Міністэрства юстыцыі ў чарговы, шосты раз, адмовіла ў рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Ведамства сьцьвярджае, што пры стварэньні арганізацыі «былі дапушчаныя грубыя парушэньні заканадаўства Рэспублікі Беларусь».
«Так, у ходзе выбарачнай праверкі шэраг грамадзян, указаных у ліку заснавальнікаў партыі, заявілі аб тым, што ня маюць да партыі ніякага дачыненьня і ня ўдзельнічалі ў яе стварэньні, ня ставілі сваіх подпісаў у сьпісе заснавальнікаў. Асобныя грамадзяне ў сьпісе заснавальнікаў былі ўказаныя неаднаразова, а ў дачыненьні да шэрагу іншых заснавальнікаў партыі былі ўказаныя неадпаведныя рэчаіснасьці дадзеныя. Такім чынам, у Міністэрства юстыцыі былі прадстаўленыя недакладныя зьвесткі», — гаворыцца ў заяве на сайце Мін’юста.
Акрамя таго, у міністэрстве сьцьвярджаюць, што БХД парушыла патрабаваньне аб тым, што ў якасьці заснавальнікаў палітычнай партыі маюць права выступаць толькі грамадзяне Беларусі.
У сувязі з гэтым Мін’юстам была запрошаная інфармацыя адносна скліканьня і правядзеньня яе ўстаноўчага зьезду, не прадстаўленая пры падачы пакета дакумэнтаў для яе дзяржаўнай рэгістрацыі. Аднак гэтая інфармацыя не была прадстаўленая. У выніку ведамства прыняло рашэньне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі БХД.
Cустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі ў размове са Свабодай зьвярнуў увагу на тое, што Мін’юст аб’явіў пра сваё рашэньне толькі цяпер, хаця дакумэнты на рэгістрацыю аргкамітэт падаваў яшчэ 24 сьнежня.
«Такі тэрмін зацягваньня зьвязаны з тым, што яны чакалі пакуль эўрапейцы здымуць санкцыі зь беларускіх чыноўнікаў», — лічыць палітык.
Саму адмову ў рэгістрацыі Рымашэўскі называе «досыць чаканай».
«Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Эўропе, у якой хрысьціянскія дэмакраты не зарэгістраваныя. Гэта азначае толькі адно: рэжым баіцца любых праяваў незалежных дэмакратычных сілаў у Беларусі і будзе рабіць усё, каб спыніць разьвіцьцё дэмакратычнага руху. Мы безумоўна будзем падаваць скаргу ў Вярхоўны суд, але зразумела, што Вярхоўны суд не зьяўляецца незалежнай інстанцыяй у нашай краіне. Але каб яшчэ раз сабраць доказы незаконнасьці дзеяньняў улады, мы будзем гэта рабіць, будзем зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці. Зрэшты хрысьціянскія дэмакраты ня спыняць сваю працу, мы будзем працаваць надалей і будзем прымушаць гэты рэжым ісьці на саступкі, ў тым ліку ў пляне рэгістрацыі. Я думаю, гэта была не апошняя наша спроба», — дадаў ён.
Рымашэўскі падкрэсьліў, што аргкамітэт даў Мін’юсту ўсе зьвесткі, якія патрабуе дзейнае заканадаўства Беларусі:
«Але Міністэрства юстыцыі запатрабавала шэраг дакумэнтаў, якія не прадугледжаныя законам як абавязковыя для рэгістрацыі палітычнай партыі. Ва ўмовах, калі на сябраў БХД аказваецца ціск, у тым ліку ціск па месцы працы і вучобы, улады патрабуюць дадатковыя зьвесткі, дзе адбываліся сходы, у якіх гаспадароў і г.д. Мы гэтыя зьвесткі адмовіліся даваць, таму што ў першыя разы спробы нашай рэгістрацыі мы гэтыя зьвесткі давалі, і нічога гэта не дало, апроч дадатковых рэпрэсіяў супраць нашых сябраў. Яшчэ раз падкрэсьлю: усе неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты мы Мін’юсту прадставілі».
Ключавыя словы: Мін’юст, БХД, Рымашэўскі, рэгістрацыя, Вярхоўны суд