Ягоная творчасьць вярнулася ў Беларусь на пачатку 90-ых. Была ўключана ў школьную праграму. Паэт пасьпеў парадавацца гэтаму. Пасьпеў таксама некалькі разоў прыехаць на Радзіму. Дажыў і да іншых часоў. Быў адным з самых цікавых творцаў беларускага замежжа.
Маліцца хараству
Масей Сяднёў у творчасьці сваёй імкнуўся асягнуць сутнасьць красы. Ад самага пачатку. З трыццатых гадоў, калі дэбютаваў у тагачасных пэрыёдыках. Ствараў свой сьвет, ня надта адпаведны і цалкам не суладны з рэальнасьцю. Пра тое ў паэзіі. І ў рамане «І той дзень надышоў», герой якога Мікола прататыпам мае самога пісьменьніка. «Зачараваны» — з насьмешкай кідае яму мянушку-абразу настаўнік Вяркееў, антыпод герою.
Перачытваючы твор, выразна бачу вобразныя паралелі: герой Сяднёва — героі прозы Максіма Гарэцкага. Шкадую, што ніколі не спытала пра стаўленьне Масея Сяднёва да творчасьці нашаніўскага клясыка. Інтэлігенты Гарэцкага — беларускія хлопцы, гараджане ў першым пакаленьні, якія шукаюць сябе ў гэтым сьвеце. І не знаходзяць. У якіх дваіцца душа. Бо прычынаў для таго ажно занадта. Найперш усьведамленьне свае непрыкаянасьці, бо нідзе няма месца, бо «прымак у панстве» і «пасынак вёскі». Згадайма Лявона Задуму з аповесьці «Мэлянхолія», што прыяжджае ў родную вёску, у родную хату. Блукае па ваколіцах і па сьцяжынах свае памяці. Як і Мікола, які ня можа «ўтаймаваць у сваёй душы разлад... што паўстаў у мяне ці то ад чытаньня розных — у тым ліку забароненых — кніг, ці таму, што мне ў вёсцы няма чаго рабіць. Я ўжо адарваўся ад яе. Я не гарадзкі і не вясковы». Сапраўды, кнігі шмат далі герою, перайначылі яго. «Чытаньне перарабіла мяне, наставіла на нейкі іншы, больш ідэальны сьвет, на больш прыгожае ў сьвеце, і я знаходжуся ў пошуках гэтага летуценнага сьвету». У ім мусіць панаваць яна. І яна зьяўляецца. Мо ня столькі рэальная асоба, зусім яшчэ юная дзяўчынка, вясковая пастушка, колькі створаны героем летуценна-рамантычны вобраз: «Бачу яе, невясковую, нібы закінутую сюды аднекуль з больш прывабнага сьвету».
Герой Сяднёва — апалягет красы. Носьбіта яе, жанчыну, ён узвышае, абагаўляе. Выразна адлюстравана гэта ў вершах, што ўведзеныя ў зьмест раману:
Бо ты — багіня на зямлі
і хараство, а ім,
як у палон мяне ўзялі,
павінен я жыцьцём сваім.
Маліцца хараству — закон,
закон адзіны мой.
Жыцьцё маё пастаўлена на кон —
і целам і душой я твой.
Мяне няма
Гэта ўжо іншы час. Ніколькі ня лепшы, чым час Лявона Задумы. І таму, што родныя героя «ўбіваюцца ў калгасе на агульных работах», атрымліваючы за гэта працадні. Працуюць не на сябе. І таму, што героі Сяднёва жывуць у заўсёдным, штодзённым страху. За сваю свабоду, за сваё жыцьцё, за жыцьцё родных. Мусяць гаварыць няпраўду, ведаючы, што праўда нясе сьмяротную небясьпеку. Згадаем размову Міколы з упаўнаважаным, калі на пытаньне пра пісьменьнікаў мусіць самастрахавацца, пачынае «ганіць і Пушчу, і Гаруна, і Дубоўку, і Чорнага, і ўсіх чыста, пра каго ўпаўнаважаны пытаўся, а хваліць Андрэя Александровіча, пралетарскага паэта-камуніста.»
Таму душа ягоная нат не дваіцца. Яна рассыпаецца на мноства аскепкаў, якія — як сабраць? «Мяне-ж няма. У маім „я“ мільёны „я“ і таму ў мяне няма „я“. Няма мяне». Роздум Міколы, «дзіўныя разважаньні» пра сутнасьць дабрыні, пра стаўленьне да іншых, пра заўсёднае прыстасоўваньне, лявіраваньне вядзе да балючае высновы — мяне няма. Вось хто з беларускіх творцаў першым выказаў гэтую трагічную прыжыцьцёвую адсутнасьць, зьнікненьне. Зусім ня той, з кім асацыюецца сёньня.
Каханьне пад акупацыяй
Што да назвы «І той дзень надышоў», то тут ідзецца пра дзень пачатку ягоных пакутаў, што расьцягнуліся на пяць гадоў, укрыжаваньня, з якога ён уваскрос, загартаваўся. І выйшаў зь пекла з адною мараю, прагаю — жыць і кахаць. Але трапіў у іншае, ня менш страшнае пекла. Каханьне пад акупацыяй — галоўны матыў твора. Пад акупацыяй у яе беларускім варыянце, калі ворагі ўсе і паўсюль, калі надзеі на выратаваньне няма ніадкуль. Калі жыць можна толькі схаваўшыся ў сваё пачуцьцё. Таму адзіным магчымым выйсьцем ёсьць Зыход са свае зямлі, з Бацькаўшчыны.
Першым прыпынкам у тых блуканьнях стаў Беласток, пра што пісьменьнік апавядае ў «Беластоцкім сшытку», які быў апублікаваны ў «Ніве», а таксама ўвайшоў у ягоную «Масееву кнігу». Гэта ж так блізка ад Гародні. Хацелася ведаць, ці быў у нашым горадзе. От жа так: і быў, і не. Вечарам выехалі з Хведарам Ільяшэвічам з Беластоку, ноч прабылі на вакзале, а «раніцай, не прайшоўшы па якой вуліцы, мы пакінулі Гародню. Але памятаю — у мяне засталася аб ёй рамантычная ўява. Такой яна застаецца ў мяне і па сёньня» (зь ліста ад 23.04.1997).
У Мюнхэн — як на лецішча
А далей была Нямеччына, з якою Масей Сяднёў быў зьвязаны надзвычай цесна. Двойчы на працягу жыцьця давялося яму жыць у гэтай краіне.
Першым разам — з 1944 па 1950 гады. Гэта быў надзвычай нялёгкі час бадзяньня па розных местах зруйнаванага краю: Бэрлін, Міхэльсдорф, Рэгенсбург, Заўльгаў, Бакнанг, Ватэнштэт. Масей Сяднёў здолеў убачыць у разбуранай вайной краіне той магутны стрыжань, аснову, што і паспрыяла далейшаму росквіту: «Нацыянальнае будаўніцтва пачынаецца з Духу... Дух — гэта тое, што цэмэнтуе нацыю і вызначае ейную (адметную) сутнасьць. Дух — гэта... павеў, што, як вецер, ахоплівае нас. Гэтым Духам-павевам прычашчаецца нацыя».
У творчым пляне гэты час быў даволі плённым. Шмат вершаў Масея Сяднёва зьяўляецца на старонках беларускай эмігранцкай пэрыёдыкі, у газэтах: «Раніца», «Пагоня», «Зьвіняць званы сьвятой Сафіі», «Шляхам жыцьця», «Сакавік». Праўда, першы на эміграцыі паэтычны зборнік «Ад сына твайго, Беларусь», падрыхтаваны да друку яшчэ ў Беластоку, напаткала няшчасьце: ён быў набраны ў Кёнігсбэргу і згарэў падчас пажару. Выйшлі чатыры кнігі паэта: «У акіяне ночы» (Мюнхэн, 1946 г.), «Спадзяваньні» (Рэгенсбург, 1947 г.), «На край сьвятла» (Міхэльсдорф, 1947 г.), «Цень Янкі Купалы» (Ватэнштэт, 1948 г.). Недарэмна сам Масей Сяднёў у інтэрвію зь пісьменьнікам Барысам Сачанкам у часе сваёй першай паездкі ў Беларусь у чэрвені 1990 г. адзначыў: «Гэта быў адзін з самых плённых пэрыядаў у маім жыцьці. Там, нягледзячы ні на што, я знаходзіўся ў нейкім рамантычна-узьнёслым стане... Туга па страчаным перапаўняла мяне, гэта стварала своеасаблівы настрой. Зьявіліся вершы заглыбленага зьместу, з філязофскім падтэкстам, тое, што называецца мэдытацыяй... Я жыў паэзіяй, паэзія давала мне крылы, глушыла боль...»
Другі нямецкі пэрыяд у жыцьці Масея Сяднёва — мюнхэнскі. Гэта была ўжо іншая ад той, паваеннай, Германія. Блізу сямнаццаці гадоў працаваў ён у беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». «У Мюнхэнскі пэрыяд, — як адзначае дасьледчык беларускага замежжа Ян Чыквін, — Масей Сяднёў меў таксама магчымасьць перачытаць у арыгінале — і перачытаў — усіх выдатнейшых нямецкіх паэтаў. Празь іх непасрэдна дакрануўся М. Сяднёў да вытокаў эўрапейскага рамантызму, дзе выпрацаваліся самыя розныя ідэалягемы сучаснага мастацтва і культуры Эўропы».
Праца на радыё забірала столькі сілаў, што на мастацкую творчасьць папросту не хапала энэргіі. А ў вольныя хвіліны — адпачывае разам з творамі нямецкіх рамантыкаў. «Знаёмства зь нямецкай паэзіяй у арыгіналах узбагаціла мяне як у эстэтычным, так і, наогул, духоўным сэнсе. Як Гётэ казаў, што веданьне другой (апрача сваёй) мовы — гэта як новае вакно ў бачаньні сьвету. Вось жа нямецкая паэзія, нямецкая літаратура былі для мяне тым новым адкрыцьцём сьвету» — з апошняга ліста паэта да аўтаркі ад 15.01.2001 г.
Мюнхэн застаўся для Масея Сяднёва ўлюбёным горадам. І па вяртаньні ў ЗША ён часта прыяжджаў сюды. Звычайна езьдзіў летам. Апошнія дзесяць дзён у Мюнхэне правёў летам 1998 г. Адсюль — ягонае кранальнае прызнаньне: «Мне да Мюнхэну — як табе да твайго лецішча... Мюнхэн — гэта маё лецішча» ( з ліста ад 11.09.1998 г.).
Уражаньні ад наведваньняў Мюнхэну — у «Нямецкім дзёньніку» і лірычных запісах «Дзесяць дзён у Мюнхэне». Вяртаньне туды — як спроба вяртаньня ў мінулае, як спроба вярнуць: «Захацеў быў вярнуцца ў мінулае — паехаў у Мюнхэн...»
Праз усе запісы прасочваецца клопат пра сваё, беларускае. Думкі пра Беларусь скрушныя, у параўнаньнях яна, на жаль, заўсёды прайграе: «У нашым духоўным Пантэоне няма яшчэ свайго Гётэ». Назіраючы за набажэнствам у Тыятынэркірсе, захапляецца яднаньнем немцаў «у Бозе — і яднаньнем як нацыі, як народа. На вокліч сьвятара адказвалі малітвенна дружна, як адно цэлае. І міжволі падумалася: калі такое яднаньне наступіць у нас, беларусаў?» Зрэшты, і Беларусь яму даводзілася адкрываць для сябе наноў, вяртаючыся зь Менску ў Мінск. Гэтыя часавыя і прасторавыя напластаваньні патрабавалі вялікага эмацыйнага напружаньня, а заўважаныя на Беларусі зьмены не заўсёды былі на карысьць новаму. Як, ізноў жа, параўнаньне зь Нямеччынай. Бадай, найбольш скрушна пра тое ў наступным запісе: «Адсюль, зь Нямеччыны, думаю пра сваю Беларусь, і якой жа ніякай, даруйце, яна выглядае адсюль! У ёй няма яшчэ свайго Духу, свайго розуму, інтэлектуальнай моцы, веры ў сябе. У вачах маіх яна заслонена Чарнобылем. І гэта не пэсымізм, гэта — замілаванасьць да яе».
Страчаны рай
«Нямецкі дзёньнік» — апошняе з напісанага пра Мюнхэн. Нямецкая рацыянальнасьць, дасканаласьць, пунктуальнасьць, законнасьць — усё гэта не спрыяла паэтычнаму натхненьню, летуценнасьці. Але і ў гэтых варунках Масей Сяднёў заставаўся найперш беларускім паэтам, патрыётам: «Усё-такі я ня здольны знайсьці сябе ў чужой краіне. Усьвядоміў: па-за беларускасьцю — не існую. Ты шмат у чым незадаволены ў той беларускасьці, але без яе ты непаўнавартасны». І таму ён зь вялікай радасьцю сустракае тут, у Нямеччыне, беларускае. Тым разам — канцэрт хору «Раніца». Уражаньню ад гэтай сустрэчы з беларускім мастацтвам адведзена значнае месца ў «Нямецкім дзёньніку» як, бадай, адной з самых важных падзеяў той паездкі. Бо гэта было сапраўднае сьвята, сьвята душы: «Хвіліна напружаньня — і от загучэлі, проста боскія галасы беларускіх сьпявачак, энтузіязму не было канца. А калі засьпявалі „Закувай, зязюленька, закувай“, я закуваў і сам: сьлёзы радасьці і смутку былі ачышчэньнем душы. Быў я горды за сваіх зямлячак». Менавіта гэтым — сваёй высокай культурай — Беларусь годна ўпісваецца ў сусьветны кантэкст. Таму зразумелы гонар беларускага паэта.
Масей Сяднёў вядомы і як перакладчык зь нямецкай літаратуры, папулярызатар як вядомых, гэтак і часта забытых імёнаў. Найбліжэй Масею Сяднёву зь нямецкіх рамантыкаў быў Генрых Гейнэ. Самы вядомы зь вершаў, дзе паэт творча насьледуе вобразы нямецкага фальклёру і паэзію Гейнэ — «Мая Lorelei». Прыналежны займеньнік, пададзены на роднай мове ў адрозьненьне ад назоўніка, у назьве адыгрывае значную ролю. Сапраўды, ад баляды Гейнэ, радкі зь якой узяты эпіграфам, засталося толькі адчуваньне глыбокага смутку ды мо яшчэ надзвычайная мэлядычнасьць, песеннасьць паэтычнага радка:
Ёсьць месца такое ў лесе,
з ім можа зраўняцца рай.
Там, на Палесьсі,
жыве мая Лёрэляй.
Палесьсе, Беларусь як праўдзівы рай для яе і яго — вобраз ня новы ў беларускай літаратуры. Згадаем паэму Янкі Купалы «Яна і я». Але ў творы паэта-эмігранта гэты матыў прагучаў надзвычай балюча: той рай страчаны назаўсёды. Між закаханымі адлегласьць зь недасяжнай прасторы і незваротнага часу:
Стаіць у прасторы сінім
і моліцца ўсім сьвятым,
ды голас бясьсільны
вяртаецца рэхам пустым.
Вобраз Лёрэляй «пераапрануты» ў беларускія нацыянальныя строі, яму нададзены характар беларускай жанчыны, цярплівай, пяшчотнай, вернай. Воблік гераіні сьветлы, родны, лёгкі і надзвычай вабны, чаму спрыяе паэтычнае параўнаньне, імклівым рытм:
Як тая казуля
між сініх азёр,
у зрэбнай кашулі —
палескі ўзор.
І калі Лёрэляй Гейнэ — жорсткая чараўніца, што сваім хараством і сьпевам зваблівае ў вадзяную бездань ахвяры, гераіня Масея Сяднёва сама здольная стаць гэткай ахвярай, бо боль яе — невылечны:
Рака пачынае хліпаць,
хвалямі біцца ў край.
Баюся, што кінецца ў Прыпяць
мая Лёрэляй.
Нямеччына зь яе культурай, літаратурай сталася адметнай старонкай у жыцьці і творчасьці эмігранцкага паэта Масея Сяднёва. Але і там, як, зрэшты, усюды, ён пачуваўся найперш паэтам беларускім...
О.К. — і ў вечнасьць
Цяпер мне зразумела, што ён — Паэт, — сказаў мой калега, якому прапанавала прачытаць ліст, што прыляцеў з-за акіяну. Вельмі хацелася падзяліцца сьветлаю радасьцю ў тым, ужо даўнім, зь мінулага стагодзьдзя, змрочным восеньскім часе, калі апошняе лісьце пакінула дрэвы, калі нішто не сагравала, бо ў прыроды засталіся толькі чорна-шэрыя фарбы.
У той вечар, вяртаючыся з працы, адчувала, што павінна ж нешта здарыцца, што не мусіць быць гэтак самотна, як у акіяне ночы. Якраз у той дзень мела лекцыю пра паэзію Масея Сяднёва. І здарылася: ліст ад паэта, што засланіў сабою восеньскую слоту.
У розных артыкулах называліся розныя гады ягонага нараджэньня. Спыталася, чаму. Цікавы адказ атрымала. Гэтая блытаніна паўстала з 1950-га, калі Масей Сяднёў рыхтаваўся пакінуць Нямеччыну і зьехаць, дакладней, сплысьці за акіян. Ня так проста гэта было зрабіць...
Шмат нядобрага, брыдкага выцягваецца зараз на сьвет праз успаміны, эпісталярый эміграцыі. А пра Масея Сяднёва ці не найбольш. І з часу ягонае працы ў Індыянскім унівэрсытэце, і галоўным рэдактарам на Радыё Свабода ў Мюнхэне. Ці патрэбна? Напэўна, патрэбна. Каб ня зьнікла праўда. Толькі яна, гэта ўсім зразумела, у кожнага свая. Добра тое, што да шырокага чытача, абмежаваная невялікімі тыражамі і яшчэ меншаю абазнанасьцю, тая праўда не даходзіць.
Для мяне ён назаўсёды застанецца Паэтам, асобай, цікавым чалавекам, зь якім пашчасьціла сумовіцца, няхай нават праз акіян. Ягоныя лісты былі ня толькі лірычна-сьветлымі, але заўсёды бадзёра-аптымістычнымі. Мог пажартаваць і тады, калі было балюча. Тым самым боль адпрэчваючы. А болю было аж надта. Сама таксама імкнулася не згубіць веры ў вартасьць жыцьця. Так міла ўгледзець цяпер напрыканцы ягонага ліста ад 18.10.2000: «Канчаю Тваім: „Як хочацца жыць! І як хораша — жыць!“» А ў апошнім лісьце: «Схапіў мяне артрытыс плячэй і шыі, ня мог павярнуць галавы ў той ці іншы бок, крычэў на ўсю Всяленную. Далі зашчык лекаў і адпусьцілі (з шпіталя). І я цяпер О.К.». З тым О.К. ён і пайшоў у вечнасьць.
У тым часе ў горадзе ўжо было цяжка слухаць РС. Немагчыма было вылавіць з шумнае неразьбярыхі чысты голас. Таму й ня слухала. Але на самым зыходзе таго лютаўскага дня пачала круціць прыймач, адкуль данёсься скрушны голас Лідзіі Савік. Дасьледчыца гаварыла пра тое, што Масея Сяднёва ня стала. Было гэта пятнаццаць гадоў таму.