Вязень калёніі ў Навасадах пад Барысавым Аляксей Хмялеўскі паскардзіўся на ціск з боку прадстаўніка адміністрацыі калёніі, зьвязаны з ягоным братам, Сяргеем Хмялеўскім, які асуджаны на сьмерць Менскім абласным судом.
Пра гэта праваабаронцам «Вясны» распавяла маці братоў Хмялеўскіх Рыта Анатольеўна, паведамляе сайт spring96.org.
Са словаў маці, Аляксей Хмялеўскі рыхтуецца да пераводу на вольнае пасяленьне для далейшага адбыцьця пакараньня. Але пасьля таго, як яго старэйшага брата прысудзілі да сьмерці, на адрас Аляксея пасыпаліся абвінавачваньні, што і ён «будзе такім жа», якія ставяць пад сумнеў яго перавод на больш мяккі рэжым.
«Есьць там у іх маёр Фёдараў. Пасьля таго, як вынесьлі такі прысуд майму старэйшаму сыну, ён стаў казаць Лёшу, што „будзеш сядзець да канца, таму што твой брат нарабіў такое і ты тое ж самае наробіш“. Сын кажа, што гэты маёр пастаянна яго папракае, праходу не дае — маўляў, з табой будзе тое ж самае, і ты такі ж будзеш... Але пры чым тут ён?» — распавяла жанчына актывістам кампаніі «Праваабаронцы супроць сьмяротнага пакараньняў».
Цяпер у Беларусі 4 чалавекі чакаюць выкананьня сьмяротных пакараньняў і разгляду сваіх скаргаў на прысуды. Гэта жыхар пасёлку Мачулішчы Сяргей Хмялеўскі, які асуджаны за забойства 3 чалавек, а таксама Генадзь Якавіцкі з Вілейкі, Юры Іваноў з Рэчыцы і Іван Кулеш, асуджаны на сьмерць за забойства двух прадавачак у Лідзкім раёне.
26 лютага Вярхоўны суд Беларусі мусіў разгледзіць касацыйную скаргу Івана Куляша на прысуд, але паседжаньне судовай калегіі было перанесенае на неназваны тэрмін без тлумачэньня прычын.
«Дзень разгляду скаргі Івана Куляша дагэтуль невядомы, не паведамляюць. Мяркую, перанос зьвязаны з міжнароднай канфэрэнцыяй па праблеме сьмяротнага пакараньня, якая мае адбыцца ў Менску 10 сакавіка. Відаць, улады ня хочуць зацьвярджаць чарговы сьмяротны прысуд перад прыездам вядомых асоб на гэтую канфэрэнцыю», — заявіў карэспандэнту Свабоды каардынатар грамадзкай кампаніі «Праваабаронцы супроць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда з «Вясны».
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжываюць сьмяротнае пакараньне.