Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паміж Лябедзькам і Статкевічам адбываецца барацьба за лідэрства ў апазыцыі»


Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч і Анатоль Лябедзька (зьлева направа) на пікеце ў Менску ў верасьні 2015 году
Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч і Анатоль Лябедзька (зьлева направа) на пікеце ў Менску ў верасьні 2015 году

Трайны ўдар: тры пытаньні для трох аналітыкаў: Алег Грузьдзіловіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.

Што адзначае канфлікт паміж Шумчанкам і Лябедзькам вакол акцыі пратэсту 14 сакавіка?

Дракахруст: Нагадаю канву падзеяў. Лідэр прадпрымальніцкага руху «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка да апошняга часу ўстрымліваўся ад арганізацыі акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў і ўдзелу ў іх, аддаючы перавагу перамовам з урадоўцамі пра сумнавядомы ўказ № 222. Але на мінулым тыдні ён падаў заяўку на мітынг прадпрымальнікаў на 14 сакавіка, прычым падаў разам з апазыцыянэрам з рэпутацыяй вулічнага байца, былым палітвязьнем Міколам Статкевічам.

Аднак неўзабаве заяўку на акцыю ў тым жа месцы ў той жа час, але з больш шырокім сацыяльным парадкам дня падаў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Паводле Лябедзькі, акцыі ўласна прадпрымальнікаў выдыхаюцца, трэба далучыць новыя слаі насельніцтва, новых незадаволеных. Таму абвешчаная ім акцыя — у падтрымку калегаў. Гэта спарадзіла востры канфлікт, які лунае ў паветры некалькі тыдняў. Спадар Шумчанка выказаўся пра ініцыятыву палітыка даволі рэзка, назваўшы Лябедзьку «пасажырам». На яго думку, прадпрымальнікі неахвотна ходзяць на мітынгі менавіта з-за асобы лідэра АГП, які не выклікае ў іх вялікіх сымпатыяў.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Абмен малазычлівымі ўзаемнымі азначэньнямі працягваецца ўжо некалькі дзён. Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што сярод арганізатараў і актыўных удзельнікаў усіх апошніх акцыяў прадпрымальнікаў быў якраз Анатоль Лябедзька, а не Анатоль Шумчанка. І не сказаць, што акцыі 15, 22 і 28 лютага былі выключна прадпрымальніцкімі — па словах удзельнікаў і журналістаў, прыблізна палова ўдзельнікаў былі грамадзкімі актывістамі. Калі на тыя акцыя студэнты, пэнсіянэры і прадстаўнікі іншых катэгорыяў насельніцтва выходзілі ў невялікай колькасьці, дзе гарантыя, што выйдуць у большай 14 сакавіка на заклік Анатоля Лябедзькі?

Літаральна сёньня да палемікі калегаў далучыўся і Мікола Статкевіч. Ён прыгадаў, што ў 90-х адной з найбольш папулярных прычын адмоваў у дазволах на апазыцыйныя дэманстрацыі ўлады называлі іншае масавае мерапрыемства, якое нібыта павінна адбыцца ў тым жа самым месцы і ў той жа час. Былі нават выпадкі, калі ўлады выкарыстоўвалі няўзгодненасьць паміж дзьвюма дэмакратычнымі арганізацыямі, каб адмовіць у дазволе на акцыі абедзьвюм. На думку Статкевіча, дзеяньні кіраўніцтва АГП наносяць шкоду барацьбе індывідуальных прадпрымальнікаў за свае правы. Статкевіч заклікаў кіраўніцтва АГП перанесьці свой марш на іншы дзень.

Папракаць палітыкаў у волі да ўлады, у жаданьні быць лідэрамі — занятак недарэчны, як папракаць мядзьведзя ў тым, што ён любіць мёд — гэта ж і ёсьць іх сутнасьць. Сьціплыя і сарамлівыя выбіраюць іншыя прафэсіі. Але ў дадзеным выпадку, відаць, сутыкненьне воляў шкодзіць агульнай справе.

Незразумела, чаму Анатоль Лябедзька ня мог банальна далучыцца да Шумчанкі і Статкевіча ў якасьці заяўніка акцыі 14 сакавіка, нанесьці, так бы мовіць, трайны ўдар. Але выглядае, што прыняць трэцяга калегі па дэмакратычным лягеры не захацелі. У выніку атрымалася пэўная блытаніна. Звычайныя людзі, а не запісныя актывісты, пачуўшы заклікі на два мітынгі, якія незразумела чым адрозьніваюцца, імаверна, ня пойдуць на ніводзін.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Сапраўды, атрымалася цікавая калізія. Дзеяньні прадпрымальнікаў, якіх узначальвае Анатоль Шумчанка, паказваюць, што яны б хацелі пратэставаць спакойна, легальна і без радыкальных палітыкаў. Частка на чале са спадаром Макаевым ужо тры разы прыходзіла на мітынгі, і калі першы сабраў каля тысячы чалавек, то два другія сабралі каля двухсот, сярод якіх больш за палову было палітычных актывістаў. Абодва бакі прызналі, што акцыі зайшлі ў тупік. Таму Шумчанка са Статкевічам вырашылі падаць заяўку на легальнае шэсьце, разумеючы, што менавіта на такую форму больш спакойныя прадпрымальнікі прыйдуць.

У сваю чаргу, Анатоль Лябедзька вырашыў, што трэба даць новы штуршок, пашырыць сацыяльную базу акцыяў пратэсту, і сваімі лёзунгамі запрашае студэнтаў, пэнсіянэраў — усіх, хто абураны ЖКГ. Цікава, што сам Анатоль Шумчанка дастаткова пісаў пра гэтую калізію ў сваім фэйсбуку і зьвярнуўся да Анатоля Лябедзькі ад імя тысяч прадпрымальнікаў з просьбай забраць сваю заяўку на сацыяльны марш. Ён і Статкевіч абвінавачваюць Лябедзьку ў тым, што з-за ягонай заявы ўлады могуць адмовіць у мітынгу і тым, і тым. «Лябедзька зрывае акцыю і дае ўладам козыр маніпуляваць прадпрымальнікамі», — заяўляе Шумчанка. — «У мяне няма мэты ўчыніць дэстабілізацыю ў краіне, у мяне няма мэты зьмяніць уладу — у мяне адна мэта: абараніць прадпрымальнікаў і захаваць іх як кляс, а таксама дапамагчы нашай дзяржаве і народу ўмацаваць эканамічную бясьпеку і працаваць далей без узрушэньняў і пагрозы нацыянальнаму бізнэсу».

Вось тут, можа, і сапраўды карэннае разыходжаньне, бо ў Анатоля Лябедзькі, як у актыўнага апазыцыйнага палітыка, якраз мэта — зьмяніць уладу. Таму супярэчнасьці паміж прадпрымальнікамі і палітыкамі будуць узьнікаць. А прызначэньне дзьвюх акцыяў на адзін час не прынясе карысьці ніводнаму з бакоў.

Дракахруст: Асабліва з улікам таго, што на баку Шумчанкі выступіў Мікола Статкевіч, які зусім не аднолькавых зь ім поглядаў.

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Грузьдзіловіч: Я ўзгадаў, як 8 гадоў таму, калі Мікалай Статкевіч скончыў свой тэрмін «хіміі» ў Баранавічах, яго сустракаць прыяжджаў Анатоль Шумчанка. Мы тады яшчэ шмат размаўлялі пра палітычную сытуацыю. З таго часу прамінула 8 гадоў, і Шумчанка ня стаў палітыкам ня тое што першага эшалёну, але і другога. Ён застаўся актыўным прадпрымальнікам. Таму, калі я пачуў, што яны не паразумеліся, то мяне нават гэта ўсьцешыла. Бо пачынаецца нейкі рух палітычны, барацьба паміж фігурамі. У нас жа так прынята, што змагаюцца ўсе разам з адным, і ў выніку гэты адзін перамагае. Ну, можа, хай нарэшце паміж сабой пазмагаюцца і высьветліцца, хто зь іх мацнейшы, хто зь іх больш дужы, на што здатны, і хто здолее весьці людзей за сабой. Я згодны, што ў іх карэнныя разыходжаньні. Адзін лічыць, што трэба не мяняць уладу, а дамаўляцца зь ёй, а другі даводзіць, што пры гэтай уладзе зьмяняцца нічога ня будзе.

Дарэчы, мяркуючы па настроях прадпрымальнікаў, яны якраз згодныя з апошнім. Мне даводзілася на «Экспабеле» зьбіраць інфармацыю, там раздавалі ўлёткі АГП, і большасьць тых, хто атрымалі ўлёткі, так і казалі, што пры гэтай уладзе бессэнсоўна з чымсьці змагацца. Яны гэтым тлумачылі сваю апатыю. Мэсыдж Лябедзькі якраз быў пра гэта. Калі вы лічыце, што трэба змагацца, то давайце мяняць уладу. Хай гэтая праблема вызначыцца паміж гэтымі двума лідэрамі, заадно Анатоль Шумчанка атрымае які імпульс у сваім палітычным росьце.

Анатоль Лябедзька апошнім часам вельмі актыўны падчас вулічных акцыяў. Гэта яму, відаць, дапамагае ў стварэньні іміджу барацьбіта. Цяпер фактычна ідзе барацьба, хто аб’яднае апазыцыю, хто стане галоўным лідэрам. Пакуль бачныя фігуры Статкевіча і Лябедзькі. Магчыма, Лябедзька набудзе ў гэтай барацьбе нейкія плюсы, магчыма і Статкевіч далучыўся да гэтай барацьбы, каб не саступаць.

Цыганкоў: Нашы Трамп і Круз.

Грузьдзіловіч: Падтэкст гэтай барацьбы я якраз бачу не ў змаганьні Шумчанкі зь Лябедзькам, а Статкевіча зь Лябедзькам. Магчыма, і вызначыцца адзіны лідэр. А што да эфэкту самой акцыі — я ня бачу вялікай розьніцы, калі прыйдзе 500 чалавек, ці 200, ці тысяча. Пакуль не ўдалося дагрукацца да гэтых прадпрымальнікаў, да тых, хто пакрыўджаны ўладай, хто цярпіць ад нястачы грошай, працы, — а такіх вельмі шмат, іх тысячы, — пакуль не ўдалося дагрукацца да іх, гэта няважна, колькі будзе чалавек, 500 ці тысяча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG