Турнір зьяўляецца кваліфікацыйным этапам да чэмпіянату Эўропы і чэмпіянату сьвету IFMA ў муай-тай, які пройдзе ў гэтым годзе ў Швэцыі.
Пераможцам стаў Віталь Гуркоў — шматразовы чэмпіён сьвету сярод аматараў і чэмпіён сьвету сярод прафэсіяналаў паводле вэрсіі WBC. Баец і ўдзельнік гурту Brutto, апошнім часам удзельнічаў у гастролях гурту, потым вярнуўся да трэніровак і заявіў, што разьлічвае на перамогу.
Віталь Гуркоў бясхібна размаўляе на беларускай мове й карыстаецца ёй вельмі часта. У тым, што нацыянальныя традыцыі ў беларускім спорце часьцей за ўсё заўважаюцца акурат у адзінаборствах, Віталь ня бачыць дзіва. Аднойчы ў інтэрвію Белгазэце ён падрабязна патлумачыў, чаму.
«Тайскі бокс — від спорту, максымальна набліжаны да сапраўднага бою з элемэнтамі ўсходніх адзінаборстваў. І ў нас байцоўскі характар — гэта перш за ўсё дух продкаў, шанаваньне воінаў сваёй зямлі, даніна павагі нацыянальнай культуры. Займаючыся воінскім мастацтвам, мы чэрпаем энэргію роднай зямлі зь мінулага, з гісторыі значных перамог нашых продкаў. Вазьміце нават нашы словы „змагайся“ або „наперад“. Я адчуваю ў іх нашмат больш духоўнасьці і энэргіі, чым у словах „сражайся“ або „вперёд“. Пры ўсіх іншых роўных умовах, калі ў спартоўцаў аднолькавая падрыхтоўка, аднолькавая тэхнічная аснашчанасьць, аднолькавыя характарыстыкі, на першы плян выходзіць менавіта ўнутраная энэргетыка, зьвязаная з гісторыяй, традыцыямі, культурай, мовай. Шмат у чым менавіта гэта тлумачыць посьпехі беларускіх байцоў у тайскім боксе».
Тайландскі бокс, або муай-тай — баявое мастацтва Тайланда, якое паходзіць з старажытнага тайскага баявога мастацтва муай-баран. У перакладзе «муай-тай» азначае «паядынак свабодных», «свабодны бой». У муай-тай можна наносіць ўдары кулакамі, ступнямі, галёнкамі, локцямі і каленямі. Праз гэта муай-тай таксама часта называюць «боем васьмі канцавін».