь дзікім болем я ўскокваю. Гляджу — а ў мяне падушка ўся крывёю залітая. Грукаю ў дзьверы, ніхто мне дапамогі ніякай не аказвае. А мне ўсё горш.

Павялі на прагулку, а ідзеш на прагулку міма санчасткі. Вядуць з сабакамі, узброеныя, з дубінамі. Я скачком улятаю ў дзьверы санчасткі. Мне трэба было чалавека ў белым халаце пабачыць. Я кажу: «Кроў ідзе, кепска, дапамажыце!». А яна мне: «Не, ты мусіш падохнуць». Гэта мне кажа чалавек у белым халаце. Схапілі мяне, ужо, канечне, не на прагулку, а назад у камэру. Я там ізноў галадоўку абвясьціў, ізноў у карцэр мяне, але там у мяне крывацёк спыніўся.

Але і ў карцэры выпрабаваньні ня скончыліся».

Валер Сядоў
пачакайце
Embed

No media source currently available

0:00 0:02:12 0:00
Наўпроставы лінк


Валера Сядова нечакана вызвалілі праз 32 дні галадоўкі.

Валер Сядоў: «Ніякіх эмоцый — ня помню, каб я абрадаваўся. Добра, кажу. Далі мне даведку пра вызваленьне. Я ж ня ведаў, што тады вялізная колькасьць людзей стаялі каля Валадаркі і патрабавалі майго вызваленьня. Таму мяне на машыне завезьлі дахаты, паднялі мяне наверх і перадалі Ірыне».

Валер Сядоў бярэ інтэрвію ў Зянона Пазьняка.


Ірына Логінава: «Я першая ад Зянона даведалася, бо ён пазваніў з раніцы і сказаў, што цябе мусяць выпусьціць. Пасьля ўжо пазваніў Кудзін (сьледчы) і стаў тлумачыць, што выхад з галадоўкі — гэта вельмі няпростая справа».

Валер Сядоў: «Пакуль я сядзеў, некалькі разоў Зянон карыстаўся сваім статусам (дэпутата ВС. — рэд.) і быў на Валадарцы, але яму ані разу не далі са мною сустрэцца. У карцэры я быў ці ў камэры, мяне ўвесь час некуды выклікалі, закрывалі, і ўсё. А яму казалі, што мяне няма.

І тады, калі мяне прывезьлі дахаты, першы, хто да мяне прыехаў, быў Зянон Пазьняк. Менавіта дзякуючы яму я тады апынуўся ў больніцы. Я не хацеў, але ён настаяў.

Зянон рэгулярна прыходзіў да мяне ў больніцы, і калі я выйшаў з больніцы, ён першы да мяне прыйшоў. Я памятаю, што я кажу: «Не, Зянон, я не пайду, я нармальна пачуваюся, я здаровы». А ён так на мяне паглядзеў, бо я ж сябе збоку ня бачу, кажа: «Ды ты прасьвечваеш наскрозь».

Пасьля вызваленьня з Валадаркі. Фота з газэты «Навіны БНФ «Адраджэньне» (№ 5 за 1991 г.)

«Гэты рэжым ня варты таго, каб я галадаў»

Крымінальная справа супраць Валера Сядова была спыненая толькі ў 1992 годзе.

19 студзеня 2011 году каля Чырвонага касьцёла адбывалася акцыя салідарнасьці зь вязьнямі Плошчы. Там быў і Валер Сядоў.

Валер Сядоў: «Я па-за палітыкай, не хацеў туды ісьці назад, няма чаго мне там рабіць. Ёсьць людзі больш разумныя, больш валявыя, больш маральныя за мяне — яны няхай і робяць палітыку. Але калі я прыйшоў на Плошчу — нібыта месяц. Мусілі прыйсьці. Я як грузчык сказаў бы так — мужыкі мусілі прыйсьці. Але я пабачыў там адных жанчын. Толькі жанчыны прыйшлі — чалавек 10–15 — і пратэстуюць. Я, канечне, узяў з сабой ікону, як прадчуваў, і партрэт Статкевіча. Дастаў ікону, сьвечку, зрабіў малітву, заклікаў вызваліць Статкевіча. І ўсё. Я ўтварыў маральны акт. Бо ёсьць кропка, калі чалавек перастае сябе паважаць. У мяне тысячы момантаў былі ў жыцьці, калі я рабіў не па сумленьні, і гэта ўвесь час мяне мучыць. Вось бывае, што ты сёньня не зрабіў учынак, а заўтра ты яго ўжо ня зробіш, і гэта ўсё жыцьцё будзе цябе мучыць. І гэта наглядна мне відавочна, калі я прыходжу на магілу маці і бацькі. Зараз хочацца прасіць у іх прабачэньня, хочацца сказаць ім нешта добрае, але ўжо ты ня скажаш. Вось такі момант наступае ва ўсім — і ў палітыцы. Чалавек мусіць вызначыцца. А ў гэтай краіне цяпер нельга быць пасярэдзіне».

Валер Сядоў на Чарнобыльскім шляху 2006 г. (Фота з газэты «Народная воля», № 70-71, 2006 г.)


Радыё Свабода: «А чаму сышлі з палітыкі 20 гадоў таму?»

Валер Сядоў: «Гэта было глупства, шмат хто тады сышоў. Мы сапраўды тады былі рамантыкі, людзі акрыленыя, паэтычныя, сьвята верылі ў сьвятасьць і сьветласьць ідэі, мэты. У нас выбралі дэпутатаў, зьявілася рэальная апазыцыя, прыйшлі новыя людзі. Здавалася, што мы зрабілі сваю справу. Нехта мусіў зрабіць так, каб гэты бальшавіцкі рэжым зруйнаваўся. Усё, няхай іншыя цяпер прыходзяць да ўлады і будуюць сьветлую будучыню.

Я тады падумаў: „Ну чаго я тут — мусяць беларусы“. Я тады яшчэ, на жаль, не лічыў сябе беларускім нацыяналістам, не разумеў, што гэта такое. Па этнасе вызначаў — вось этнічныя беларусы, няхай яны самі… А цяпер разумею, што я этнічны рускі, але я беларускі нацыяналіст».

Міша Сядоў у музычнай школе. 2006 г.

Радыё Свабода: «Міша, а ты ведаеш, што твой бацька рабіў 20 гадоў таму?»

Міша Сядоў: «Пра гэта я ведаю досыць мала. Не хачу лезьці ў палітыку. Ведаю, што было вельмі кепска ўсё ў тыя часы. Ведаю, што тата галадаў, але ён не распавядаў нічога».

Радыё Свабода: «Як ты думаеш, навошта ён гэта рабіў?»

Міша Сядоў: «Можа, для таго, каб дасягнуць свабоды?»

Валер Сядоў: «Для таго, каб ён жыў у нармальнай краіне, мне трэба „памерці“. Трэба выкласьціся і нешта зрабіць. А вось яна дылема — вось жонка, вось сын. Пойдзеш — і нават з грузчыкаў звольняць, а пасадзяць — хто іх будзе карміць? У першую чаргу я баюся за жонку, за сына, таму што ўжо на працу немагчыма ўладкавацца. Я нават не хачу казаць, дзе я працую грузчыкам. Бізнэс пару гадоў таму я спрабаваў арганізаваць, у выканкаме наўпрост сказалі: спачатку прынялі дакумэнты, я аплаціў нават, але мне там дзяўчынка проста памахала галавою — ідзі, маўляў. Таму паехаў у Расею. Ён хоча аднаго — выціснуць, каб я выехаў. Не, я ня выеду!

Вось пры камуністах я галадаў. Але калі зараз мяне возьмуць у турму, я галадаць ня буду.Таму што гэты рэжым ня варты таго, каб я галадаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG